1 Вось закон адносна ахвяры аднагараджэньня. Гэта сьвятая рэч.
2 На тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэлапаленьня, будуць забіваць ахвяру аднагараджэньня, і кроў яе выльюць вакол ахвярніка;
3 але ўвесь тлушч зь яе будзе складзены ў ахвяру: курдзюк, тлушч, пакрываючы нутро,
4 абедзьве ныркі, а тлушч на вантробе разам з ныркамі хай будзе аддзелены.
5 Спаліць гэта ўсё сьвятар на ахвярніку на мілы пах Госпаду. Такая вось ахвяра аднагараждэньня.
6 Кожны мужчына са сьвятарскага роду будзе спажываць гэтае мяса на сьвятым месцы. Бо гэта вялікая сьвятая рэч.
7 Для ахвяры за грэх і для ахвяры аднагараджэння закон адзін: Яна належыць сьвятару, каторы складаў гэтую ахвяру.
8 Сьвятар, каторы складае ахвяру цэлапаленьня, атрымоўвае скуру жывёлы, каторую склаў ў ахвяру.
9 Таксама кожная ахвяра зь яды, смажаная ў печы, у гаршчку або на патэльні, належыць сьвятару, каторым гэтая ахвяра складзена.
10 Але кожная ахвяра зь яды з алеем або сухая, належыць усім сынам Аарона, як адному, так і другому.
11 Вось закон адносна ахвяры прымірэньня, каторую складаюць Госпаду:
12 Калі хто складае гэтую ахвяру як падзяку, то хай далучыць да гэтай ахвяры падзякі таксама прэсныя аладкі з алеем, і прэсныя сухарыкі, запраўленыя алеем, і пшанічную муку з алеем.
13 Таксама хай прыносіць аладкі зь цеста квашанага пры ахвяры прымірэньня ў падзяку.
14 З усіх ахвяраў хай адна будзе ахвяраваная як асаблівы дар Госпаду. Яна будзе належаць сьвятару, каторы вылье кроў прымірэньня.
15 Мяса ахвяраў прымірэньня ў падзяку мусіць быць зьедзена ў той самы дзень, нельга нічога зь іх пакідаць да раніцы.
16 Калі хто складае ахвяру як шлюбаваньне або з добрай волі, то ахвяру яго трэба есьці ў дзень ахвяраваньня, але і на другі дзень можна есьці застаўшаеся.
17 Калі што застанецца на трэці дзень, тое трэба спаліць.
18 Калі хто зьесьць штосьці з ахвяры прымірэньня на трэці дзень, то такая ахвяра ня будзе прынятая; ня будзе яна залічана таму, хто яе склаў, бо гэта зьнявага; а той, хто будзе яе есьці, дапусьціцца грэху.
19 Мяса, каторае дакраналася чаго нячыстага, нельга есьці, але спальваецца яно на агні; а мяса чыстае можа есьці кожны чысты.
20 Калі аднак хто, будучы ў нячыстасьці, будзе есьці мяса ахвяры прымірэньня, каторая для Госпада, то будзе выключаны з народу свайго.
21 Калі хто дакранецца якойсьці нячыстасьці чалавечай, або нячыстасьці жывёлы, або нячыстага паўзуна, і будзе есьці мяса ахвяры прымірэньня, каторая для Госпада, той будзе выключаны з народу свайго».
22 Далей казаў Госпад Майсею:
23 «Скажы сынам Ізраэля: Нельга вам есьці тлушч цялят, авец і казлоў.
24 Можна карыстацца тлушчам зьвяроў мёртвых або разьдзёртых у кожнай патрэбе, але ня ешце яго;
25 калі хто будзе есьці тлушч жывёлаў, складаных на ахвяру цэлапаленьня для Госпада, той будзе выключаны з народу свайго.
26 Дзе толькі будзеце жыць, нельга вам есьці ніякай крыві, ані крыві птушак, ані крыві быдла.
27 Хто будзе есьці якую-колечы кроў, той будзе выключаны з народу свайго».
28 Далей казаў Госпад Майсею:
29 «Скажы сынам Ізраэля: Хто складае ахвяру прымірэньня для Госпада, хай прынясе свой дар Госпаду з ахвяры прымірэньня.
30 Сваімі рукамі хай прынясе ён ахвяру агнявую для Госпада: тлушч з грудзіны і грудзіну, каб трэсьці імі перад Госпадам.
31 Тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным.
32 Таксама правую лапатку аддасьцё сьвятару як частку сьвятарскую з ахвяраў прымірэньня.
33 Каторы з сыноў Аарона складае ў ахвяру кроў і тлушч ахвяры прымірэньня, той як сваю частку атрымае правую лапатку,
34 бо грудзіну патрасаную і лапатку падыманую Я бяру ад сыноў Ізраэля зь іхніх ахвяраў прымірэньня і даю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечны закон ад усяго народа Ізраэльскага».
35 Гэта ёсьць частка з ахвяраў, паленых для Госпада, каторая належыцца Аарону і сынам ягоным ад дня пасьвячэньня іх на сьвятароў Госпадавых.
36 У дзень, калі іх Госпад памазаў, загадаў Ізраэлю даваць ім гэта. Гэта пастанова вечная ў пакаленьні іхнія.
37 Гэта вось закон адносна ахвяры цэлапаленьня, ахвяры зь яды, ахвяры за грэх, ахвяры аднагараджэньня, ахвяры пасьвячэньня і ахвяры прымірэньня.
38 Гэта загадаў Госпад Майсею на гары Сынай ў дзень, калі загадаў сынам Ізраэля складаць ахвяры Госпаду ў пустыні Сынайскай.