Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 19 Лічбаў 19 раздзел

1 Казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы:
2 «Гэта святыня закону, які ўстанавіў Госпад. Скажы сынам Ізраэля, каб прывялі табе рыжую карову без заганы, на якой няма ніякай плямы і на якую яшчэ не ўскладана ярмо.
3 І аддайце яе святару Элеязэру, каб ён вывеў яе па-за лагер, каб яна была забіта ў яго прысутнасці.
4 І, памачыўшы палец у яе крыві, хай ён пакропіць сем разоў дзверы палаткі сустрэчы,
5 і хай спаляць цела яе ў яго прысутнасці, аддаўшы агню як шкуру і мяса яе, так і кроў з нечыстотамі.
6 Хай таксама святар дровы кедравыя і гізоп з пурпурам кіне ў агонь, у якім гарыць карова.
7 І тады нарэшце, памыўшы шаты свае і цела сваё, хай увойдзе ён у лагер, і хай нячысты будзе ён аж да вечара.
8 Потым чалавек чысты хай збярэ попел каровы і высыпле за лагерам у месцы чыстым, каб для супольнасці Ізраэля быў захаваны для прыгатавання вады ачышчэння. Гэта ахвяра за грэх.
9 Той, хто збіраў попел каровы, павінен вымыць сваё адзенне і будзе нячысты аж да вечара.
10 Гэта пастанова вечная як для ізраэльцаў, так і для чужаземцаў, якія ў іх прабываюць.
11 Хто дакранецца да нябожчыка, будзе з-за таго сем дзён нячысты,
12 павінен ён [вадой з попелам каровы] ачысціцца ў трэці і сёмы дзень і тады будзе чысты. Калі ў трэці дзень ён не ачысціцца, то ў сёмы дзень ён не будзе чысты.
13 Кожны, хто дакрануўся да мёртвага цела чалавека і гэтай сумессю не ачысціўся, зневажае скінію Госпада і будзе вынішчаны з Ізраэля, бо ён не акрапіў сябе вадою ачышчэння, і нячысты ён будзе, і яго нячыстасць застанецца на ім.
14 Гэта закон адносна чалавека, які памірае ў палатцы: кожны, хто ўвойдзе ў гэту палатку, і ўсе пасудзіны, што ў ёй прабываюць, будуць нячыстыя сем дзён.
15 Пасудзіна, што не мае накрыўкі і перавязкі, прымацаванай на шнурку, будзе нячыстай.
16 Будзе нячыстым сем дзён той, хто ў полі дакранецца або да чалавека, забітага мечам, або да таго, хто памёр, або да касцей яго, або да магілы.
17 І хай яны возьмуць попелу той спаленай ахвяры за грэх і хай нальюць на яго жывой вады ў пасудзіну;
18 калі чалавек чысты памочыць у гэтым гізоп, хай пакропіць ім усю палатку, і ўвесь посуд, і людзей, якія будуць там, і таксама таго, хто дакрануўся да касцей, або забітага, або да таго, хто памёр, або да магілы.
19 І такім чынам хай ачысціць чалавек чысты нячыстага ў трэці і сёмы дзень; і хай ён, ачышчаны, у сёмы дзень вымые сябе і сваё адзенне і ўвечары будзе чыстым.
20 Калі хто гэтым спосабам не ачысціцца, то будзе вынішчана душа яго з грамады, бо ён апаганіў скінію Госпадаву; вадою ачышчэння ён не быў пакроплены, ён нячысты.
21 Гэта будзе вам законам ва ўсе векі; таксама той, хто кропіць вадой ачышчэння, хай вымые адзенне сваё; кожны, хто дакранецца да вады ачышчэння, нячысты будзе аж да вечара.
22 Усё, да чаго дакранецца нячысты, а таксама асоба, якая дакранецца да чаго-небудзь з гэтага, будуць нячыстымі аж да вечара».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 19 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.