Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лікі 27 Лікі 27 раздзел

1 І наблізіліся дочкі Цэлафхада, сына Хэфэра, сына Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, з сям’і Манасы, сына Язэпа, а імёны іхнія: Махля, Ноа, Хогля, Мілька і Тырца.
2 І сталі яны перад абліччам Майсея і Элеазара сьвятара, і перад абліччам князёў і усёй грамады каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, кажучы:
3 «Бацька наш памёр у пустыні, але ня быў ён сярод грамады, якая сабралася разам з Карахам супраць ГОСПАДА, бо ён памёр у граху сваім, і не было сыноў у яго.
4 Чаму мае зьнікнуць імя бацькі нашага з сям’і ягонай, бо ня меў ён сына? Дайце нам уласнасьць паміж братоў бацькі нашага».
5 І прынёс Майсей справу іхнюю перад аблічча ГОСПАДА.
6 І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:
7 «[Справядліва] дамагаюцца дочкі Цэлафхада. Дай ім уласнасьць, спадчыну паміж братоў бацькі іхняга, і няхай яны маюць спадчыну бацькі іхняга.
8 А да сыноў Ізраіля прамоў, кажучы: “Калі чалавек памрэ і сына мець ня будзе, спадчына ягоная пераходзіць на дачку ягоную.
9 Калі ён ня мае дачкі, спадчыну ягоную аддайце братам ягоным.
10 Калі ён ня мае братоў, аддайце спадчыну ягоную братам бацькі ягонага.
11 Калі няма братоў бацькі ягонага, тады спадчына ягоная пераходзіць найбліжэйшаму сваяку ў сям’і ягонай, і ён возьме спадчыну”. І гэта будзе пастанова для сыноў Ізраіля, прысуд, які загадаў ГОСПАД Майсею».
12 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Узыйдзі на гару Абарым і паглядзі на зямлю, якую Я дам сынам Ізраіля.
13 І ты ўбачыш яе, і будзеш далучаны да народу свайго, як быў далучаны Аарон, брат твой,
14 бо вы супрацівіліся [слову] з вуснаў Маіх у пустыні Сін падчас бунту грамады, бо вы не зьявілі сьвятасьць Маю перад вачыма іхнімі, [даючы ім] вады». Гэта вада Мэрывы каля Кадэшу ў пустыні Сін.
15 І прамовіў Майсей да ГОСПАДА, кажучы:
16 «Няхай ГОСПАД, Бог духаў і кожнага цела, прызначыць чалавека, які [будзе кіраваць] грамадой гэтай,
17 і які будзе выходзіць і ўваходзіць перад абліччам іхнім, выводзіць іх і ўводзіць, каб ня сталася грамада ГОСПАДА як авечкі без пастуха».
18 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вазьмі Егошуа, сына Нуна, чалавека, на якім Дух [Божы]; і ўскладзі рукі твае на яго.
19 І пастаў яго перад абліччам Элеазара сьвятара і перад абліччам усёй грамады, і перад вачыма іхнімі пастаў яго [правадыром].
20 І ўладай сваёй падтрымай яго, каб слухала яго ўся грамада сыноў Ізраіля.
21 І стане ён перад абліччам Элеазара сьвятара, а ён пра яго спытаецца перад абліччам ГОСПАДА праз суд урыму. Паводле [слова] з вуснаў Ягоных будзе выходзіць і ўваходзіць ён сам, і ўсе сыны Ізраіля з ім, і ўся грамада».
22 І зрабіў Майсей так, як яму загадаў ГОСПАД. І ўзяў Егошуа, і паставіў яго перад абліччам Элеазара сьвятара і ўсёй грамады,
23 і ўсклаў на яго рукі свае, і паставіў яго [правадыром], як прамовіў ГОСПАД праз Майсея.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лікі, 27 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.