Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Лявіт 25 Лявіт 25 раздзел

1 І сказаў Гасподзь Майсею на гары Сінай, кажучы:
2 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, тады зямля павінна пакоіцца ў суботу Гасподнюю;
3 шэсьць гадоў засявай поле тваё і шэсьць гадоў абразай вінаграднік твой і зьбірай утворы іх,
4 а ў сёмы год хай будзе субота спакою зямлі, субота Гасподняя: поля твайго не засявай і вінаградніка твайго не абразай;
5 што самое вырасьце пасьля жніва твайго, ня зжынай, і гронак зь неабрэзаных лозаў тваіх ня здымай: хай гэта будзе год спакою зямлі;
6 і будзе гэта праз усю суботу зямлі ўсім вам ежаю, табе, і рабу твайму, і рабыні тваёй, і найміту твайму, і пасяленцу твайму, і таму, хто пасяліўся ў цябе;
7 і быдлу твайму і зьвярам, якія на зямлі тваёй, хай будуць усе ўтворы яе ежаю.
8 І налічы сабе сем суботніх гадоў, сем разоў па сем гадоў, каб было ў цябе ў сямі суботніх гадах сорак дзевяць гадоў;
9 і затрубі ў трубу ў сёмы месяц, у дзясяты дзень месяца, у дзень ачышчэньня затрубеце ў трубу па ўсёй зямлі вашай;
10 і асьвяцеце пяцідзясяты год і абвясьцеце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе: хай будзе гэта ў вас юбілей; і вярнецеся кожны ў валоданьне сваё, і кожны вярніся ў свой род.
11 Пяцідзясяты год хай будзе ў вас юбілей: ня сейце і ня жнеце, што самое вырасьце на зямлі, і ня зьбірайце ягад зь неабрэзаных лозаў яе,
12 бо гэта юбілей: сьвяшчэнны хай будзе ён вам; з поля ежце ўтворы яе.
13 У юбілейны год вярнецеся кожны ў валоданьне сваё.
14 Калі будзеш прадаваць што блізкаму твайму, альбо будзеш купляць што ў блізкага твайго, ня крыўдзіце адзін аднаго;
15 паводле разьліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у блізкага твайго, і паводле разьліку гадоў прыбытку ён павінен прадаваць табе;
16 калі многа застаецца гадоў, памнож цану; а калі мала гадоў застаецца, паменшы цану, бо пэўную колькасьць гадоў жніва ён прадае табе.
17 Ня крыўдзіце адзін аднаго; бойся Бога твайго, бо Я Гасподзь, Бог ваш.
18 Выконвайце пастановы Мае, і шануйце законы Мае і выконвайце іх, і будзеце жыць спакойна на зямлі;
19 і будзе зямля даваць плод свой, і будзеце есьці ўдосыць і будзеце жыць спакойна на ёй.
20 Калі скажаце, што ж нам есьці ў сёмы год, калі мы ня будзем ні сеяць, ні зьбіраць утвораў нашых?
21 Я пашлю дабраславеньне Маё на вас у шосты год, і ён прынясе ўтворы на тры гады;
22 і будзеце сеяць у восьмы год, але есьці будзеце ўтворы старыя да дзявятага года: пакуль не пасьпеюць утворы яго, будзеце есьці старое.
23 Зямлю нельга прадаваць назаўсёды, бо Мая зямля: вы прыхадні і пасяленцы ў Мяне;
24 па ўсёй зямлі валоданьня вашага дазваляйце выкупляць землі.
25 Калі брат твой зьбяднее і прадасьць з валоданьня свайго, дык прыйдзе блізкі ягоны родзіч і выкупіць прададзенае братам ягоным;
26 а калі ня будзе каму за яго выкупіць, а сам ён будзе мець дастатак і знойдзе, колькі трэба на выкуп,
27 дык няхай ён разьлічыць гады продажу свайго і верне рэшту таму, каму ён прадаў, і ўступіць зноў у валоданьне сваё;
28 а калі ня знойдзе рука ягоная, колькі трэба вярнуць яму, дык прададзенае ім застанецца ў руках пакупца да юбілейнага года, а ў юбілейны год адыдзе яно, і ён зноў уступіць у валоданьне сваё.
29 Калі хто прадасьць жылы дом у горадзе, абнесенным мурам, дык выкупіць яго можна, пакуль пройдзе год ад продажу яго: за год выкупіць яго можна;
30 а калі ня будзе ён выкуплены, пакуль пройдзе год, дык дом, які ў горадзе, што мае мур, застанецца назаўсёды ў пакупца яго ў роды ягоныя і ў юбілей не адыдзе ад яго.
31 А дамы ў селішчах, вакол якіх няма мура, трэба лічыць нароўні з палеткамі зямлі: выкупляць іх можна, і ў юбілей яны адыходзяць.
32 А гарады лявітаў, дамы ў гарадах валоданьня іхняга, лявітам заўсёды можна выкупляць;
33 а хто зь лявітаў ня выкупіць, дык прададзены дом у горадзе валоданьня іхняга ў юбілей адыдзе, бо дамы ў гарадах лявіцкіх складаюць іхняе валоданьне сярод сыноў Ізраілевых:
34 і палёў вакол гарадоў іхніх прадаваць нельга, бо гэта вечнае валоданьне іхняе.
35 Калі брат твой зьбяднее і занепадзе ў цябе, дык падтрымай яго, хай ён прыхадзень, хай пасяленец, каб ён жыў з табою;
36 не бяры зь яго ліхвы і прыбытку і бойся Бога твайго; каб жыў брат твой з табою;
37 срэбра твайго не аддавай яму ў ліхву і хлеба твайго не аддавай яму дзеля прыбытку.
38 Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаанскую, каб быць вашым Богам.
39 Калі зьбяднее ў цябе брат твой і прададзены будзе табе, дык ня ўскладвай на яго працы рабскай:
40 ён павінен быць у цябе як найміт, як пасяленец; да юбілейнага года няхай працуе ў цябе;
41 а тады няхай адыдзе ён ад цябе, сам і дзеці ягоныя зь ім, і вернецца ў род свой і ўступіць зноў у валоданьне бацькоў сваіх, —
42 бо яны — Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай: нельга прадаваць іх, як прадаюць рабоў;
43 не валадары над ім жорстка і бойся Бога твайго.
44 А каб раб твой і рабыня твая былі ў цябе, дык купляйце сабе раба і рабыню ў народаў, якія вакол вас;
45 таксама і зь дзяцей пасяленцаў, што асяліліся ў вас, можаце купляць, і з роду іхняга, які ў вас, які ў іх нарадзіўся ў зямлі вашай, і яны могуць быць вашай уласнасьцю;
46 можаце перадаваць іх у спадчыну і сынам вашым пасьля сябе, як маёмасьць; вечна валодайце імі, як рабамі. А над братамі вашымі, сынамі Ізраілевымі, адзін над адным, не валадарце жорстка.
47 Калі прыхадзень альбо пасяленец твой будзе мець дастатак, а брат твой перад ім зьбяднее і прадасца прыхадню, які асяліўся ў цябе, альбо каму-небудзь з роду прыхадня,
48 дык пасьля продажу можна выкупіць яго: хто-небудзь з братоў ягоных павінен выкупіць яго,
49 альбо дзядзька ягоны, альбо сын дзядзькі ягонага павінен выкупіць яго, альбо хто-небудзь з сваяцтва ягонага, з роду ягонага, павінен выкупіць яго; альбо калі будзе мець дастатак, сам выкупіцца.
50 І ён павінен разьлічыцца з пакупцом ягоным, пачынаючы з таго года, калі ён прадаў сябе, да года юбілейнага, і срэбра, за якое ён прадаў сябе, трэба аддаць яму па колькасьці гадоў; як часовы найміт ён павінен быць у яго:
51 І калі яшчэ шмат застаецца гадоў, дык па меры іх ён павінен аддаць на выкуп за сябе срэбра, за якое ён куплены;
52 а калі мала застаецца гадоў да юбілейнага года, дык ён павінен палічыць і па меры гадоў аддаць за сябе выкуп.
53 Ён павінен быць у яго, як найміт, ва ўсе гады; ён не павінен панаваць над ім жорстка ў вачах тваіх.
54 А калі ён ня выкупіцца такім чынам, дык у юбілейны год адыдзе сам і дзеці ягоныя зь ім,
55 бо сыны Ізраілевыя Мае рабы; яны Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Лявіт, 25 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.