Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Лявіт 10 Лявіт 10 раздзел

1 Надаў і Авіуд, сыны Ааронавыя, узялі кожны сваю кадзільніцу і паклалі ў іх агню, і паклалі ў яго дымленьняў, і прынесьлі прад Госпада агонь чужы, якога Ён не загадваў ім;
2 і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і памерлі яны перад абліччам Гасподнім.
3 І сказаў Гасподзь Аарону: вось, пра што казаў Гасподзь, калі сказаў: у тых, што набліжаюцца да Мяне, асьвячуся і перад усім народам праслаўлюся. Аарон маўчаў.
4 І паклікаў Майсей Місаіла і Элцафана, сыноў Ізііла, дзядзькі Ааронавага, і сказаў ім: ідзеце, вынесьце братоў вашых са сьвяцілішча за табар.
5 І пайшлі і вынесьлі іх у хітонах іхніх за табар, як сказаў Майсей.
6 А Аарону і Элеазару і Ітамару, сынам ягоным, Майсей сказаў: галоваў вашых не агаляйце і вопраткі вашай не разьдзірайце, каб вам не памерці і не навесьці гневу на ўсё супольства; але браты вашыя, увесь дом Ізраілеў, могуць плакаць па спаленых, якіх спаліў Гасподзь,
7 і зь дзьвярэй скініі сходу ня выходзьце, каб не памерці вам, бо на вас алей памазаньня Гасподняга. І зрабілі паводле слова Майсея.
8 І сказаў Гасподзь Аарону, кажучы:
9 віна і моцных напояў ня пі і сыны твае з табою, калі ўваходзіце ў скінію сходу, каб не памерці; гэта вечная пастанова ў роды вашыя,
10 каб вы маглі адрозьніваць сьвяшчэннае ад несьвяшчэннага і нячыстае ад чыстага,
11 і вучыць сыноў Ізраілевых усім статутам, якія выказаў ім Гасподзь праз Майсея.
12 І сказаў Гасподзь Аарону і Элеазару і Ітамару, астатнім сынам ягоным: вазьмеце прынашэньне хлебнае, якое засталося ад ахвяраў Гасподніх, і ежце яго прэснае каля ахвярніка, бо гэта вялікая сьвятыня:
13 і ежце яго на сьвятым месцы, бо гэта дзялянка твая і дзялянка сыноў тваіх з ахвяраў Гасподніх: так мне загадана;
14 і грудзіну трасеньня і лапатку паднашэньня ежце на чыстым месцы, дзе і сыны твае і дочкі твае з табою, бо гэта дадзена ў дзялянку табе і ў дзялянку сынам тваім зь мірных ахвяраў сыноў Ізраілевых;
15 лапатку паднашэньня і грудзіну трасеньня павінны яны прыносіць з ахвярамі тлушчу, трасучы перад абліччам Гасподнім, і хай будзе гэта вечнай дзялянкай табе і сынам тваім з табою, як загадаў Гасподзь.
16 І казла ахвяры за грэх шукаў Майсей, і вось, ён спалены. І ўгневаўся на Элеазара і Ітамара, астатніх сыноў Ааронавых, і сказаў:
17 чаму вы ня елі ахвяры за грэх на сьвятым месцы? бо яна сьвятыня вялікая, і яна дадзена вам, каб здымаць грахі з супольства, і ачышчае іх перад Госпадам:
18 вось, кроў яе ня ўнесена ў сьвяцілішча, і вы павінны былі есьці яе на сьвятым месцы, як загадана мне.
19 Аарон сказаў Майсею: вось, сёньня прынесьлі яны ахвяру сваю за грэх і цэласпаленьне сваё перад Госпадам, і гэта сталася са мною; калі я сёньня зьем ахвяру за грэх, ці будзе гэта заўгодна Госпаду?
20 І пачуў Майсей і ўхваліў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Лявіт, 10 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.