Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 16 Лічбаў 16 раздзел

1 І вось Корэ, сын Ісаара, сына Кагата, сына Леві, і Датан і Абірам, сыны Эліяба, таксама Гон, сын Пэлета, з сыноў Рубэна,
2 паўсталі супраць Майсея разам з іншымі сынамі Ізраэля, — дзвесце пяцьдзесят чалавек, кіраўнікі супольнасці, пакліканыя на сход, людзі вядомыя.
3 І калі выступілі яны супраць Майсея і Аарона, яны казалі: «Хопіць вам, бо ўся супольнасць, усе — святыя, і сярод іх ёсць Госпад! Чаму вы ставіце сябе вышэй за грамаду Госпадаву?»
4 Калі пачуў гэта Майсей, упаў на твар
5 і сказаў Корэ і ўсяму сходу: «Раніцай пакажа Госпад, хто да Яго належыць і хто святы, каб прытуліць да Сябе; і каго Ён выбера, таго Ён наблізіць да Сябе.
6 Дык вось што зрабіце: ты, Корэ, і ўвесь твой сход вазьміце кожны кадзільніцу сваю;
7 і калі заўтра будзе запалены агонь, пакладзіце іх на кадзіла перад Госпадам; і каго выбера Госпад, той святы. Досыць вам, сыны Леві!»
8 І сказаў Майсей зноў Корэ: «Слухайце, сыны Леві:
9 ці мала вам, што Бог Ізраэля аддзяліў вас ад усёй супольнасці Ізраэля і далучыў вас да Сябе, каб вы служылі Яму ў скініі Госпада і каб стаялі перад шматлікім народам і служылі за яго?
10 Таму Ён дапусціў цябе да Сябе і ўсіх братоў тваіх, сыноў Леві, а вы дамагаецеся яшчэ святарства для сябе,
11 і ўвесь твой сход паўстаў супраць Госпада? Кім жа ёсць Аарон, каб вы наракалі на яго?»
12 Дык паслаў Майсей, каб паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліяба, але яны сказалі: «Не пойдзем!
13 Ці мала табе, што ты вывеў нас з зямлі, што ацякала малаком і мёдам, каб загубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш валадарыць над намі?
14 На самай справе не ўвёў ты нас у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, і не даў нам ва ўласнасць палёў і вінаграднікаў! Ці ты хочаш вочы гэтых людзей асляпіць? Не пойдзем!»
15 І Майсей разгневаўся надта і сказаў Госпаду: «Не прымай іх ахвяры. Ты ведаеш, што я ніколі не ўзяў бы нават асла ад іх і нікому з іх я не ўчыніў крыўды».
16 І сказаў Майсей Корэ: «Заўтра ты і ўвесь сход твой паасобку станьце перад Госпадам, ты і Аарон асобна.
17 І вазьміце кожны сваю кадзільніцу і пакладзіце на іх кадзіла, прыносячы Госпаду дзвесце пяцьдзесят кадзільніц; ты і Аарон трымайце кожны сваю кадзільніцу».
18 І ўзяў кожны сваю кадзільніцу, паклаўшы ў іх агонь і духмянасці, і сталі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы. Гэта ж зрабілі Майсей і Аарон.
19 Корэ сабраў насупраць іх увесь сход ля ўваходу ў палатку сустрэчы, з’явілася перад усімі слава Госпада.
20 І Госпад сказаў Майсею і Аарону, гаворачы:
21 «Адлучыцеся ад сходу гэтай грамады, каб Я іх знішчыў у момант».
22 Яны тады ўпалі на твар і сказалі: «Божа, Божа, ад Якога залежыць жыццё ўсяго жывога, ці Сваім гневам хочаш усіх ахапіць, калі хто адзін зграшыў?»
23 І сказаў Госпад Майсею:
24 «Загадай усяму народу, каб адышлі яны ад жылля Корэ, Датана і Абірама».
25 І ўстаў Майсей, і пайшоў да Датана і Абірама, а старэйшыны Ізраэля пайшлі за ім,
26 і сказаў ён натоўпу: «Адыдзіце ад жылля бязбожных людзей і не дакранайцеся ні да чаго, што ім належыць, каб не ўпасці ў іх грахі!»
27 І калі кругом адышліся яны ад жылля іх, Датан і Абірам, выйшаўшы, сталі перад уваходам у свае палаткі разам са сваімі жонкамі, сынамі і малымі дзецьмі.
28 І сказаў Майсей: «З гэтага пазнаеце, што Госпад паслаў мяне, каб я чыніў усё, што бачыце, і што гэта не ад свайго сэрца я прапанаваў вам:
29 калі яны памруць звычайнаю смерцю людзей і іх спасцігне кара, якая звычайна спасцігае астатніх, то Госпад не паслаў мяне.
30 А калі Госпад даканае штосьці незвычайнае, што зямля разявіць пашчу сваю і праглыне іх і ўсё, што ім належыць, і жывыя трапяць яны ў пекла, то ведайце, што яны ганьбілі Госпада».
31 Такім чынам зараз жа, як перастаў гаварыць, расступілася зямля пад іх нагамі
32 і, разявіўшы пашчу сваю, праглынула іх разам з іх сем’ямі, усіх людзей Корэ з усёй іх маёмасцю;
33 і жывыя трапілі яны ў пекла, зямлёю накрытыя, і былі вынішчаны з грамады.
34 Усе ж ізраэльцы, што стаялі навокал, паўцякалі, кажучы на лямант тых, хто гінуў: «Каб часам і нас зямля не праглынула».
35 Затым агонь, выйшаўшы ад Госпада, спаліў дзвесце пяцьдзесят чалавек, якія неслі кадзіла.
36 І гаварыў Госпад Майсею, кажучы:
37 «Загадай Элеязэру, сыну Аарона святара, каб сабраў кадзільніцы, што ляжалі на папялішчы, і каб ён параскідаў агонь сям-там, бо яны асвяціліся
38 ў смерці грэшнікаў; хай з іх зробіць пласцінкі і прымацуе іх да ахвярніка, таму што іх прынеслі Госпаду, і яны асвяціліся, каб быць сынам Ізраэля перасцярогай».
39 Такім чынам, прынёс святар Элеязэр медныя кадзільніцы, з якімі прыйшлі тыя, каго спаліў пажар, і перарабіў іх на пласціны, што прымацоўваюцца да ахвярніка,
40 каб потым ведалі сыны Ізраэля, каб памяталі, каб ніхто чужы, хто не належыць да нашчадкаў Аарона, не прыходзіў, каб несці кадзіла перад Госпадам, каб не сталася з ім тое, што з Корэ і супольнікамі яго, як казаў Госпад Майсею.
41 А назаўтра ўся грамада сыноў Ізраэля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы загубілі народ Госпадаў».
42 І калі сабралася супольнасць супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да палаткі сустрэчы; у той час воблака ахутала палатку і з’явілася слава Госпада.
43 Майсей і Аарон прыйшлі да палаткі сустрэчы.
44 І сказаў Госпад Майсею:
45 «Адыдзіце ад гэтай грамады, бо вынішчу іх зараз жа». І яны ўпалі на твары свае.
46 Сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і, узяўшы агню з ахвярніка, ускладзі кадзіла зверху, паспяшаючы жвава да народа, каб ачысціць яго, бо ўзгарэўся ўжо гнеў Госпада і кара лютуе».
47 Калі гэта зрабіў Аарон і прыбег да грамады, якую ўжо вынішчала кара, ён прынёс кадзіла і ачысціў народ;
48 ён стаў паміж мёртвымі і жывымі, і пляга спынілася.
49 І памерла ад пагібелі, — чатырнаццаць тысяч семсот чалавек, апрача тых, хто загінуў у жыллі Корэ.
50 І вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў палатку сустрэчы, пасля чаго спынілася пляга.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 16 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.