Библия Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Святарская, 3 Кніга Святарская, 3 глава

1 Калі яго ахвяра будзе ахвярай прымірэння і ён захоча скласці яе з валоў, самца або самку без заганы хай складае Госпаду;
2 і паложыць руку сваю на галаву сваёй ахвяры, якую заб’е перад уваходам у палатку сустрэчы, а пасля святары, сыны Аарона, пальюць ахвярнік крывёю [яе] наўкола.
3 І складуць яны з ахвяры прымірэння ў ахвяру цэласпалення Госпаду тлушч, які пакрывае нутро, ды ўсё тое, што прылягае да гэтага тлушчу,
4 а таксама дзве ныркі і тлушч, які іх пакрывае каля вантробаў, а ён аддзеліць сальнік печані, што каля нырак.
5 І сыны Аарона спаляць гэта на ахвярніку як цэласпаленне на дровах, якія на агні: гэта ахвяра цэласпалення на мілы пах Госпаду.
6 Калі ж яго ахвяра будзе з дробнай жывёлы, як ахвяра прымірэння для Госпада, хай складае ахвяру з жывёлы без заганы, самца або самку.
7 Калі авечку прыносіць хто ў ахвяру перад Госпадам,
8 хай пакладзе руку на галаву ахвяры сваёй і заб’е яе перад палаткаю сустрэчы, а сыны Аарона пакропяць крывёй яе ахвярнік наўкола,
9 ды складзе з ахвяры прымірэння ў ахвяру цэласпалення Госпаду тлушч, і хай адрэжа ўвесь курдзюк, што каля спіны, і адрэжа яго па самую хрыбетную косць, і тлушч, які пакрывае нутро, ды ўвесь тлушч, што прылягае да вантробаў,
10 і абедзве ныркі разам з тлушчам, які каля вантробаў, ды аддзеліць сальнік печані, што каля нырак.
11 І святар спаліць гэта на ахвярніку: [гэта] хлеб і цэласпальная ахвяра Госпаду.
12 Калі каза будзе яго ахвярай, хай складзе яе перад Госпадам,
13 і пакладзе ён руку сваю на галаву яе ды заб’е яе перад палаткай сустрэчы. І сыны Аарона пальюць крывёй яе ахвярнік наўкола.
14 І складзе ён з яе ахвяру сваю на спаленне для Госпада: тлушч, які пакрывае нутро, разам увесь тлушч, які прылягае да вантробаў,
15 дзве ныркі разам з тлушчам, які на іх каля вантробаў, ды аддзеліць сальнік печані, што каля нырак, які на вантробах; з ныркамі хай аддзеліць яго.
16 І святар спаліць гэта на ахвярніку: ежа агню на прыемны пах і ўвесь тлушч для Госпада.
17 Гэта пастанова вечная для пакаленняў і для ўсіх паселішчаў вашых: ані тлушчу, ані крыві зусім не ежце”».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 3 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.