1 Ты ж навучай таму, што належыць да здаровай навукі.
2 Старыя павінны быць людзьмі цвярозымі, сціплымі, разумнымі, здаровай веры, поўнымі любові і цярплівасці.
3 Падобна і старыя жанчыны павінны апранацца як дастойна святых, высцерагацца пляткарства, не ўпівацца віном, навучаць іншых дабру,
4 разумна навучаць маладых, каб яны любілі сваіх мужоў і дзяцей,
5 былі разумнымі, чыстымі, гаспадарнымі, лагоднымі, паслухмянымі мужам сваім, каб не зневажалася імі слова Божае.
6 Таксама юнакоў заахвочвай, каб былі стрыманымі.
7 Ва ўсім пакажы на сабе прыклад добрых учынкаў, у навуцы — непарушнасць, паважнасць,
8 у здаровым слове — беззаганнасць, каб той, хто супрацівіцца, асароміўся, не могучы нічога благога пра нас сказаць.
9 Хай слугі слухаюць сваіх гаспадароў, ва ўсім стараючыся ім падабацца, а не пярэчыць,
10 не ашукваць, але ва ўсім добрую волю аказваць, каб ва ўсім навуку Збаўцы нашага, Бога, услаўлялі.
11 Бо з’явілася ласка Бога, збаўляючы ўсіх людзей,
12 якая вучыць нас, каб мы, выракшыся бязбожнасці і пажаданняў свету, разважна, справядліва і пабожна жылі на гэтым свеце,
13 чакаючы шчаслівай надзеі і прыйсця хвалы магутнага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
14 Які ахвяраваў Самога Сябе за нас, каб збавіць нас ад усякай спракуды і ачысціць Сабе народ, выбраны на ўласнасць, рупны на добрыя ўчынкі.
15 Гэта кажы, і заахвочвай, і дакарай з усёю уладай. За гэта ніхто цябе не папракне.