1 Хачу вось, каб вы ведалі, якую руплівасьць я маю дзеля вас і адносна тых, што ў Ляодыцэі, і дзеля тых, што ня бачылі мяне асабіста,
2 каб парадаваліся сэрцы іхнія, навучаныя ў любові і для поўнага ўзбагачэньня розуму, дзеля пазнаньня тайны Бога — Хрыста,
3 у якім усе скарбы мудрасьці і веданьня схаваны.
4 Гэта вам кажу, каб ніхто вас не падмануў падступнымі словамі.
5 Бо хаця я далёка целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы парадак ваш і цьвёрдасьць веры вашай у Хрыста.
6 Дык як вы прынялі Езуса Хрыста, Госпада, у Ім і жывіце,
7 укарэненыя і ўбудаваныя ў Яго, і ўзмоцненыя ў веры, як і былі навучаныя, поўныя ўдзячнасьці Яму.
8 Глядзіце, каб не збаламуціў вас хто сваёй філязофіяй і пустым ашуканствам паводле звычаю людзей, паводле стыхіяў сьвету, а не паводле Хрыста.
9 У Ім бо прабывае ўся паўната Боства цялесна,
10 і вы напоўнены ў Ім, які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады.
11 У Ім вы атрымалі і абразаньне не рукой зробленае праз абрэзку часткі цела, але абразаньне Хрыстовае,
12 пахаваныя з Ім у хросьце, з Ім і ўваскрэсьлі праз веру ў моц Бога, які ўваскрасіў Яго з памёршых.
13 І вас, мёртвых праз грахі і неабразаньне цела вашага, ажывіў вас з Ім, дараваўшы нам усе грахі,
14 скасаваўшы напісанае рукою асуджаючае нас, што было супраць нас, і узяў Яго з-паміж нас і прыбіў да крыжа;
15 раззброіўшы начальствы і ўлады, выставіў іх адважна на відовішча, трыюмфуючы над імі ў Ім.
16 Дык хай ніхто вас не асуджае за яду або пітво, або з прычыны дня сьвяточнага, ці маладзіка, ці суботы,
17 каторае ёсьць ценем будучага, цела ж — Хрыстовае.
18 Ніхто хай не пазбавіць вас нагароды, маючы ўпадабаньне ў прыніжэньні сябе і кульце анёлаў, зьвяртаючы ўвагу на тое, што бачыў, марна пышаючыся розумам цела свайго
19 і не трымаючыся галавы, ад каторай усё цела, саставамі і вязямі злучанае і змацаванае, расьце узрастаньнем Божым.
20 Дык калі вы памярлі з Хрыстом для стыхіяў гэтага сьвету, чаму ж, быццам жывучы яшчэ ў сьвеце, падчыняецеся вы пастановам:
21 "Не чапай, не каштуй, не дакранайся"?
22 Гэта ўсё праз само карыстаньне вынішчаецца, згодна з прыказаньнямі і навукамі чалавечымі.
23 Гэта мае толькі выгляд мудрасьці ў самавольным служэньні, у пакорлівасьці, у мардаваньні цела, у непашане да таго, што насычае цела.