СЕМ ЛІСТОЎ АПОСТАЛЬСКІХ
У найдаўнейшых біблійных сьпісках (Ватыканскім і Сынаіцкім) зьмешчаны па «Апостальскіх Дзеях» сем Лістоў Апостальскіх, названых так дзеля іх паходжання: 1 сьв. Якуба, 2 сьв. Пятра, 3 сьв. Яна, 1 сьв. Юды. З увагі на іх дэдукацыю ўсеагульную, не да аддзельных асоб як у Лістох сьв. Паўла нп., аддаўна іх называлі такжа каталіцкімі. Тэматыка іх розная і літаратурнай формай зьместу яны падобныя да Паўлавых; але не падаюць новых аб’яўленых праўдаў веры, а выясьняюць ужо знаныя ды высноўваюць зь іх практычныя павучэнні моральныя.
У ва ўсходніх мясцовасьцях, дзе гэтыя Лісты паўсталі, вельмі часта Апостальская навука была пеакручваная рознымі сэктантамі жыдоўскімі ды ґностыкамі: Сымонітамі, Мікалаітамі, Чэрынтыянамі. Яны запярэчвалі Боства Хрыстуса (1 Пятра 3:22; 2 Пятра 1:17; 1 Яна 5:20; Юды 1:4), Ягонае Ўчалавечанне (1 Яна 4:4, 9, 14; 4:2, 15), запярэчвалі праўдзівасьць Яго натуры людзкое (1 Яна 4:9). Лісты гэтыя восьжа выказваюць ды папраўляюць тыя блуднавучэнні.
Апрача таго яны маюць вялікае значэнне гістарычнае для першабытнага хрысьціянства з Апостальскіх часаў, ня толькі для характарыстыкі гэных вось гэрэзыяў.
Былі напісаныя ў другой палавіне першага стагодзьдзя.
УСТУП ДА ЯКУБА
Сьв. Якуб, называны сярод Дванаццацёх Малодшы, сын Алфея (Клеофаса) і Марыі, сваячкі Найсьвяцейшай Дзевы (Ян 15:25), ды брат Збавіцеля (Гал. 1:19) па матцы; быў Біскупам Ерузалімскім, гісторыкамі часта называны Справядлівы з увагі на ягоныя цноты, і разам з Пятром ды Янам уважаны за філары сьв. Эклезіі (Гал. 2:9); а навет і няверныя жыды называлі яго праведным. Так высокая аўтарытэтнасьць аднак не ўсьцерагла яго ад фанатычнай раз’юшанасці натаўпу: каля 62 г. быў скінаты зь верху сьвятыні ды ўкамянаваны (цераз 20 год пасьля мучаніцтва Якуба Старэйшага).
Зьвяртаецца з сваім апостальствам да ўверыўшых у Хрыстуса дванаццаці пакаленняў суродзічных Ізраэля, расьцярушаных у паганскім сьвеце, а ў сэнсе пераносным да ўсяе Эклезіі, як духовага Ізраэля (Рым. 9:6−8).
Кананічнасьць Лісту, г. зн. натхнёнасьць ад Бога, сьцьвярджаецца традыцыяй: яго часта цытавалі як натхнёнага Богам Айцы і Пісьменнікі Эклезіі (сьв. Клеменс Рымскі, Ірэней, Клем. Александрыйскі, Тэртуліян); а аўтэнтычнасьць = прыналежнасьць Якубу, як аўтару = пасярэднікі Божага натхнення, сьцьвярдзілі урачыстыя пастановы Сабораў, сьв. Гэранім, Эўзэб.
Мова ягонага павучэння — поўная біблійнай мілагучнасьці й сэрцаведнай мудрасьці, але ядрыная ўдараючымі параўнанямі ды рашучымі выснавамі — паказвае моўна-духова-тэстамэнтовы характар ягоны.