Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская, 6 Кніга Святарская, 6 глава

1 Вось што сказаў Госпад Майсею:
2 «Калі хто саграшыць і дапусьціцца праступку перад Госпадам тым, што адмовіцца аддаць бліжняму тое, што яму было дадзена на захаваньне, або што яму было дадзена ў заклад, або што было ім скрадзена, або што адабрана яшчэ якім чынам (у бліжняга),
3 або калі знайшоў ён згубленую рэч і запярэчыў гэтаму, або што фальшыва сьведчыў адносна якой рэчы, празь якую чалавек можа саграшыць,
4 вось жа хто так саграшыў і мусіць аднагарадзіцца, павінен аддаць тое, што ўкраў, або тое, што адабраў, або што яму было даручана на захаваньне, або згубленае, што ён знайшоў,
5 або рэч, адносна каторай прысягаў фальшыва, і хай ён верне поўную вартасьць той рэчы, дадаючы пры тым да яе пятую частку яе вартасьці. Павінен ён аддаць гэта ўласьніку ў той самы дзень, калі будзе складаць ахвяру аднагараджэньня.
6 А за праступак ахвяруе ён Госпаду ягнё без заганы са статку, паводле ацаненьня твайго, на ахвяру аднагараджэньня, і прывядзе яго да сьвятара.
7 І ачысьціць сьвятар яго перад Госпадам, і дараваны будзе яму праступак, якім саграшыў».
8 Вось што сказаў Госпад Майсею:
9 «Загадай Аарону і сынам ягоным, кажучы: Вось закон адносна ахвяры цэлапаленьня: Ахвяра цэлапаленьня будзе прыносіцца на вогнішчы на ахвярніку ўсю ноч аж да раніцы, і агонь ахвярніка будзе на ім гарэць.
10 Сьвятар адзенецца ў ільняную шату і льняную бялізну, і зьбярэ попел ахвяры цэлапаленьня, каторую спаліў агонь на ахвярніку, і высыпе каля ахвярніка.
11 Потым здыме зь сябе адзеньне сваё, а адзене на цела другое адзеньне, і вынясе попел за табар на чыстае месца.
12 Агонь жа на ахвярніку будзе гарэць заўсёды і ня будзе гаснуць. На ім сьвятар кожную раніцу будзе паліць дровы, і будзе складаць ахвяру цэлапаленьня, і паліць на ім тлушч ахвяраў прымірэньня.
13 Агонь будзе заўсёды гарэць на ахвярніку, і ніколі ня згасьне.
14 Гэтакі закон адносна ахвяраў зь яды: Сыны Ааронавы павінны прыносіць іх перад аблічча Госпада перад ахвярнікам.
15 Сьвятар возьме жменю мукі, палітай алеем, з усім кадзілам, пакладзеным на муку, і спаліць на ахвярніку на мілы пах як напамін Госпаду.
16 Астатак жа мукі хай зьядуць Аарон з сынамі сваімі, хлеб прэсны хай ядуць на сьвятым месцы, на панадворку Палаткі Сустрэчы.
17 Таму вось не пячыце хлябоў квашаных. Гэта частка, каторую Я даю ім з Маіх ахвяраў агнявых. Гэта ахвяра найсьвяцейшая, як і ахвяра за грэх, і ахвяра аднагараждэньня.
18 Толькі мужчыны з патомства Аарона будуць яе есьці. Гэта закон вечны для вашых пакаленьняў адносна ахвяраў цэлапальных Госпаду. Кожны, хто іх дакранецца, будзе асьвечаны».
19 Далей казаў Госпад Майсею:
20 «Гэта вось ахвяра Аарона і сыноў ягоных, якую павінны яны складаць Госпаду ў дзень іхняга памазаньня: Будуць яны складаць ахвяру штодзённую зь дзесятай часткі эфы мукі пшанічнай: палову яе на раніцы і палову — вечарам.
21 Яна павінна быць прыгатавана з алеем на патэльні. Прынясеш яе цёплую і ахвяруеш яе, падзеленую на кавалкі, на мілы пах Госпаду.
22 Сьвятар, памазаны на месца бацькі свайго, зробіць гэта. Гэта закон вечны. Ахвяра цалкам павінна быць спалена для Госпада.
23 Кожная бо хлебная ахвяра сьвятара будзе спалена агнём, і ніхто ня будзе есьці яе».
24 Зноў казаў Госпад Майсею:
25 «Скажы Аарону і сынам ягоным: Такі вось закон адносна ахвяры за грэх: Ахвяра за грэх павінна быць забівана перад Госпадам на тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэлапаленьня. Гэта справа сьвятая.
26 Сьвятар, каторы будзе складаць ахвяру за грэх, будзе яе есьці на сьвятым месцы, на панадворку Палаткі Сустрэчы.
27 Кожны, хто дакранецца яе мяса, будзе асьвечаны. А калі кроўю яе будзе апырскана адзеньне, то апырсканае абмый на сьвятым месцы.
28 Калі тое мяса будзе варана ў пасудзіне глінянай, то яе трэба разьбіць, а калі пасудзіна мядзяная, то павінна быць яна добра вышаравана і выпаласкана.
29 Кожны мужчына са сьвятарскага роду будзе есьці яе, бо гэта сьвятая рэч.
30 А ўсякую ахвяру за грэх, кроў каторай уносяць ў Палатку Сустрэчы для ачышчэньня ў Месцы Сьвятым, ніхто хай ня есьць, але спальваецца яна агнём.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 6 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.