1 І гаварыў Госпад Майсею, кажучы:
2 «Загадай Элеязэру, сыну Аарона святара, каб сабраў кадзільніцы, што ляжалі на папялішчы, і каб ён параскідаў агонь сям-там, бо яны асвяціліся
3 ў смерці грэшнікаў; хай з іх зробіць пласцінкі і прымацуе іх да ахвярніка, таму што іх прынеслі Госпаду, і яны асвяціліся, каб быць сынам Ізраэля перасцярогай».
4 Такім чынам, прынёс святар Элеязэр медныя кадзільніцы, з якімі прыйшлі тыя, каго спаліў пажар, і перарабіў іх на пласціны, што прымацоўваюцца да ахвярніка,
5 каб потым ведалі сыны Ізраэля, каб памяталі, каб ніхто чужы, хто не належыць да нашчадкаў Аарона, не прыходзіў, каб несці кадзіла перад Госпадам, каб не сталася з ім тое, што з Корэ і супольнікамі яго, як казаў Госпад Майсею.
6 А назаўтра ўся грамада сыноў Ізраэля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы загубілі народ Госпадаў».
7 І калі сабралася супольнасць супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да палаткі сустрэчы; у той час воблака ахутала палатку і з’явілася слава Госпада.
8 Майсей і Аарон прыйшлі да палаткі сустрэчы.
9 І сказаў Госпад Майсею:
10 «Адыдзіце ад гэтай грамады, бо вынішчу іх зараз жа». І яны ўпалі на твары свае.
11 Сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і, узяўшы агню з ахвярніка, ускладзі кадзіла зверху, паспяшаючы жвава да народа, каб ачысціць яго, бо ўзгарэўся ўжо гнеў Госпада і кара лютуе».
12 Калі гэта зрабіў Аарон і прыбег да грамады, якую ўжо вынішчала кара, ён прынёс кадзіла і ачысціў народ;
13 ён стаў паміж мёртвымі і жывымі, і пляга спынілася.
14 А былі тыя, што згінулі, — чатырнаццаць тысяч семсот чалавек, апрача тых, хто загінуў у жыллі Корэ.
15 І вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў палатку сустрэчы, пасля чаго спынілася пляга.
16 І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
17 «Скажы сынам Ізраэля і вазьмі ад іх па кіі ад кожнага іх пакалення, ад усіх князёў пакаленняў, дванаццаць кіёў, і напішы імя кожнага на яго кіі.
18 А на кіі левітаў напішы імя Аарона, і хай будзе па адным кіі асобна на кожнае пакаленне.
19 І пакладзі іх у палатцы сустрэчы перад каўчэгам сведчання, дзе Я з вамі сустракаюся.
20 Каго з іх Я выберу, хай кій таго закрасуе, і спыню нараканні сыноў Ізраэля, якімі яны наракаюць на вас».
21 І сказаў Майсей сынам Ізраэля, і далі яму ўсе князі кіі ад кожнага пакалення; і было дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх.
22 Калі іх паклаў Майсей перад Госпадам у палатцы сустрэчы,
23 на другі дзень, вярнуўшыся, Майсей убачыў, што закрасаваў кій Аарона з пакалення Леві і што выраслі кветкі з набухлых пупышак, якія, закрасаваўшы, ператварыліся ў міндаль.
24 Такім чынам, вынес Майсей ад аблічча Госпада ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраэля; і яны ўбачылі, і кожны ўзяў свой кій.
25 І Госпад сказаў Майсею: «Кій Аарона аднясі назад перад каўчэгам сведчання, каб захаваўся там як знак супраць бунту сыноў Ізраэлевых, і хай спыняць яны нараканні свае на Мяне, каб не загінуць».
26 І Майсей зрабіў, як загадаў Госпад.
27 І сказалі сыны Ізраэля Майсею: «Вось, мы прапалі, мы паміраем, усе паміраем!
28 Хто толькі прыступіцца да скініі Госпада, памірае. Ці ўсе мы да апошняга будзем вынішчаны?»