Осіі 1 глава

Кніга Осіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слова Госпада, якое было да Осіі, сына Бээры, у дні цароў юдэйскіх: Озіі, Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, таксама ў дні цара ізраэльскага Ерабаама, сына Ёаса.
 
Слова СПАДАРОВА, што было Госі Беронку за дзён Узі, Ёфама, Агаза, Гэзэкі, каралёў Юдэйскіх, і за дзён Еровоама Ёашонка, караля Ізраельскага.

Пачатак слова Госпадава праз Осію. Сказаў Госпад Осію: «Ідзі, вазьмі сабе жонку з блудніц і дзяцей з распусты, бо зямля, распусная і разбэшчаная, адварочваецца ад Госпада».
 
Пачатак слова СПАДАРОВАГА Госям. І сказаў СПАДАР Госі: «Ідзі, вазьмі сабе жонку зь бязуляў і дзеці зь бязулства, бо зямля надта бязулствавала, адыходзячы ад СПАДАРА».

Дык пайшоў ён і ўзяў Гамэр, дачку Дабэлаіма. Яна пачала і нарадзіла яму сына.
 
І пайшоў ён, і ўзяў Ґомер Дыў-Лаімішку; і яна зачала, і нарадзіла яму сына.

І сказаў Госпад яму: «Назаві яго імем Езрагэль, таму што яшчэ не доўга і Я адпомшчу за кроў Езрагэля дому Егу і спыню царства дому Ізраэля.
 
І сказаў СПАДАР яму: «Назаві імя ягонае Езрэель, бо яшчэ крыху, і Я спаганю кроў Езрэеля на доме Егавым, і спыню каралеўства дому Ізраелявага.

І ў той дзень зламлю лук Ізраэля на раўніне Езрагэль».
 
І станецца таго дня, што я патрышчу лук Ізраеляў у даліне Езрэелявай».

Ды пачала яшчэ і нарадзіла дачку; дык сказаў ёй: «Назаві яе імем “Без міласэрнасці”, бо я ўжо болей не буду шкадаваць дом Ізраэля і не дарую ім.
 
І зачала яна ізноў, і сказаў яму: «Назаві імя ейнае: Ло-Ругама, бо наперад Я ня буду спагадаць дому Ізраеляваму, каб, даруючы, дараваў ім.

Але дом Юды пашкадую і збаўлю іх у Госпадзе, Богу іх. Не збаўлю іх, аднак, ані лукам, ані мечам, ані вайною, ані коньмі, ані коннікамі».
 
А дом Юдзін я пажалею а выбаўлю іх СПАДАРОМ, Богам іхным, а ня выбаўлю іх лукам, ані мячом, ані бітвою, ані коньмі, ані коньнікамі».

І, адкарміўшы грудзямі тую, што была «Без міласэрнасці», пачала і нарадзіла сына.
 
Адвучыўшы Ло-Ругаму, яна зачала а нарадзіла сына.

І сказаў: «Назаві яго імем: “Не Мой народ”, бо вы — не Мой народ, а Я для вас — “Няма Мяне”».
 
І сказаў: «Назаві імя ягонае: Лоамі, бо вы ня люд Мой, і я ня буду вашым».

І будзе лік сыноў Ізраэля, як пясок марскі, які нельга змераць ды нельга злічыць. І будзе: у тым месцы, дзе казалі ім: «Вы — не Мой народ», будуць казаць ім: «Вы — сыны Бога жывога».
 
яшчэ будзе лік сыноў Ізраелявых, як пясок морскі, каторага нельга памераць ані палічыць; і станецца, замест тога, што казалі ім: «Вы ня люд Мой», скажуць ім: «Вы сынове БОГА жывога».

І злучацца тады сыны Юды з сынамі Ізраэля і ўстановяць сабе адну галаву; і сыдуцца з зямлі, бо вялікі дзень Езрагэля.
 
І зьбяруцца разам, і прызначаць сабе аднаго за галаву, і ўзыйдуць ізь зямлі; бо вялікі дзень Езрэеляў.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.