Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 10 Лічбаў 10 раздзел

1 І казаў Госпад Майсею, гаворачы:
2 «Зрабі сабе дзве трубы срэбраныя, чаканеныя, якімі зможаш склікаць сход, калі трэба будзе зняцца з лагера.
3 І калі ты зайграеш на трубах, збярэцца да цябе ўся супольнасць ля дзвярэй палаткі сустрэчы.
4 А калі зайграеш толькі ў адну, збяруцца да цябе князі і галовы грамады Ізраэля.
5 А калі прагучыць больш працяглы гук, хай здымуцца з лагера першымі тыя, хто знаходзіцца на ўсходнім баку;
6 а ў другую чаргу ў час гучання трубы, падобнага да выцця, хай звярнуць палаткі тыя, хто знаходзіцца на поўдні; і хай астатнія робяць такім жа чынам, калі трубы выццём клікаюць у дарогу.
7 А на збіранне супольнасці хай будзе просты, а не працяглы трубны гук.
8 Хай трубяць у трубы сыны Аарона, святары. І хай будзе гэта вам у пакаленнях вашых законам вечным.
9 Калі будзеце ісці на вайну ў зямлі вашай супраць ворага, які змагаецца супраць вас, працягла трубіце ў трубы; і гэта будзе ўспамін аб вас перад Госпадам, Богам вашым, каб пазбеглі вы рук ворагаў вашых.
10 Калі будзеце мець баляванне, і святочныя дні, і маладзікі, пры вашых ахвярах цэласпалення і ахвярах прымірэння трубіце ў трубы, каб яны былі ўспамінам аб Госпадзе для вас. Я — Госпад, Бог ваш!»
11 У другі год, у другі месяц, у дваццаты дзень месяца ўзнялося воблака па-над палаткай сведчання;
12 і адправіліся сыны Ізраэля ў дарогу сваю з пустыні Сінай, і спынілася воблака ў пустыні Паран.
13 І зняліся яны з лагера ў першы раз па загадзе Госпада, дадзеным праз Майсея.
14 Першым узняўся сцяг лагера сыноў Юды па іх дружынах, князем якіх быў Наасон, сын Амінадаба;
15 а князем дружыны пакалення Ісахара быў Натанаэль, сын Суара;
16 а князем дружыны пакалення Забулона быў Эліяб, сын Гэлона.
17 І была разабрана скінія, якую неслі па выхадзе сыны Гэрсона і Мэрары.
18 Адправіўся ў дарогу сцяг лагера сыноў Рубэна па сваіх дружынах, а над сваёй дружынай князем быў Элісур, сын Сэдэура.
19 А над дружынай пакалення сыноў Сімяона князем быў Саламіэль, сын Сурысадая.
20 А над дружынай пакалення сыноў Гада князем быў Эліясаф, сын Дэуэля.
21 Рушылі ў дарогу і сыны Кагата, што неслі свяцілішча. Перад тым, як яны прыбылі, скінія была ўжо пастаўлена.
22 Быў узняты сцяг лагера сыноў Эфраіма па сваіх дружынах, якіх князем быў Элісама, сын Аміюда.
23 А над дружынай пакалення сыноў Манасы князем быў Гамаліэль, сын Падасура;
24 а над дружынай пакалення сыноў Бэньяміна князем быў Абідан, сын Гедэона.
25 Нарэшце быў узняты сцяг лагера сыноў Дана па сваіх дружынах у войску, князем якіх быў Ахіязэр, сын Амісадая.
26 А над дружынай пакалення сыноў Асэра князем быў Пэгіэль, сын Акрана;
27 а над дружынай пакалення сыноў Нэфталі князем быў Ахіра, сын Энана.
28 Гэта — парадак выхаду сыноў Ізраэля па дружынах сваіх, калі яны выходзілі.
29 І сказаў Майсей Хабабу, сыну Рагуэля, мадыянца, свайму сваяку: «Адпраўляемся мы ў дарогу да месца, якое мае намер нам даць Госпад; ідзі з намі, і будзе табе добра з намі, бо Госпад абяцаў дабро Ізраэлю».
30 Той адказаў яму: «Не пайду я з табой, але вярнуся ў зямлю сваю, у якой я нарадзіўся».
31 І сказаў [Майсей]: «Не пакідай нас, бо ты ведаеш, у якіх месцах пустыні павінны мы ставіць лагер, і будзь нашымі вачамі.
32 А калі пойдзеш з намі, тое, што будзе найлепшае з багаццяў, якія дасць нам Госпад, аддадзім табе».
33 Дык адправіліся яны ў дарогу на тры дні з гары Госпада; і каўчэг запавету Госпадавага ішоў наперадзе іх на працягу трох дзён, выбіраючы месца для лагера.
34 Таксама воблака Госпадава было над імі ўдзень, калі яны выходзілі.
35 Калі ўздымаўся каўчэг, Майсей казаў: «Паўстань, Госпадзе, і хай рассеюцца непрыяцелі Твае, і хай уцякаюць ад аблічча Твайго тыя, што ненавідзяць Цябе».
36 А калі ставіўся каўчэг, казаў: «Вярніся, Госпадзе, да шматлікага войска ізраэльскага!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 10 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.