Библия Чарняўскі-02 Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская, 16 Кніга Святарская, 16 глава

1 Вось што сказаў Госпад Майсею па сьмерці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча Госпада і былі забітыя,
2 і загадаў яму: «Скажы Аарону, брату твайму, каб ня ў кожны час уваходзіў у Месца Найсьвяцейшае за заслону перад накрыўкай, каторая на Каўчэгу, каб ён не памёр, калі Я буду аб'яўляцца ў воблаку над накрыўкай.
3 Вось такім спосабам будзе ён уваходзіць у Месца Найсьвяцейше — узяўшы маладое цялё ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэлапаленьня.
4 І хай адзенецца ён у шату сваю льняную, у споднія льняныя, перапаяшацца паясом ільняным, а на галаву ўскладзе льняны кідар — гэта сьвятыя шаты. Хай абмые цела сваё вадою і апране іх.
5 Ад супольнасьці сыноў Ізраэля возьме двух казлоў: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэлапаленьня.
6 Потым Аарон прывядзе цялё ў ахвяру за грэх за сябе і ачысьціць сябе і дом свой.
7 І возьме двух казлоў, і паставіць іх перад Госпадам перад уваходам у Палатку Сустрэчы.
8 Пасьля кіне Аарон жэрабя на гэтых казлоў: адно жэрабя для Госпада, а другое жэрабя для Азазэля.
9 Потым Аарон прывядзе таго казла, на каторага выпала жэрабя для Госпада, і складзе яго ў ахвяру за грэх,
10 а казла, на каторага выпала жэрабя для Азазэля, паставіць жывога перад Госпадам, каб даканаць ачышчэньне і каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню.
11 Потым Аарон прывядзе цялё ў ахвяру за грэх за сябе і на перамаленьне за сябе і за свой дом, і заб'е цялё ў ахвяру за грэх за сябе.
12 Пасьля возьме поўную кадзільніцу напаленых вуглёў з ахвярніка, каторы перад Госпадам, і поўныя жмені пахкага тоўчанага кадзіла і занясе за заслону;
13 і кіне кадзіла на агонь перад Госпадам. Воблака кадзіла закрые накрыўку, каторая над Каўчэгам Сьведчаньня, і так не памрэ.
14 Далей возьме крыві цяляці і пакрапіць пальцам сваім перад накрыўкай з усходу. Сем разоў пакрапіць перад накрыўкай пальцам, змочаным у крыві.
15 Потым заб'е казла за грэх народу, і ўнясе кроў яго за заслону, і зробіць з крывёй яго тое самае, што зрабіў з крывёй цяляці, і пакрапіць ёю накрыўку зьверху і сьпераду,
16 і ачысьціць Месца Сьвятое ад нячыстасьці сыноў Ізраэля і ад злачынстваў іх паводле ўсіх іхніх грахоў. Гэтак сама зробіць ён з Палаткаю Сустрэчы, якая знаходзіцца ў іх сярод іх нячыстасьці.
17 Ніводзін чалавек не павінен быць у Палатцы Сустрэчы ад хвіліны, калі Аарон увойдзе, каб даканаць ачышчэньне ў Месцы Найсьвяцейшым, аж пакуль ён ня выйдзе. Вось так ачысьціць ён сябе, дом свой ды ўсю супольнасьць Ізраэлеву.
18 Потым выйдзе да ахвярніка, каторы перад Госпадам, і ачысьціць яго. Возьме крыві бычка і крыві казла і памажа ёю рагі ахвярніка з усіх бакоў,
19 і пакрапіць сем разоў яго пальцам, умочаным у крыві. Такім чынам ачысьціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраэля і асьвяціць яго.
20 Калі ўжо скончыць ачышчэньне Месца Сьвятога, Палаткі Сустрэчы і ахвярніка, тады прывядзе жывога казла.
21 І ўскладзе Аарон абедзьве рукі на галаву жывога казла, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраэля, усе іхнія злачынствы ды ўсе грахі іхнія, узложыць іх на галаву казла і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню.
22 Такім спосабам казёл забярэ з сабой усе іхнія правіны ў зямлю бязьлюдную, і выганіць ён казла ў пустыню.
23 Тады Аарон увойдзе ў Палатку Сустрэчы, здыме шаты льняныя, каторыя надзеў, уваходзячы ў Месца Сьвятое, ды пакладзе іх там.
24 І абмые цела вадою ў сьвятым месцы, ускладзе шаты, і выйдзе, і складзе ахвяру цэлапаленьня за сябе і за народ, і ачысьціць сябе і народ.
25 Таксама тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку.
26 А чалавек, каторы выгнаў казла для Азазэля, памые адзеньне, абмые цела вадою, а потым вернецца ў табар.
27 А бычка за грэх і казла за грэх, каторых кроў унесена была для ачышчэньня Месца Сьвятога, вынясуць за табар і спаляць разам са скураю, мясам і нячыстасьцю іхняй.
28 Той, хто спаліць іх, вымые адзеньне сваё і абмые цела сваё вадою, а пасьля вернецца ў табар.
29 Гэта будзе вам вечнай пастановай: у сёмы месяц, у дзесяты дзень месяца, прыгнятайце душы вашыя пакутаю, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыбылец, каторы паселіцца паміж вамі.
30 У той дзень будзе перамаленьне вашае дзеля ачышчэньня ад усіх грахоў вашых, каб былі вы чыстымі перад абліччам Госпада.
31 Гэта для вас субота супачынку, прыгнятайце душы вашыя пакутаю. Гэта пастанова вечная.
32 Ачышчаць будзе сьвятар, каторы быў памазаны і пасьвячаны на сьвятарства на месца бацькі свайго. І ўскладзе ён на сябе льняныя шаты, адзеньне сьвятое,
33 і ачысьціць Месца Найсьвяцейшае і Палатку Сустрэчы, ахвярнік, а таксама сьвятароў і ўвесь народ супольнасьці.
34 Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год ачышчаць сыноў Ізраэля ад усіх іхніх грахоў». І зрабіў ён, як загадаў Госпад Майсею.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 16 глава. Пераклад Чарняўскага 2002

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.