1 І вось Корэ, сын Ісаара, сына Кагата, сына Леві, і Датан і Абірам, сыны Эліяба, таксама Гон, сын Пэлета, з сыноў Рубэна,
2 паўсталі супраць Майсея разам з іншымі сынамі Ізраэля, — дзвесце пяцьдзесят чалавек, кіраўнікі супольнасці, пакліканыя на сход, людзі вядомыя.
3 І калі выступілі яны супраць Майсея і Аарона, яны казалі: «Хопіць вам, бо ўся супольнасць, усе — святыя, і сярод іх ёсць Госпад! Чаму вы ставіце сябе вышэй за грамаду Госпадаву?»
4 Калі пачуў гэта Майсей, упаў на твар
5 і сказаў [Майсей] Корэ і ўсяму сходу: «Раніцай пакажа Госпад, хто да Яго належыць і хто святы, і святых прытуліць да Сябе; і каго Ён выбера, таго Ён наблізіць да Сябе.
6 Дык вось што зрабіце: ты, Корэ, і ўвесь твой сход вазьміце кожны кадзільніцу сваю;
7 і калі заўтра будзе запалены агонь, пакладзіце іх на кадзіла перад Госпадам; і каго выбера Госпад, той святы. Досыць вам, сыны Леві!»
8 І сказаў [Майсей] зноў Корэ: «Слухайце, сыны Леві:
9 ці мала вам, што Бог Ізраэля аддзяліў вас ад усёй супольнасці Ізраэля і далучыў вас да Сябе, каб вы служылі Яму ў скініі Госпада і каб стаялі перад шматлікім народам і служылі за яго?
10 Таму Ён дапусціў цябе да Сябе і ўсіх братоў тваіх, сыноў Леві, а вы дамагаецеся яшчэ святарства для сябе,
11 і ўвесь твой сход паўстаў супраць Госпада? Кім жа ёсць Аарон, каб вы наракалі на яго?»
12 Дык паслаў Майсей, каб паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліяба, але яны сказалі: «Не пойдзем!
13 Ці мала табе, што ты вывеў нас з зямлі, што ацякала малаком і мёдам, каб загубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш валадарыць над намі?
14 На самай справе не ўвёў ты нас у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, і не даў нам ва ўласнасць палёў і вінаграднікаў! Ці ты хочаш вочы гэтых людзей асляпіць? Не пойдзем!»
15 І Майсей разгневаўся надта і сказаў Госпаду: «Не прымай іх ахвяры. Ты ведаеш, што я ніколі не ўзяў бы нават асла ад іх і нікому з іх я не ўчыніў крыўды».
16 І сказаў Майсей Корэ: «Заўтра ты і ўвесь сход твой паасобку станьце перад Госпадам, ты і Аарон асобна.
17 І вазьміце кожны сваю кадзільніцу і пакладзіце на іх кадзіла, прыносячы Госпаду дзвесце пяцьдзесят кадзільніц; ты і Аарон трымайце кожны сваю кадзільніцу».
18 Калі яны гэта зрабілі ў прысутнасці Майсея і Аарона,
19 і Корэ сабраў насупраць іх увесь сход ля ўваходу ў палатку сустрэчы, з’явілася перад усімі слава Госпада.
20 І Госпад сказаў Майсею і Аарону, гаворачы:
21 «Адлучыцеся ад сходу гэтай грамады, каб Я іх знішчыў у момант».
22 Яны тады ўпалі на твар і сказалі: «Божа, Божа, ад Якога залежыць жыццё ўсяго жывога, ці Сваім гневам хочаш усіх ахапіць, калі хто адзін зграшыў?»
23 І сказаў Госпад Майсею:
24 «Загадай усяму народу, каб адышлі яны ад жылля Корэ, Датана і Абірама».
25 І ўстаў Майсей, і пайшоў да Датана і Абірама, а старэйшыны Ізраэля пайшлі за ім,
26 і сказаў ён натоўпу: «Адыдзіце ад жылля бязбожных людзей і не дакранайцеся ні да чаго, што ім належыць, каб не ўпасці ў іх грахі!»
27 І калі кругом адышліся яны ад жылля іх, Датан і Абірам, выйшаўшы, сталі перад уваходам у свае палаткі разам са сваімі жонкамі, сынамі і малымі дзецьмі.
28 І сказаў Майсей: «З гэтага пазнаеце, што Госпад паслаў мяне, каб я чыніў усё, што бачыце, і што гэта не ад свайго сэрца я прапанаваў вам:
29 калі яны памруць звычайнаю смерцю людзей і іх спасцігне ўдар, які звычайна спасцігае астатніх, то Госпад не паслаў мяне.
30 А калі Госпад даканае штосьці незвычайнае, што зямля разявіць пашчу сваю і праглыне іх і ўсё, што ім належыць, і жывыя трапяць яны ў пекла, то ведайце, што яны ганьбілі Госпада».
31 Такім чынам зараз жа, як перастаў гаварыць, расступілася зямля пад іх нагамі
32 і, разявіўшы пашчу сваю, праглынула іх разам з іх сем’ямі, усіх людзей Корэ з усёй іх маёмасцю;
33 і жывыя трапілі яны ў пекла, зямлёю накрытыя, і былі вынішчаны з грамады.
34 Усе ж ізраэльцы, што стаялі навокал, паўцякалі, кажучы на лямант тых, хто гінуў: «Каб часам і нас зямля не праглынула».
35 Затым агонь, выйшаўшы ад Госпада, спаліў дзвесце пяцьдзесят чалавек, якія неслі кадзіла.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Лічбаў, 16 глава. Пераклад Чарняўскага 2012

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.