Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лікі 15 Лікі 15 раздзел

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю пражываньня вашага, якую Я даю вам,
3 і будзеце складаць ахвяры ГОСПАДУ, цэласпаленьні або ахвяры крывавыя, або як спаўненьне шлюбаваньняў, або дабраахвотныя, або пры ўрачыстасьцях вашых, каб прынесьці мілы пах ГОСПАДУ з валоў ці з авечак,
4 тады той, хто прыносіць дар ахвярны ГОСПАДУ, [прынясе] ў ахвяру хлебную адну дзясятую [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай адной чацьвёртай гіну алею.
5 І віна як ахвяру вадкую дасьць разам з ахвярай цэласпаленьня або з ахвярай крывавай чацьвёртую частку гіну на кожнае ягня.
6 А разам з ахвярай з барана складзеш як ахвяру хлебную дзьве трэці [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай адной трэцяй гіну алею,
7 і віна як ахвяру вадкую адну траціну гіну прынясеш на мілы пах ГОСПАДУ.
8 Калі складаеш у ахвяру цяля на цэласпаленьне або ў ахвяру крывавую як спаўненьне шлюбаваньня, або ў ахвяру мірную для ГОСПАДА,
9 дасі разам з цялём у ахвяру хлебную тры дзясятыя часткі [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай паловай гіну алею,
10 а ў ахвяру вадкую дасі палову гіну віна. Гэта ахвяра агнявая на мілы пах ГОСПАДУ.
11 Так трэба рабіць пры кожнай ахвяры з цяляці, або барана, або ягняці як з авечак, так і з козаў.
12 Паводле ліку ахвяраў, якія вы складаеце, так рабіце пры кожнай, паводле лічбы іх.
13 Кожны тутэйшы так павінен рабіць гэта, складаючы ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ.
14 А калі нейкі прыхадзень, які ў вас, або які [шмат] пакаленьняў сярод вас, складзе ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ, павінен складаць яе, як і вы.
15 Пастанова царкоўная адна і для вас, і для прыхадняў у-ва ўсе пакаленьні вашыя; як вы, так і прыхадзень будзе перад абліччам ГОСПАДА.
16 Адзін закон і адзін суд будзе як для вас, так і для прыхадняў, якія жывуць у вас”».
17 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
18 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы прыйдзеце ў зямлю, у якую Я заводжу вас,
19 і калі будзеце есьці хлеб той зямлі, выдзяліце дар для ГОСПАДА.
20 Пяршыны цеста вашага печыва прынясіце як дар, як дар з току прынясіце яго.
21 Будзеце складаць пяршыны цеста вашага як дар для ГОСПАДА ў-ва ўсе пакаленьні вашыя.
22 Калі праз няведаньне вы ня споўніце ўсіх гэтых прыказаньняў, якія прамовіў ГОСПАД да Майсея,
23 таго ўсяго, што загадаў вам ГОСПАД праз Майсея, ад дня, у які ГОСПАД загадаў гэта, і праз усе пакаленьні вашыя,
24 і станецца, што перад вачыма грамады будзе зроблена гэта занядбаньне, павінна ўся грамада скласьці цяля ў ахвяру цэласпаленьня на мілы пах ГОСПАДУ, адпаведную ахвяру хлебную і ахвяру вадкую, і казла ў ахвяру за грэх.
25 І перамоліць сьвятар за ўсю грамаду сыноў Ізраіля, і будзе ім адпушчана, бо было гэта зроблена па няведаньні, і яны прынесьлі свой дар ахвярны, ахвяру агнявую для ГОСПАДА, і ахвяру за грэх перад абліччам ГОСПАДА за занядбаньне сваё.
26 І будзе адпушчана ўсёй грамадзе сыноў Ізраіля і прыхадням, якія жывуць сярод іх, бо гэта занядбаньне ўсяго народу.
27 Калі адна душа саграшыць занядбаньнем, няхай прынясе аднагадовую казу ў ахвяру за грэх.
28 І сьвятар перапросіць за душу, якая праз занядбаньне саграшыла перад абліччам ГОСПАДА, і будзе за яе перапрошана, і будзе адпушчана ёй.
29 Адзін закон будзе для ўсіх, як для тутэйшых спасярод сыноў Ізраіля, так і для прыхадняў, якія жывуць сярод вас, адносна таго, што рабіць пры занядбаньні.
30 А калі душа з тутэйшых або з прыхадняў зробіць з узьнятай рукой зьнявагу ГОСПАДУ, будзе вынішчана душа тая спаміж народу свайго,
31 бо яна пагардзіла словам ГОСПАДА і парушыла прыказаньне Ягонае. Такая душа будзе вынішчаная, і беззаконьне ейнае [будзе] на ёй”».
32 І былі сыны Ізраіля ў пустыні, і знайшлі яны чалавека, які зьбіраў дровы ў дзень суботы.
33 І прывялі яго тыя, кія знайшлі яго, да Майсея і Аарона, і да ўсёй грамады.
34 Яны пакінулі яго пад вартай, бо ня ведалі, што з ім зрабіць.
35 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Гэты чалавек сьмерцю памрэ. Няхай уся грамада ўкамянуе яго па-за табарам».
36 І вывела яго ўся грамада па-за табар, і ўкаменавалі яго, як загадаў ГОСПАД Майсею, і ён памёр.
37 І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:
38 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім, каб яны зрабілі сабе фрэнзьлі на краях шатаў сваіх і нашчадкаў сваіх і ўклалі ў іх ніткі з блакіту.
39 І будзе, калі ўбачыце фрэнзлі вашыя, узгадаеце ўсе прыказаньні ГОСПАДА, каб выканаць іх і каб не ісьці вам за [пажаданьнямі] сэрца вашага і вачэй вашых, якія валакуць вас у распуснасьць,
40 каб вы памяталі і каб выконвалі ўсе прыказаньні Мае, і будзеце сьвятымі перад Богам вашым.
41 Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — ГОСПАД, Бог ваш!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лікі, 15 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.