1 І гукаў СПАДАР Масею а Аарону, кажучы ім:
2 «Гукайце сыном Ізраелявым, кажучы: во жывёла, каторую можна вам есьці з усёга статку, што на зямлі:
3 Усі із статку, у каторага раздвоеныя капыты і на капытох глыбокі прарэз, і каторы жвець жваку, гэтыя можаце есьці.
4 Адно гэтых ня ежча із жвучых жваку й маючых раздвоекапыты: вярблюда, бо ён жвець жваку, але капыты ў яго не раздвоеныя, — нячысты ён вам;
5 І труса, бо ён жвець жваку, але капыцікі ў яго не раздвоеныя, — ня чысты ён вам;
6 І зайца, бо ён жвець жваку, але капыцікі ў яго не раздвоеныя, — нячысты ён вам;
7 І сьвіньні, бо капыты ў яе раздвоеныя і на капытох глыбокі прарэз, але яна ня жвець жвачкі, нячыстая яна вам.
8 Зь мяса іхнага ня ежча і да здыхляціны іхнае не датыкайцеся, — нячыстыя яны вам.
9 Гэтыя ежча з усіх, каторыя ў водах: у каторых ё плавукі а луска ў вадзе, у морах або ў рэках, тыя ежча.
10 А ўся тая, у каторай няма плавукоў а лускі, у морах або рэках із усяе роючае ў водах, із усяе істы, што жывець у водах, агідаю будзе вам.
11 Яны маюць быць агідаю вам, зь мяса іх ня ежча і здыхатою іх брыдзьцеся.
12 Усе, што ня мае плавукоў а лускі ў вадзе, агіднае вам.
13 А гэтых брыдзьцеся з птушак, ня ежча іх, агідаю яны вам: арла, грыфа а морскага арла,
14 Каршуна а сакала з пародаю ягонай,
15 Усялякага крумкача з пародаю ягонай,
16 Страўса, савы, чайкі а ястраба з пародаю ягонай,
17 І пугача, норкі, ібіса,
18 Лебедзя, пэлікана а сыча,
19 Чаплі, сойкі з пародаю ейнай, удода а кажана.
20 Роючыя крылатыя, ходзячыя чацьвярыцаю, агідныя вам.
21 Толькі тыя можаце есьці з усіх крылатых, што рояцца, каторыя ходзяць чацьвярыцаю, у каторых ё галёнка над ступою, каб скакаць па зямлі.
22 Гэтыя ежча зь іх: шаранчу зь яе пародаю, казельчыкі зь іх пародаю, хрушчы зь іх пародаю і скакуны зь іх пародаю.
23 Усялякія, што рояцца крылатыя, у каторых чатыры нагі, агідныя вам.
24 Ад іх вы будзеце нячыстыя: кажны, хто даткнецца да здыхаты іхнае, нячысты будзе аж да вечара.
25 І кажны, хто носе здыхату іхную, памые адзецьці свае, і нячысты будзе аж да вечара.
26 Усялякі статак, у каторага капыты раздвоеныя, але няма глыбокага прарэзу, і каторы ня жвець жвакі, нячыстыя вам: кажны, што даткнецца да яго, будзе нячысты.
27 Усе, што ходзе на лапах сваіх з памеж усяе жывёлы, каторая ходзе чацьвярыцаю, нячыстыя яны вам: кажны, што даткнецца да здыхаты іхнае, нячысты будзе аж да вечара.
28 І хто носе здыхату іхную, тый мае памыць адзецьці свае, і нячысты будзе аж да вечара; нячыстыя яны вам.
29 Во што нячыстае вам із жывёлы, што вельмі роіцца па зямлі: ласка, мыш, чарапаха з пародаю ейнай,
30 Тхор, хамелеон, яшчарка, сьлімак, крот.
31 Гэтыя нячыстыя вам з усіх паўзуноў: кажны, што даткнецца да здыхаты іхнае, нячысты будзе аж да вечара.
32 Усе, на што зваліцца каторая зь іх здохлая, будзе нячыстае, усялякая дзярвяная судзіна або адзежа, або скура, або мех, і ўсялякая снадзь, каторае ўжываюць на работу, — у ваду маюць палажыць і нячыстыя будуць аж да вечара, і ачысьцяцца.
33 І ўсялякая гліняная судзіна, калі ў нутр зваліцца што зь нячыстага, то ўсе, што ёсьць у нутру, стане нячыстым, і судзіну разьбіце.
34 З усялякае ежы, каторую ядуць, на каторую луча вада з такое судзіны, нячыстая будзе, і ўсялякі напітак, каторы п’юць, у ўсялякай такой судзіне нячысты будзе.
35 Усе, на што зваліцца штось ад здыхаты іхнае, нячыстае будзе: печ а печку маюць разламіць, яны нячыстыя; і нячыстыя яны маюць быць вам.
36 Толькі жарало а студня, што зьмяшчаюць ваду, застаюцца чыстыя. А хто даткнецца да здыхаты іхнае, тый нячысты.
37 А калі што ад здыхаты іхнае зваліцца на ўсялякую сяўбу, каторую сеюць, і каторая пасеяна, то яна чыстая.
38 Калі ж тады, як вада наліта на сяўбу, і зваліцца на яе што із здыхаты іхнае, то яна нячыстая вам.
39 І калі здохне што із статку, каторы ўжываеце на ежу, дык тый, што даткнецца да здыхаты ягонае, нячысты будзе аж да вечара.
40 І тый, хто будзе есьці здыхляціну ягоную, мае памыць адзежу сваю, і нячысты будзе аж да вечара; і хто нясець здыхату ейную, мае памыць адзецьце свае, і нячысты будзе аж да вечара.
41 І кажная роючая, што роіцца па зямлі, агідная вам, ня маеце есьці яе.
42 Усяго поўзаючага на чэраве і ўсяго ходзячага чацьвярыцаю, і аж да мнаганогіх із жывёлы роючае па зямлі, ня ежча, бо яны агідныя.
43 Не рабіце агіднымі душаў сваіх усялякім роючым, што роіцца, і не рабіцеся імі нячыстымі, каб нячыстымі імі стацца;
44 Бо Я СПАДАР, Бог ваш: усьвячайцеся й будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты, і ня плюгаўце душаў сваіх якой жывёлаю роючай, што поўзае па зямлі;
45 Бо Я СПАДАР, што вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае, каб быць Богам вашым. Дык будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты».
46 Гэта права статку а птушкі а ўсялякае жывое істы, што роіцца ў водах, і ўсялякае істы, што поўзае па зямлі.
47 Каб адрозьневаць нячыстае ад чыстага, і жывёлу, каторую можна есьці, ад жывёлы, каторае есьці ня можна».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Трэцяя кніга Масеява: Левіт, 11 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.