Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Святарская 24 Кніга Святарская 24 раздзел

1 Далей казаў Госпад Майсею:
2 «Загадай сынам Ізраэля, каб прынеслі табе найчысцейшага алею з аліўкавых дрэў ды празрыстага для пастаяннага гарэння свечак падсвечніка.
3 Будзе рыхтаваць яго Аарон за заслонай, што павешана перад сведчаннем у палатцы сустрэчы, каб гарэў заўсёды ад вечара аж да раніцы перад Госпадам. Гэта пастанова вечная для пакаленняў вашых.
4 Будзе рыхтаваць ён заўсёды свечкі на найчысцейшым падсвечніку перад абліччам Госпада.
5 Вазьмі таксама мукі і спячы з яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінна быць дзве дзесятыя [эфы].
6 Пасля пакладзеш іх у два рады, па шэсць у кожным радзе, на вельмі чыстым стале перад Госпадам,
7 ды пакладзеш на кожны рад найчысцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра агнявая для Госпада.
8 У кожную суботу пастаянна будуць мяняць іх перад Госпадам як дар ад сыноў Ізраэля; гэта вечная дамова.
9 Яны будуць належаць Аарону і яго сынам, каб спажывалі іх у асвячоным месцы, бо гэта святыя рэчы для яго паміж ахвяр агнявых для Госпада. Гэта пастанова вечная».
10 Між сынамі Ізраэля знаходзіўся сын адной ізраэлькі, якога нарадзіла яна ад егіпцяніна. У лагеры ён палаяўся з адным ізраэльцам,
11 і сын ізраэлькі зблюзніў супраць імя [Госпада] і пракляў Яго. Прывялі яго да Майсея. Маці яго называлася Саламіт, дачка Дабры, з пакалення Дана.
12 Аддалі яго пад варту, пакуль не даведаюцца, што загадае Госпад.
13 І Госпад сказаў Майсею:
14 «Выведзі блюзнерцу за лагер, і ўсе, якія яго чулі, пакладуць рукі свае на яго галаву, і ўвесь сход укамянуе яго.
15 А сынам Ізраэля скажы: “Чалавек, які зблюзніць супраць Бога свайго, панясе грэх свой.
16 І хто зблюзніць супраць імя Госпада, будзе пакараны смерцю. Увесь сход укамянуе яго, ці ён будзе прышэлец, ці тутэйшы. Хто блюзніць на імя Госпада, той будзе пакараны смерцю.
17 Хто ўдарыць і заб’е чалавека, будзе пакараны смерцю.
18 Хто заб’е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: гэта значыць жывёлу за жывёлу.
19 Калі хто скалечыць кагосьці з суайчыннікаў сваіх, то, як ён зрабіў, так і яму зробяць.
20 Хай вернецца пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. Якім чынам ён скалечыў, тое ж самае прыйдзецца яму сцярпець.
21 Хто заб’е жывёлу, аддасць іншую; хто заб’е чалавека, будзе пакараны смерцю.
22 Роўны суд хай будзе ў вас, ці прыхадзень зграшыць, ці тутэйшы. Бо Я — Госпад, Бог ваш!”»
23 Потым загадаў Майсей сынам Ізраэля, каб вывелі таго, хто зблюзніў, за лагер і каб закідалі камянямі. І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Святарская, 24 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.