Біблія » Чарняўскі-12 Пераклад Чарняўскага 2012

Захарыі 8 Захарыі 8 раздзел

1 І вось што сказаў Госпад Магуццяў:
2 «Гэта кажа Госпад Магуццяў: “З руплівым апекаваннем люблю Я Сіён і з вялікім гневам руплюся пра яго”.
3 Гэта кажа Госпад: “Вярнуся Я зноў на Сіён і пасялюся ў Ерузаліме; Ерузалім назавуць горадам Праўды, і гару Госпада Магуццяў — Святою Гарой”.
4 Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Зноў засядуць старыя і бабулі на плошчах Ерузаліма; і ўсе з палкамі сваімі ў руцэ сваёй дзеля старасці веку;
5 і вуліцы гарадскія запоўняцца гуляючымі на іх хлапчукамі і дзяўчаткамі”.
6 Вось што кажа Госпад Магуццяў: “Калі гэта ў вачах рэшты гэтага народа пакажацца цяжкім у тыя дні, то ці ж яно будзе цяжкім таксама ў Маіх вачах?” — кажа Госпад Магуццяў.
7 Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Вось, збаўлю народ мой ад зямлі з усходу і ад зямлі з захаду сонца:
8 І прывяду іх, і абжывуцца ў Ерузаліме, і будуць яны Маім народам, а Я буду іх Богам, у праўдзе і ў справядлівасці”.
9 Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Хай умацуюцца рукі вашы, тых, якія ў гэтыя дні слухаюць словы гэтыя з вуснаў прарокаў у дзень, у які былі закладзены падмуркі пад дом Госпада Магуццяў для пабудавання святыні.
10 Бо перад тымі днямі не атрымоўвалі платы ані людзі за работу, ані жывёла, ані прыходзячаму, ані адыходзячаму не было супакою ад бяды; і Я напусціў усіх людзей — кожнага супраць блізкага яго.
11 Але цяпер для рэшты гэтага народа Я не буду Такі, як раней, — кажа Госпад Магуццяў; —
12 але пасеў супакою будзе: вінаград дасць плод свой і зямля радзіць будзе, і ўсё гэта даю ў спадчыну рэшце гэтага народа.
13 Ды будзе: як вы, доме Юды і доме Ізраэля, былі праклёнам у народаў, так Я збаўлю вас і вы будзеце дабраславеннем. Не бойцеся, хай набяруць сілы рукі вашы!”
14 Бо вось што кажа Госпад Магуццяў: “Як задумаў Я вас вынішчыць, калі да гневу справакавалі Мяне бацькі вашы, — кажа Госпад Магуццяў, —
15 і не пашкадаваў, так у гэтыя дні вырашыў спрыяць Ерузаліму і дому Юды; не турбуйцеся!
16 Дык вось што павінны вы рабіць: кажыце праўду кожны блізкаму свайму і ў супакоі судзіце ў брамах вашых,
17 і хай ніводзін з вас не думае ў сэрцы сваім ліха супраць прыяцеля свайго, і не любіце прысягі лжывай: бо ўсё гэта ёсць тое, што Я ненавіджу”, — кажа Госпад».
18 І прамовіў Госпад Магуццяў да мяне, кажучы:
19 «Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Пост чацвёртага месяца, і пост пятага, і пост сёмага, і пост дзесятага месяца хай будзе для народа Юды ў радасць і пацеху і ў святыя ўрачыстасці; любіце толькі праўду і супакой”.
20 Вось гэта кажа Госпад Магуццяў: “Яшчэ будуць прыходзіць народы і жыхары вялікіх гарадоў,
21 і пойдуць жыхары аднаго горада да жыхароў другога і скажуць: “Хадземце ўмаляць аблічча Госпада і шукаць Госпада Магуццяў; я пайду таксама”.
22 І будуць прыходзіць многія людзі і дужыя народы, каб шукаць Госпада Магуццяў у Ерузаліме і ўмаляць аблічча Госпада”.
23 Так кажа Госпад Магуццяў: “У тыя дні дзесяць чалавек з усіх мнагамоўных народаў моцна схопяцяцца за крысо юдэя, кажучы: “Пойдзем мы з вамі; бо мы, вось, пачулі, што з вамі Бог”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Захарыі, 8 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2012.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.