Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 24 Лічбаў 24 раздзел

1 І калі Балаам пераканаўся, што Госпаду падабаецца, каб ён дабраславіў Ізраэль, не пайшоў, як раней хадзіў, каб варажыць, але, павярнуўшы аблічча сваё да пустыні
2 і падняўшы вочы, убачыў Ізраэль, што стаяў лагерам па сваіх пакаленнях, і, калі агарнуў яго Дух Божы,
3 сказаў ён прароцтва сваё, кажучы: «Кажа Балаам, сын Бэора, кажа чалавек, у якога адкрытыя вочы,
4 кажа той, хто чуе слова Божае, той, перад кім з’яўляецца Усемагутны, той, хто падае, але так вочы яго адкрываюцца.
5 О, як прыгожыя палаткі твае, Якубе, і паселішчы твае, Ізраэлю!
6 Раскінуліся яны, як даліны, як сады, што арошаны рэкамі, як дрэвы алоэ, якія Госпад пасадзіў, як кедры паблізу водаў.
7 Хай цячэ вада з вёдзер яго і хай зерне яго мае ўдосталь вільгаці. Хай цар яго ўзвысіцца над Агагам, і хай узнімецца царства яго.
8 Бог вывеў яго з Егіпта, Ён для яго, як рогі буйвала. Праглыне ён народы, ворагаў сваіх, а косці іх паламае і струшчыць стрэламі сваімі.
9 Ён ляжыць і спіць, як леў і як ільвіца, хто адважыцца пабудзіць яго? Хто дабраславіць цябе, той і сам будзе дабраславёны, хто пракляне цябе, сам будзе пракляты!»
10 І, разгневаны на Балаама, Балак, пляснуўшы рукамі, кажа: «На праклён ворагаў сваіх паклікаў я цябе, а іх ты ўжо трэці раз дабраславіў!
11 Вяртайся цяпер да свайго дому! Хацеў я цябе багата ўзнагародзіць, але Госпад пазбавіў цябе прыгатаванай узнагароды».
12 Балаам адказаў Балаку: «Ці ж ужо тваім пасланцам, пасланым табою да мяне, не казаў я:
13 “Нават калі Балак дасць мне поўны свой дом срэбра і золата, не змагу працівіцца слову Госпада; ані што добрае, ані што ліхое не выкажу з сэрца свайго, але толькі тое, што Госпад скажа, тое і я скажу?”
14 І цяпер, адыходзячы да народа майго, я скажу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім у апошнія часы».
15 І выказаў ён прароцтва, кажучы: «Кажа Балаам, сын Бэора, кажа чалавек, які мае адкрытыя вочы;
16 кажа той, хто чуе словы Божыя, хто ведае думку Найвышэйшага і бачыць з’яўленні Усемагутнага, які, падаючы, мае адкрытыя вочы.
17 Бачу яго, але яшчэ не цяпер; аглядаю яго, але не паблізу. Узыходзіць зорка з Якуба і паўстае скіпетр з Ізраэля; і ён струшчыць галаву Мааба і зруйнуе ўсіх сыноў Сэта.
18 І Эдом будзе ўласнасцю яго, і Сэір стане ўласнасцю яго ад ворагаў яго; Ізраэль будзе рабіць вялікія справы.
19 Ад Якуба будзе валадар і знішчыць ён рэшткі з народа».
20 І, калі ўбачыў ён Амалека, абвясціў прароцтва сваё, ён сказаў: «Амалек — першы з народаў, рэшткі яго знікнуць».
21 Убачыў таксама кінэяў, і абвясціў прароцтва сваё, і сказаў: «Моцнае жытло тваё і на скале пабудавана тваё гняздо;
22 але і яно прызначана на знішчэнне, калі Асур зняволіць цябе».
23 І абвясціў прароцтва сваё, і зноў сказаў ён: «Гора! Хто будзе жыць, калі Бог зробіць гэта?
24 Прыплывуць караблі з Кітыма, і перамогуць асірыйцаў, і спустошаць Гебэр, але ўрэшце і самі загінуць».
25 І ўстаў Балаам і вярнуўся на сваё месца; Балак жа дарогай, якой прыйшоў, пайшоў назад.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 24 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.