Псальмы 147 псалом

Кніга Псальмаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Еврейский Новый Завет

 
 

Хваліце вы Ягову! Бо гэта добра Богу нашаму сьпяваць і іграць, бо гэта прыемная, належная хвала.
 

Ягова будуе Ярузалім. Ён зьбірае выгна́нцаў Ізраэля.
 

Ён лечыць зламаных сэрцам, перавязвае іхныя раны.
 

Ён зьлічвае лік зорак. Ён называе іх усіх пайменна.
 

Вялікі наш Госпад і багаты на сілу, і Розум Ягоны нявымерны.
 

Ягова падтрымлівае пакорных, а бязбожных Ён прыгінае да зямлі.
 

Сьпявайце Ягове хвалебную песьню, грайце Богу нашаму на гарпе,
 

Які засьцілае неба хмарамі, Які рыхтуе для зямлі дождж, траву на гарах узрашчае,
 

Які жывёле дае ейную пашу, і груганятам, якія крычаць (аб ежы).
 

Ён мае ўпадабаньне ня ў сіле каня, і ня ногі мужчыны Яму даспадобы.
 

Ягова падабае тых, якія Яго баяцца, тых, якія спадзяюцца на Ягоную Міласэрнасьць.
 

Слаў, Ярузаліме, Ягову! Хвалі, Сыёне, твайго Бога,
 

бо Ён мацуе за́саўкі брамаў тваіх, сыноў тваіх багаслаўляе ў асяродку тваім,
 

Ён ўсталёўвае мір у межах тваіх, тукам пшаніцы насычае цябе,
 

Ён пасылае Слова Сваё на зямлю, вельмі хутка бяжыць Ягонае Слова,
 

Ён сьнег дае, быццам воўну, сыпле іней, як попел,
 

лёд Свой кíдае, як кавалачкі: хто можа выстаяць перад Ягоным марозам?
 

Ён пасылае Слова Сваё і растапляе іх. Ён дзьме ветрам Сваім: цякуць воды.
 

Ён абвяшчае Слова Сваё Якубу, Статуты Ягоныя і Суды Ягоныя Ізраэлю.
 

Ніякаму народу Ён гэтак ня зрабіў. І Судоў Ягоных яны ня ведаюць. Хваліце вы Ягову!
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.