Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лявіт 27 Лявіт 27 раздзел

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі які чалавек дае шлюбаваньне пасьвяціць душу ГОСПАДУ паводле ацэнкі тваёй,
3 калі гэта будзе мужчына ад дваццаці да шасьцідзесяці гадоў, ён будзе ацэнены ў пяцьдзясят сыкляў срэбра паводле сыкля сьвятыні,
4 а калі жанчына, яна будзе ацэнена ў трыццаць сыкляў.
5 А калі яму ад пяці гадоў да дваццаці будзе ацэнка твая за мужчыну — дваццаць сыкляў, а за жанчыну — дзесяць сыкляў.
6 А калі яму ад аднаго месяца да пяці гадоў, будзе ацэнка твая за мужчыну пяць сыкляў, а за жанчыну — тры сыклі.
7 А калі яму ад шасьцідзесяці гадоў і вышэй, будзе ацэнка твая за мужчыну пятнаццаць сыкляў, а за жанчыну — дзесяць сыкляў.
8 А калі хто такі бедны, каб заплаціць ацэнку тваю, няхай паставяць яго перад абліччам сьвятара, і ацэніць яго сьвятар паводле таго, што можа даць рука яго, і няхай тое дасьць.
9 Калі гэта будзе быдла, якое складаецца ў ахвяру ГОСПАДУ, тады ўсё, што шлюбаваў для ГОСПАДА, ёсьць сьвятым.
10 Нельга яго замяніць, ані лепшае — горшым, ані горшае — лепшым. А калі хто заменіць быдла на быдла, і тое, што заменена, і на што заменена, будзе сьвятым для ГОСПАДА.
11 А калі гэта будзе жывёла нячыстая, якой нельга складаць у ахвяру ГОСПАДУ, няхай паставяць яе перад абліччам сьвятара,
12 і сьвятар ацэніць яе, ці яна добрая, ці благая, і як ацэніць яе сьвятар, так і будзе.
13 Калі хто [захоча] выкупіць яе, няхай дадасьць пятую частку да ацэнкі яго.
14 Калі хто пасьвяціць дом свой ГОСПАДУ як сьвятую рэч, тады сьвятар ацэніць той дом, ці ён добры, ці благі. Як сьвятар ацэніць яго, так і будзе.
15 А калі той, хто пасьвяціў яго, [захоча] выкупіць дом свой, няхай дадасьць пятую частку кошту яго, і будзе яго.
16 Калі хто пасьвяціць ГОСПАДУ [частку] поля ўласнасьці сваёй, ацэнка твая павінна быць паводле зерня на засеў: за засеў гомару ячменя — пяцьдзясят сыкляў срэбра.
17 Калі хто пасьвяціць поле сваё ў год юбілейны, твая ацэнка будзе важная.
18 Калі ж хто пасьвяціць зямлю сваю пасьля году юбілейнага, тады сьвятар палічыць срэбра паводле гадоў, якія застаюцца да наступнага году юбілейнага, і зьменшыць ацэнку.
19 Калі той, хто пасьвяціў поле, хоча выкупіць яго, няхай дадасьць пятую частку вышэй ацэнкі тваёй, і будзе яго.
20 А калі ён ня выкупіць поля, і калі гэтае поле будзе прададзена некаму іншаму, яно ня можа быць выкупленае.
21 І станецца поле гэтае ў годзе юбілейным свабодным, сьвятым для ГОСПАДА, як поле пад закляцьцем. Станецца яно ўласнасьцю сьвятара.
22 А калі хто пасьвяціць ГОСПАДУ поле набытае, якое не з уласнасьці ягонай,
23 тады сьвятар палічыць вялікасьць ацэнкі тваёй да юбілейнага году, і павінен ён аддаць у той самы дзень ГОСПАДУ [кошт] ацэнкі тваёй як сьвятыню.
24 У год юбілейны зямля вернецца да таго, ад каго была куплена, чыёй была ўласнасьцю.
25 Кожная ацэнка твая павінна быць паводле сыклю сьвятыні. Адзін сыкль будзе дваццаць гераў.
26 Першароднае з быдла, якое першароднае для ГОСПАДА, ці то вол, ці то баран, ніхто ня можа пасьвяціць [Госпаду], бо яны — ГОСПАДАВЫ.
27 Калі гэта жывёла нячыстая, можна яе выкупіць паводле ацэнкі тваёй, дадаючы да яе адну пятую. Калі ня будзе выкуплена, будзе прададзена паводле ацэнкі тваёй.
28 Калі хто пасьвяціць штосьці з уласнасьці сваёй ГОСПАДУ як заклятае: чалавека, жывёлу або поле ўласнасьці сваёй, ня будзе гэта ані прададзена, ані выкуплена. Кожная [рэч] заклятая — гэта сьвятое сьвятых для ГОСПАДА.
29 Ніводзін чалавек, які пасьвячоны ГОСПАДУ як закляцьце, ня можа быць выкуплены, але сьмерцю памрэ.
30 Кожная дзесяціна зямлі з пасеву зямлі і з пладоў дрэваў [належыць] ГОСПАДУ, гэта сьвятое для ГОСПАДА.
31 Калі б хто хацеў выкупіць [частку] дзесяціны сваёй, няхай дадасьць да яе адну пятую.
32 Кожная дзесяціна з валоў і авечак, усё дзясятае, што праходзіць пад кіем пастуха, пасьвячона ГОСПАДУ.
33 Ня будзе адрозьнівацца, што добрае, а што благое, і ня будзе рабіцца ніякай замены. Калі хто зробіць замену, абедзьве жывёлы будуць пасьвячоныя ГОСПАДУ. Ня будуць яны выкупленыя».
34 Гэта прыказаньні, якія даў ГОСПАД Майсею для сыноў Ізраіля на гары [Сынай].
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лявіт, 27 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.