Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 32 Лічбаў 32 раздзел

1 Сыны ж Рубэна і Гада мелі многа жывёлы. Калі яны ўбачылі зямлю Язэр і Галаад, прыдатныя на гадоўлю быдла,
2 прыйшлі яны да Майсея, і Элеязэра, і кіраўнікоў супольнасці і сказалі ім:
3 «Атарот, Дыбон, Язэр, Нэмра, Хесебон, Элеале, Сабам, Наба і Бэон, —
4 зямля, якую Госпад ударыў у прысутнасці супольнасці Ізраэля, край найураджайнейшы, прыдатны для гадоўлі жывёлы, і мы, паслугачы твае, маем вельмі многа жывёлы».
5 І далей казалі: «Калі мы знайшлі ласку ў цябе, дай гэтую зямлю паслугачам сваім ва ўласнасць, не пераводзь нас за Ярдан».
6 Адказаў ім Майсей: «Няўжо, калі браты вашы пойдуць ваяваць, вы тут будзеце сядзець?
7 Чаму вы стрымліваеце сэрцы сыноў Ізраэля, каб не мелі яны адвагі перайсці ў зямлю, якую ім мае даць Госпад?
8 Ці не так зрабілі бацькі вашы, калі паслаў я іх з Кадэс-Барнэ выведаць зямлю?
9 Калі дайшлі яны аж да даліны Нэгэлескал, выведаўшы ўвесь той край, стрымалі яны сэрцы сыноў Ізраэля, каб не ішлі ў зямлю, якую прызначыў ім Госпад.
10 І Госпад, узгарэўшыся гневам, прысягнуў, кажучы:
11 “Не ўбачаць гэтыя людзі, што выйшлі з Егіпта, дваццаці гадоў і вышэй, зямлі, якую Госпад пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ізааку і Якубу; бо не пажадалі Мяне слухаць,
12 апрача Калеба, сына Ефоны, кенэзея, і Ешуа, сына Нуна, бо яны слухалі Госпада!”
13 І, узгневаўшыся на Ізраэля, Госпад вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль не вымерла ўсё пакаленне, якое рабіла зло перад абліччам Госпада.
14 Вось, і вы, род ліхіх людзей, як і бацькі вашы, узбунтаваліся, каб павялічыць гнеўнае абурэнне Госпадава на Ізраэль.
15 Калі зноў не пажадаеце слухаць Яго, зноў будзе Ён вадзіць вас па пустыні вакол і вы будзеце прычынай гібелі ўсіх».
16 А яны падышлі бліжэй да яго і сказалі: «Мы пабудуем загарадзі для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых;
17 а самі, узброеныя і падпяраэзаныя, пойдзем ваяваць перад сынамі Ізраэля, пакуль не ўвядзём іх у іх мясціны. Дзеці нашы будуць жыць у гарадах, абмураваных дзеля падкопаў ад жыхароў зямлі гэтай.
18 Не вернемся мы ў дамы нашы, пакуль не завалодаюць сыны Ізраэля сваёй ўласнасцю;
19 і мы не будзем шукаць нічога за Ярданам або далей, бо ўжо маем сваю ўласнасць на ўсходнім беразе Ярдана».
20 Майсей адказаў ім: «Калі ўчыніце так, як вы сказалі, калі будзеце дзеля Госпада гатовыя да бою
21 і калі кожны мужчына-змагар, узброены, пяройдзе Ярдан, аж пакуль Госпад не выганіць ворагаў Сваіх перад Сабою,
22 і па авалоданні ўсёй гэтаю зямлёй вернецеся вы ў гэтую зямлю, тады не будзеце вінаватыя перад Госпадам і перад Ізраэлем і возьмеце гэтую зямлю ва ўласнасць перад Госпадам.
23 А калі тое, што кажаце, не споўніце, вы, несумненна, зграшыце перад Госпадам; і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.
24 Дык будуйце гарады дзецям вашым і загарадзі для авечак, і тое, што абяцалі, споўніце».
25 І сыны Гада і Рубэна сказалі Майсею: «Мы, паслугачы твае, зробім усё, што загадвае гаспадар наш:
26 нашы дзеці, жанчыны, статкі і ўючная жывёла застануцца ў гарадах Галаадскіх;
27 а паслугачы твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам Госпада на вайну, як загадваеш ты, гаспадар наш».
28 Дык Майсей загадаў святару Элеязэру, і Ешуа, сыну Нуна, і кіраўнікам родаў усіх пакаленняў Ізраэля
29 і сказаў ім: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць раку Ярдан, усе ўзброеныя, каб перад абліччам Госпада ваяваць, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім Галаад ва ўласнасць.
30 А калі не пажадаюць разам з вамі, узброеныя, ісці ў зямлю Ханаан, хай атрымаюць месцы для пасялення паміж вас».
31 І сыны Гада і сыны Рубэна адказалі: «Як загадаў Госпад паслугачам Сваім, так зробім.
32 Узброеныя, самі пойдзем перад абліччам Госпада ў зямлю Ханаан; і возьмем уласнасць нашую за Ярданам».
33 Такім чынам, даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакалення Манасы, сына Язэпа, царства Сэгона, цара амарэяў, і царства Ога, цара Басана, зямлю з гарадамі яе і межамі, гарады яе, што навокал.
34 І пабудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,
35 Атрот-Сафан, Язэр і Егбаа,
36 і Бэтнэмру і Бэтаран, абмураваныя гарады, і загарадзі для сваіх статкаў.
37 Сыны ж Рубэна будавалі Хесебон, Элеале і Карыятаім,
38 Нэба, Баал-Мэон, змяніўшы іх назвы, а таксама Сабаму, даючы назвы гарадам, якія адбудавалі.
39 А сыны Махіра, сына Манасы, пайшлі ў Галаад і занялі яго, выгнаўшы амарэяў, што жылі ў ім.
40 Дык даў Майсей Галаад Махіру, сыну Манасы, які і абжыўся ў ім.
41 Яір жа, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі амарэяў, якія назваў Гавот Яір.
42 Нобэ таксама выйшаў, і захапіў Канат з яго ваколіцамі, і назваў яго сваім імем — Нобэ.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 32 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.