1 Не рабіце сабе балваноў ані выразайце абразоў, і стаўпоў ня стаўце ў сябе, і каменя з абразамі не кладзіце ў зямлі вашай, каб кланяцца на ім; бо Я СПАДАР, Бог ваш.
2 Сыботы Мае дзяржыце й сьвятыні Мае сьціце, бо Я СПАДАР, Бог ваш.
3 Калі вы будзеце хадзіць у вуставах Маіх і расказаньні Мае будзеце дзяржаць а паўніць іх;
4 Дык Я дам вам дажджы вашы ў пару іх, і зямля дасьць урод свой, і дзервы палявыя дадуць плод свой.
5 І датрывае малацьба да збору віна, а збор віна датрывае да сяўбы; і будзеце есьці даволі хлеба свайго, і будзеце жыць бясьпечна на зямлі сваёй.
6 І дам мір у зямлі, і ляжаце, і ніхто не напалохае вас; прычыню звод на лютыя зьвяры ізь зямлі, і меч ня пройдзе па зямлі вашай.
7 І будзеце гнаць варагоў сваіх, і паваляцца яны перад вамі ад мяча.
8 І пяцёх із вас пражануць сту, а сту з вас пражануць дзесяць тысячаў, і паваляцца варагі вашыя перад вамі ад мяча.
9 І зьвярнуся да вас, і штоднымі ўчыню вас, і размнажу вас, і ўстанаўлю змову сваю з вамі.
10 І будзеце есьці старое леташняе, і вынясіце старое дзеля новага.
11 І пастанаўлю вітальню Сваю сярод вас, і душа Мая ня будзе брыдзіцца вамі.
12 І буду хадзіць сярод вас, і буду вашым Богам, а вы будзеце Імне людам.
13 Я СПАДАР, Бог ваш, каторы вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае, каб вы ня былі ім нявольнікамі, і паламіў ланцугі йга вашага, і даў вам хадзіць выпрастаўшыся.
14 А калі не паслухаеце Мяне й ня будзеце паўніць усіх расказаньняў гэтых,
15 І калі будзеце грэбаваць уставамі Маімі, калі душа ваша збрыдзе суды Мае, так што ня будзеце паўніць усіх расказаньняў Маіх, узрушыўшы змову Маю;
16 дык Я ўчыню з вамі гэта: і даведаюся да вас жахам, сухотамі а гаручкаю, ад каторых стамуюцца вочы вашыя і змучыцца душа, і будзеце сеяць сяўбу вашу дарма, і варагі вашы зьядуць яе.
17 І зьвярну від Свой супроці вас, і будзеце зражаны перад варагамі сваімі, і будуць панаваць над вамі непрыяцелі вашы, і ўцякаць будзеце, як ніхто не пажанецца за вамі.
18 Калі й пры ўсім гэтым не паслухаеце Мяне, то Я павялічу караць вас за грахі вашыя сем разоў;
19 І зламлю пыху сілы вашае, і неба вашае зраблю, як зялеза, і зямлю вашую, як медзь;
20 І дарма будзе высіляцца сіла вашая, і зямля вашая ня дасьць уроду свайго, і дзервы зямлі не дадуць пладоў сваіх.
21 Калі ж пойдзеце супроці Мяне і ня будзеце зычыць слухаць Мяне, то Я памнажу вам сем разоў подле грахоў вашых.
22 Пашлю на вас зьвяры палявыя, каторыя спабудуць вас дзяцей, і выгубяць статак вашы, і вас зьменшаць, і спусьцеюць дарогі вашыя.
23 І калі ўсім гэтым ня будзеце наўчаны Імною, а пойдзеце Імне ў спраціўленьне;
24 Дык і Я пайду, нават Я, з вамі ў спраціўленьне, і зражу вас, нават Я, сем разоў за грахі вашы.
25 І навяду на вас памсьлівы меч на помсту за змову; калі ж зьбярыцеся да местаў сваіх, дык пашлю мор пасярод вас, і адданы будзеце ў рукі ворага.
26 Як выгублю ў вас апору хлеба, дзесяць жанок будуць пячы хлеб вашы ў ваднэй печы, і будуць аддаваць хлеб вашы вагою; вы будзеце есьці, і ня будзеце пад’еўшы.
27 І калі й гэтым не паслухаеце Мяне й пойдзеце супроці Мяне,
28 Дык пайду Я з вамі ў гневе Майго спраціўленьня і пакараю вас, нават Я, сем разоў за грахі вашыя.
29 І будзеце есьці цела сыноў сваіх, і цела дачок сваіх будзеце есьці.
30 І разбуру вышыні вашыя, і зьнішчу сонечныя абразы вашыя, і палажу трупы вашыя на трупы балваноў вашых, і збрыдзе вас душа Мая.
31 І аддам месты вашыя на разбурэньне, і спустошу сьвятыні вашы, і ня буду нюхаць прыемнага паху аброкаў вашых.
32 І Я спустошу зямлю, ажно зумеюцца зь яе варагі вашы, у ёй жывучыя.
33 І вас расьцярушу меж народаў, і зь мячом на галі пажануся за вамі, і будзе зямля ваша пустая, і месты вашыя разбураныя.
34 Тады будуць любы зямлі сыботы яе ўсі дні пусьценьня свайго, а вы будзеце ў зямлі варагоў вашых; тады будзе супачываць зямля, і досыць учыне сабе за сыботы свае.
35 Усі дні пусьценьня будзе яна супачываць, колькі не супачывала ў сыботы вашы, як вы жылі на ёй.
36 І засталым із вас пашлю ў сэрцы ляклівасьць у землях варагоў іхных, і пажанець іх шапаценьне гнанага лісту, і ўцякуць ад мяча, і паваляцца, як ніхто не жанецца;
37 І спатыкнуцца адзін на аднаго, як перад мячом, прымеж тога ніхто гнацца за імі ня будзе, і ня будзе ў вас трывалкосьці ўстоіць супроці варагоў сваіх.
38 І загінеце памеж народаў, і пажарэць вас зямля варагоў вашых.
39 А засталыя з вас ссохнуць у сваіх бяспраўях у землях варагоў вашых, і нават у бяспраўю бацькоў сваіх ссохнуць.
40 І вызнаюць яны бяспраўе свае і бяспраўе бацькоў сваіх у выступах іхных, што яны выступалі супроці Мяне і нават хадзілі з Імною ў спраціўленьне,
41 За што нават Я пайшоў зь імі ў спраціўленьне і ўвёў іх у зямлю варагоў іхных; можа тады скарыцца неабрэзанае сэрца іхнае, і тады яны згодзяцца з караю за бяспраўі.
42 І Я ўспомню змову Сваю зь Якавам, і нават змову Сваю з Ісаком, і нават змову Сваю з Абрагамом успомню, і зямлю ўспомню.
43 І зямлі, пакіненай імі, будуць любы сыботы яе, спусьцеўшы ад іх, і яны згодзяцца з караю за бяспраўі свае, дыкжэ за тое, што суды Мае ўлегцы мелі, і ўставы Мае збрыдзела душа іхная;
44 І нават таксама гэта, як яны будуць у зямлі варагоў сваіх, Я ня буду ўлегцы мець іх і не пабрыджуся імі, каб выгубіць іх, каб узрушыць змову Маю зь імі, бо Я СПАДАР, Бог іх.
45 І ўспомню дзеля іх змову зь першымі, каторых вывеў Я ізь зямлі Ягіпецкае перад ачмі паганаў, каб быць іх Богам. Я СПАДАР».
46 Гэта ўставы а суды а правы, каторыя даў СПАДАР меж Сябе й сыноў Ізраелявых на гары Сынаю, Масеям.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Трэцяя кніга Масеява: Левіт, 26 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.