1 І гукаў СПАДАР Масею на гары Сынаю, кажучы:
2 «Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: як прыдзеце да зямлі, каторую Я даю вам, тады зямля мае супачыць у сыботу СПАДАРОВУ.
3 Шэсьць год засявай поле свае, і шэсьць год абразай вінішчы свае, і зьбірай уроды іх;
4 А год сёмы няхай будзе сыбота сыботаў зямлі, сыбота СПАДАРУ: поля свайго не засявай і вінішча свайго не абразай.
5 Што само вырасьце ўроду твайго, ня жні, і ягадаў зь вінішча свайго ня зьбірай; гэта будзе год сыботы зямлі.
6 І будзе сыбота зямлі вам на емя, табе а слузе твайму а служэбцы а найміту твайму а жыхару твайму, што асяліўся ў цябе;
7 І статку твайму й зьверанятам, каторыя на зямлі тваёй, няхай будуць усі ўроды зямлі на корм.
8 І налічы сабе сем сыботніх год, сем разоў па сем год, і будуць у цябе ў сямёх сыботніх гадох сорак дзевяць год.
9 І хай пройдзе трубны гук сёмага месяца, дзясятага дня месяца, у дзень ласкіўчыненьня правядзіце трубу па ўсіх землях вашых.
10 І пасьвяціце пяцьдзясяты год, і агаласіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе; хай будуць гэга ў вас угодкі; і зьвернецца кажны да дзяржаньня свайго, і кажны да радзімы свае зьвернецца.
11 Угодкамі хай будзе пяцьдзясяты год у вас: ня сейце й ня жніце, што само вырасьце на зямлі, ані зьбірайце ягадаў з пасьвячаных вінішчаў;
12 Бо гэта ўгодкі; сьвятымі хай будуць яны вам; з поля ежча ўрод яго.
13 У гэтыя пяцьдзясятыя ўгодкі зьвернецца кажны да дзяржавы свае.
14 Калі будзеце прадаваць што субрату свайму, альбо будзеце купляць што ў субрата свайго, ня крыўдзьце адзін аднаго.
15 Подле ліку год па ўгодках ты маеш купляць у субрата свайго, і подле ліку год прыбытку ён мае прадаваць табе.
16 Подле шмат год, павяліч цану; а подле мала год, зьменш цану: бо ведамы лік прыбытку ён прадаець табе.
17 Не ашукуйце субрата свайго, але бойся Бога свайго; бо Я СПАДАР, Бог ваш.
18 Уставы Мае а суды Мае дзяржыце і чыніце іх, і будзеце жыць супакойна на зямлі.
19 І дасьць зямля плод свой, і будзеце есьці да сыці, і будзеце жыць бясьпечна на ёй.
20 А калі скажаце: "Што ж нам есьці сёмага году, вось, мы ня сеялі ані зьбіралі прыбытку свайго?"
21 І Я раскажу дабраславенства Свае на вас шостага году, ён дасьць прыбытку на тры гады.
22 І будзеце сеяць восьмага году, але есьці будзеце ўрод стары да дзявятага году; пакуль ня прыйдзе яго прыбытак, вы будзеце есьці старое.
23 І зямлю не прадаваць назаўсёды, бо зямля Мая; вы прыходныя а асяленцы ў Мяне.
24 Па ўсёй зямлі дзяржаньня свайго давайце выкуп зямлі.
25 Калі брат твой зьбяднее й прадасьць ізь дзяржавы свае, то прыйдзе сваяк блізкі да яго й выкупе праданае братам ягоным.
26 Калі ж у людзіны няма радні, і дастане рука ейная, і знойдзе даволі на выкуп;
27 Дык хай ён разьліча гады продажы свае, і зьверне засталае таму, каму ён прадаў, і ўступе ізноў у дзяржаву сваю.
28 Калі ж ня знойдзе рука ягоная даволі, каб зьвярнуць яму, то праданае ім застанецца ў руках таго, хто купіў яго, да ўгодкавага году, а ў вугодкавым годзе адыйдзе яно, і ён зьвернецца да дзяржавы свае.
29 Калі хто прадасьць гасподні дом у месьце ізь сьцяною, то выкупіць яго можна да канца году ад продажы яго; цэлы год выкупіць яго можна.
30 Калі ж ня будзе ён выкуплены, пакуль споўніцца яму супоўны год, то застанецца дом, каторы ў месьце ізь сьцяною, назаўсёды таму, хто купіў яго, у роды яго, у пяцьдзясятыя ўгодкі не адыйдзе.
31 А дамы сёлаў, ідзе няма сьцяны наўкола, за поле зямлі ўважаюцца; выкупляць іх можна, і ў вугодкі яны адходзяць.
32 Узглядам местаў Левітаў, дамоў у местах дзяржаньня іхнага, дык выкуп вечны будзе Левітам.
33 А хто купе ў Левітаў, дык выйдзе куплены дом і места дзяржаньня яго ў пяцьдзясятыя ўгодкі, бо дамы ў местах левіцкіх складаюць іхную дзяржаву сярод сыноў Ізраелявых.
34 І поля пасты местаў іхных прадаваць ня можна, бо гэта вечная дзяржава іхная.
35 І калі брат твой зьбяднее, і паніжылася рука ягоная ў цябе, ты паддзяржы яго, ці гэта чужаземец, ці жыхар, каб ён жыў із табою.
36 Не бяры ад яго працэнтаў ані прыбытку, і бойся Бога свайго, каб жыў брат твой із табою.
37 Срэбла свайго не аддавай яму на працэнты, і на прыбыткі не пазычай еміны свае.
38 Я СПАДАР, Бог ваш, каторы вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае, каб даць вам зямлю Канаанскую, каб быць вашым Богам.
39 І як зьбяднее брат твой у цябе і праданы будзе табе, то ня сіль яго рабіць работы нявольніцкія.
40 Ён мае быць у цябе як найміт, як асяленец; да пяцьдзясятага ўгодкавага году няхай робе табе;
41 А тады хай адыйдзе ён ад цябе, сам а дзеці ягоныя зь ім, і зьвернецца да радзімы свае, і да дзяржаньня айцоў сваіх зьвернецца;
42 Бо яны слугі Мае, каторых Я вывеў ізь зямлі Ягіпецкае; ня маюць прадаваць іх, як прадаюць нявольнікаў.
43 Не пануй над імі стродка, і май страх перад Богам сваім.
44 А слуга твой а служэбка твая, каторыя будуць у цябе, ад народаў, што наўкола вас, ад іх можаш купляць нявольніка а нявольніцу.
45 І таксама зь дзяцей жыхараў, каторыя асяліліся ў вас, зь іх купляйце, з радзімаў іхных, каторыя ў вас, каторыя радзіліся ў зямлі вашай і будуць вам собскасьцю.
46 І можаце перадаваць іх на спадак і сыном вашым па сабе як меньне, дзяржаньне на векі. Імі можаце рабіць. А над братамі сваімі, сынамі Ізраельскімі, адзін над адным не пануйце стродка.
47 І калі чужаземец альбо асяленец, каторы з табою, будзе мець дастатак, а брат твой зьбяднее ля яго і прадасца чужаземцу, што жывець у цябе, альбо каму з патомкаў чужаземцавых;
48 То просьле продажы можна выкупіць яго; адзін із братоў ягоных выкупіць яго,
49 Альбо сын дзядзькі ягонага мае выкупіць яго, альбо хто-колечы з блізкое радні ягонае, з радзімы ягонае, мае выкупіць яго; альбо, калі будзе мець дастатак, ён сам выкупіцца.
50 І ён мае разьлічыцца з тым, хто яго купіў, ад тога году, як ён прадаў сябе, да пяцьдзясятага году ўгодкавага, і будзе срэбла, за каторае ён прадаў сябе, подле ліку год; як дні найміта ён мае быць у яго.
51 І калі яшчэ шмат год, то подле іх зьверне выкуп за сябе із срэбла, за каторае ён куплены.
52 І калі мала застанецца год да ўгодкавага году, то ён мае палічыць, подле год зьверне выкуп свой.
53 Як найміт, з году ў год ён будзе ў яго; ён ня мае панаваць над ім стродка ў ваччу тваім.
54 І калі ён ня выкупіцца такім парадкам, то ўгодкавага году адыйдзе сам а дзеці ягоныя зь ім;
55 Бо сынове Ізраелявы слугі Імне яны, Мае слугі, каторых Я вывеў ізь зямлі Ягіпецкае. Я СПАДАР, Бог ваш.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Трэцяя кніга Масеява: Левіт, 25 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.