1 Вось што сказаў Госпад Майсею:
2 «Гавары сынам Ізраэля: Калі хто празь няўвагу саграшыць адносна прыказаньняў Госпада, забараняючых нешта рабіць, а ён гэта зрабіў бы,
3 дык калі гэтага грэху дапусьціцца памазаны сьвятар, так што яго віна спадае на народ, то складзе ён у ахвяру Госпаду як перамольную ахвяру за дапушчаны грэх маладога бычка без заганы.
4 І прывядзе бычка да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы перад Госпада, і паложыць руку на галаву яго, ды заб'е яго перад Госпадам.
5 Потым памазаны сьвятар возьме крыві таго бычка і ўнясе ў Палатку Сустрэчы.
6 Пасьля памочыць сьвятар палец у крыві і пакропіць крывёй сем разоў перад Госпадам, перад заслонай Месца Сьвятога;
7 Потым памажа сьвятар крывёй рагі ахвярніка пахкага каджэньня, каторы перад Госпадам у Палатцы Сустрэчы, а рэшту крыві бычка вылье ён на падставу ахвярніка цэлапальных ахвяраў, каторы стаіць перад уваходам у Палатку Сустрэчы.
8 І выме з ахвяраванага бычка ўвесь тлушч, пакрываючы нутро, і ўсю тлустасьць, каторая на нутры,
9 і абедзьве ныркі разам з тлушчам, які над імі, каторы дастае да сьцёгнаў, а такжа тлушч, каторы на вантробе; разам з ныркамі хай аддзеліць яго,
10 такім жа чынам, як аддзяляецца тлушч бычка ахвяры прымірэньня. І спаліць сьвятар усё гэта на ахвярніку цэлапаленьня.
11 А скуру цяляці, усё мяса яго, галаву яго, ногі ягоныя, і нутро яго, і нячыстасьць яго,
12 значыць, усяго бычка хай вынясуць па-за табар; на чыстае месца, дзе высыпаюць попел, і там хай будзе спалены агнём на дровах.
13 Калі ўся супольнасьць Ізраэля саграшыць празь няўвагу, і схавана гэта будзе перад вачыма сабраньня Госпадавага, што такім чынам правініліся супраць прыказаньняў Госпадавых,
14 а потым яны зразумеюць грэх, якім саграшылі, дык хай прывядуць да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы бычка ў ахвяру за грэх.
15 Тады старшыні супольнасьці ўскладуць рукі на галаву бычка перад Госпадам, і той бычок будзе забіты перад Госпадам.
16 Памазаны сьвятар унясе ў Палатку Сустрэчы частку крыві цяляці,
17 пасьля памочыць палец у крыві ды пакропіць сем разоў перад Госпадам перад заслонай.
18 І памажа тою крывёю рагі ахвярніка, каторы перад Госпадам у Палатцы Сустрэчы, а застаўшуюся кроў вылье на падставу ахвярніка цэлапаленьня, каторы ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.
19 А ўвесь тлушч яго аддзеліць ад яго і спаліць на ахвярніку.
20 І зробіць з бычком тое, што робіцца з бычком ахвяры за грэх; так павінен зрабіць зь ім.Так ачысьціць іх сьвятар, і будзе даравана ім.
21 І вынясе бычка па-за табар, і спаліць яго так, як спаліў папярэдняга бычка. Гэта ахвяра перамольная за грэх супольнасьці.
22 Калі саграшыць начальнік і празь няўвагу дапусьціцца нечага, што забараняецца прыказаньнем Госпада, Бога ягонага, ды гэтак правініцца,
23 то калі будзе даказаны грэх яго, якім саграшыў, хай прывядзе ў ахвяру Госпаду казла без заганы.
24 І паложыць ён руку сваю на галаву ягоную ды заб'е яго на месцы, дзе забіваюцца ахвяры цэлапаленьня перад Госпадам. Гэта ахвяра за грэх.
25 І памочыць сьвятар палец у крыві ахвяры за грэх, ды памажа ёю рагі ахвярніка цэлапаленьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка цэлапаленьня.
26 А ўвесь тлушч яго спаліць на ахвярніку, падобна як тлушч ахвяры прымірэньня. Так вось ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, і будзе яму даравана.
27 Калі хто спаміж народу зямлі празь няўвагу саграшыць і дапусьціцца таго, што прыказаньнем Госпада забараняецца, і гэтак правініцца,
28 то калі будзе выяўлены яму грэх ягоны, якім саграшыў, хай прывядзе ў ахвяру за грэх свой казу без заганы.
29 Пасьля паложыць руку на галаву ахвяры за грэх, ды заб'е яе на месцы ахвяры цэлапаленьня.
30 Сьвятар возьме пальцам сваім крыві і памажа ёю рагі ахвярніка цэлапаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярніка.
31 Потым аддзеліць увесь тлушч так, як быў аддзелены тлушч ахвяры прымірэньня. І спаліць яго сьвятар на ахвярніку на мілы пах Госпаду. Так ачысьціць яго сьвятар, і грэх будзе яму адпушчаны.
32 А калі хто захоча скласьці за грэх авечку, то хай прывядзе авечку без заганы,
33 узложыць руку на яе галаву ды заб'е яе як ахвяру за грэх на месцы, дзе забіваюць ахвяры цэлапаленьня.
34 Потым возьме сьвятар пальцам сваім крыві і памажа рагі ахвярніка цэлапаленьня, а астатак вылье на падставу ахвярніка.
35 А ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляецца лой авечкі з ахвяры прымірэньня, ды спаліць яго сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду. Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён саграшыў, і будзе яму даравана.