Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 15 Лічбаў 15 раздзел

1 Казаў Госпад Майсею, гаворачы:
2 «Паведамі сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю пражывання вашага, якую Я дам вам,
3 і будзеце складаць ахвяру Госпаду, цэласпаленні або ахвяру, выконваючы абяцанні, або прыносячы добраахвотна дары, або ў час святкаванняў вашых, выкурваючы прыемны Госпаду пах з валоў ці авечак,
4 хай той, хто прыносіць ахвяру, прынясе ў ахвяру з ежы дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, што мае колькасць чацвёртай часткі гіна,
5 як ахвяру з вадкасці павінен даць разам з ахвярай цэласпалення або з ахвярай прымірэння чацвёртую частку гіна віна на кожнае ягня.
6 Да бараноў хай будзе ахвяра з дзвюх трэціх эфы пшанічнай мукі, якая хай будзе запраўлена трэцяй часткай гіна алею,
7 а да паху, прыемнага Госпаду, хай прынясе віна для ўзлівання — трэцюю частку таго ж памеру.
8 Калі складзеце цэласпаленне з бычкоў або ахвяру, каб споўніць абяцанне, або ў ахвяру прымірэння Госпаду,
9 дай па адным бычку на тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, запраўленай паловай гіна алею,
10 і віна для ўчынення ўзліванняў той жа колькасці ў ахвяру дзеля паху, найпрыемнейшага для Госпада.
11 Так трэба рабіць пры кожнай ахвяры з бычка або барана, або авечак, або коз.
12 Паводле ліку ахвяр, якія вы складаеце, так рабіце пры кожнай, паводле ліку іх.
13 Кожны тутэйшы па тым жа парадку хай прыносіць ахвяру з агню дзеля паху, прыемнага для Госпада.
14 А ўсякі чужаземец, што пражывае ў вас, або які пасяліўся сярод вас у пакаленнях вашых, хай складае ахвяру з агню дзеля паху, прыемнага Госпаду, тым жа чынам, што і вы.
15 Адна пастанова хай будзе для вас і для чужаземцаў ва ўсе пакаленні вашы перад Госпадам.
16 Адзін закон і адно прыказанне хай будзе як для вас, так і для чужаземцаў, што прабываюць у вас”».
17 Казаў Госпад Майсею, гаворачы:
18 «Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі вы прыйдзеце ў зямлю, якую Я вам дам,
19 і калі будзеце есці хлеб з той зямлі, то аддзяліце перш асаблівы дар Госпаду.
20 Ад першага цеста вашага пірог прынясіце як асаблівы дар з току.
21 Будзеце складаць пяршыні цеста як асаблівы дар Госпаду ва ўсе пакаленні вашы.
22 Калі праз няведанне вы не споўніце што-небудзь з таго, што перадаў Госпад праз Майсея
23 і загадаў вам праз яго, ад дня, у які Госпад загадаў гэта, і далей да пакаленняў вашых,
24 калі будзеце вы далёка ад вачэй грамады, хай грамада складзе ў ахвяру цэласпалення цяля са статка дзеля паху, прыемнага Госпаду; і ахвяру на ўзліванні да яго, як патрабуе цырымонія, і казла за грэх.
25 Хай святар ачысціць усю супольнасць сыноў Ізраэля, і хай будзе ім адпушчана, бо яны зграшылі не добраахвотна, і ўсё ж прыносячы ахвяру агню для Госпада за сябе, і за грэх, і за памылку сваю.
26 І хай адпушчана будзе ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля, і чужаземцам, што пражываюць сярод іх, бо была гэта віна ўсяго народа па няведанні.
27 Бо калі адна душа грашыць па няведанні, то хай прынясе аднагадовую казу за грэх свой.
28 І святар хай ачысціць яе за тое, што па няведанні зграшыла перад Госпадам; і ён ачысціць яе, і хай будзе адпушчана ёй.
29 Хай будзе адзін закон для ўсіх, як для тутэйшых, так і для чужаземцаў, для тых, хто зграшыў па няведанні.
30 А душа, якая ўчыніла што-небудзь свядома, ці то тутэйшы, ці то чужаземец, бо была бунтаром супраць Госпада, будзе вынішчана душа тая з народа свайго.
31 Бо яна пагрэбавала словам Госпада і парушыла прыказанне Яго; таму будзе яна знішчана і панясе адказнасць за грэх свой”».
32 І здарылася, калі сыны Ізраэля прабывалі ў пустыні і напаткалі чалавека, што збіраў дровы ў дзень суботы,
33 яны прывялі яго да Майсея і Аарона і да ўсёй грамады,
34 якія ўзялі яго пад варту, не ведаючы, што з ім павінны зрабіць.
35 І Госпад сказаў Майсею: «Гэты чалавек павінен памерці; хай уся грамада ўкамянуе яго па-за лагерам».
36 І калі яны вывелі яго па-за лагер, укаменавалі яго, як загадаў Госпад, і памёр ён.
37 І зноў кажа Госпад Майсею:
38 «Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім, каб зрабілі сабе махры па краях шатаў сваіх, укладваючы ў іх стужкі фіялетавыя.
39 Калі іх убачыце, прыгадаеце ўсе прыказанні Госпада і споўніце іх, і не ідзіце за думкамі вашымі і вачамі, якія аддаюцца распусце праз розныя рэчы,
40 але, памятаючы ўсе Мае прыказанні, спаўняйце іх, і будзеце святымі перад Богам вашым.
41 Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — Госпад, Бог ваш!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 15 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.