Ярэміі 1 глава

Кніга Ярэміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Словы Ярэміі, сына Хэлькіі, з ліку святароў, якія былі ў Анатоце, у зямлі Бэньяміна.
 
Словы Ярэмы Гілчанка ізь сьвятароў, што ўв Анафофе, у зямлі Веняміновай,

Да яго скіраваў Госпад слова ў дні Осіі, сына Амона, цара Юдэйскага, у трынаццатым годзе яго царавання,
 
Да каторага было слова СПАДАРОВА за дзён Ёсі Амосёнка, караля Юдэйскага, трынанцатага году дзяржавы ягонае.

і было ў дні Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, аж да канца адзінаццатага года Сэдэцыі, сына Осіі, цара Юдэйскага, аж да перасялення Ерузаліма ў пятым месяцы.
 
І яно было за дзён Егоякіма Ёсянка, караля Юдэйскага, аж да канца адзінанцатага году Сэдэкі Ёсянка, караля Юдэйскага, аж да перасяленьня Ерузаліму ў пятым месяцу.

Госпад скіраваў да мяне слова, кажучы:
 
І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:

«Перш, чым Я ўфармаваў цябе ва ўлонні, Я ведаў цябе, і перш, чым выйшаў ты з нутра, Я пасвяціў цябе і паставіў цябе прарокам для народаў».
 
«Уперад, чымся Я ўхармаваў цябе ў жываце, Я знаў цябе, і ўперад, чымся ты вышаў з улоньня, Я пасьвяціў цябе; за прароку народам Я даў цябе».

І сказаў я: «О Госпадзе, Божа! Дык жа я не ўмею гаварыць, бо я яшчэ юнак!»
 
І сказаў: «Ах, Спадару СПАДАРУ, вось, я ня ўмею гукаць, бо дзяцюк я».

І сказаў мне Госпад: «Не кажы: “Я юнак”, бо ты пойдзеш да ўсіх, да каго Я цябе пашлю, і будзеш казаць усё, што Я табе даручу.
 
І сказаў СПАДАР імне: «Не кажы: "Я дзяцюк", бо да ўсіх, куды Я пашлю цябе, ты пойдзеш, і, што Я раскажу табе, будзеш гукаць.

Не бойся іх, бо Я з табою, каб цябе ратаваць», — кажа Госпад.
 
Ня бойся відаў іхных, бо з табою Я, каб вывальніць цябе», — агалашае СПАДАР.

І працягнуў Госпад руку Сваю, і дакрануўся да вуснаў маіх, і сказаў мне Госпад: «Вось, перадаў Я словы Мае вуснамі тваімі;
 
І выцягнуў СПАДАР руку Сваю, і даткнуўся да вуснаў маіх, і сказаў імне СПАДАР: «Я ўлажыў словы Свае ў вусны твае.

зірні: Я даю табе сёння ўладу над валадарствамі, каб вырываў і разбураў, каб нішчыў і руйнаваў, каб садзіў і будаваў».
 
Гля, сядні Я прызначыў цябе над народамі а над каралеўствамі, выкараняць а разбураць, губіць а ськідаць, будаваць а садзіць».

І скіраваў Госпад да мяне наступнае слова: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І адказаў я: «Бачу я галіну міндальнага дрэва Таго, Хто чувае».
 
І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы: «Ярэма, што бачыш ты?» І я сказаў: «Пруток ізь міндальнага дзерва я бачу».

Госпад жа сказаў мне: «Добра бачыш, бо Я чуваю над словам Маім, каб скора споўніць яго».
 
Тады сказаў СПАДАР імне: «Ты добра бачыў, бо Я чукавы да слова Свайго, каб выпаўніць гэта».

Другі раз скіраваў Госпад слова Сваё да мяне: «Што ты бачыш?» І сказаў я: «Бачу я кацёл, што кіпіць, і твар яго з паўночнага боку».
 
І было слова СПАДАРОВА да мяне ўдругава, кажучы: «Што ты бачыш?» І я сказаў: «Бачу кіпячы гаршчок, зьвернены на поўнач».

І сказаў мне Госпад: «Ад поўначы распрастрэцца ліха на ўсіх жыхароў зямлі,
 
І сказаў СПАДАР імне: «З поўначы закіпіць бяда на ўсіх жыхараў гэтае зямлі;

бо вось, Я склічу ўсе валадарствы поўначы, — кажа Госпад, — і прыйдуць яны, і паставяць кожны свой пасад ля ўваходу ў брамы Ерузаліма, і супраць усіх муроў яго навокал, і супраць усіх гарадоў юдэйскіх.
 
Бо гля, Я гукаю ўсі радзімы паўночных каралеўстваў, — агаласіў СПАДАР, — і прыйдуць яны, і пастановяць кажны пасад свой ля ўходу брамаў Ерузалімскіх, і на ўсіх сьценах яго навокал, і ля ўсіх местаў юдэйскіх.

І выдам прысуды Мае на іх за ўсю іх ліхоту, што пакінулі Мяне, і палілі кадзіла чужым багам, ды пакланяліся творам рук сваіх.
 
І я выдам суд Свой на іх за ўсі нягоднасьці іхныя, што пакінулі Мяне, і кадзілі багом іншым, і кланяліся вырабам рук сваіх.

Ты, вось, перапаяшы сцёгны свае, устань і гавары ім усё, што Я табе загадваю. Не бойся іх, каб Я часам не напоўніў цябе страхам перад імі.
 
А ты паперажы сьцёгны свае, устань і скажы ім усе, што Я табе расказую; не лякайся відаў іхных, каб Я не зьлякаў цябе перад імі.

Вось, сёння Я раблю цябе мураванай цвярдыняй, жалезным слупам і медным мурам супраць усёй зямлі, для цароў юдэйскіх, для кіраўнікоў іх і святароў, і для народа зямлі.
 
А Я вось, Я пастанавіў цябе сядні местам умацаваным, зялезным стаўпом а мядзянымі сьценамі супроці ўсяе зямлі, супроці каралёў юдэйскіх, супроці князёў яе, супроці сьвятароў яе й супроці люду зямлі.

І будуць яны ваяваць супраць цябе, але не змогуць цябе перамагчы, бо Я з табою, — кажа Госпад, — каб ратаваць цябе».
 
Яны будуць ваяваць із табою, але не перамогуць цябе, бо з табою Я, каб выбаўляць цябе», — агалашае СПАДАР.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.