Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лікі 13 Лікі 13 раздзел

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «Пашлі людзей, і яны выведаюць зямлю Ханаан, якую Я даю сынам Ізраіля, па адным з кожнага пакаленьня бацькоў іхніх, вышліце ўсіх князёў сярод іх».
3 І паслаў іх Майсей з пустыні Паран паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, а ўсе яны галовы сыноў Ізраіля.
4 Вось імёны іхнія: з пакаленьня Рубэна — Шамуа, сын Закура;
5 з пакаленьня Сымона — Шафат, сын Хоры;
6 з пакаленьня Юды — Халеў, сын Ефунны;
7 з пакаленьня Ісахара — Ігаль, сын Язэпа;
8 з пакаленьня Эфраіма — Ошэа, сын Нуна;
9 з пакаленьня Бэн’яміна — Пальты, сын Рафу;
10 з пакаленьня Завулёна — Гадыэль, сын Соды,
11 з пакаленьня Язэпа, пакаленьня Манасы — Гады, сын Сусі,
12 з пакаленьня Дана — Аміэль, сын Гемальлі,
13 з пакаленьня Асэра — Сэтур, сын Міхаэля,
14 з пакаленьня Нэфталі — Нахбі, сын Вафсі,
15 з пакаленьня Гада — Геўэль, сын Махі.
16 Гэта вось імёны мужчынаў, якіх паслаў Майсей для выведваньня зямлі [Ханаан]. І Ошэа, сына Нуна, назваў Майсей Егошуа.
17 І паслаў іх Майсей дзеля выведваньня зямлі Ханаан, і сказаў ім: «Ідзіце праз Нэгеў, і прыйдзеце ў горы,
18 і разгледзьце зямлю, якая яна, і народ, які жыве на ёй, ці моцны ён, ці кволы, ці нямногія лікам, ці шматлікія?
19 І якая зямля, на якой яны жывуць, ці добрая, ці ліхая? Якія гарады, у якіх яны жывуць, ці як табар, ці з мурамі?
20 І якая зямля, ці ўрадлівая, ці пустая, ці [ёсьць] там дрэвы, ці няма іх? Будзьце мужныя і прынясіце пладоў той зямлі». А былі тады дні дасьпяваньня вінаграду.
21 І яны пайшлі, і выведалі зямлю ад пустыні Сін аж па Рэхоб каля ўваходу ў Хамат.
22 І дайшлі да Нэгеву, а адтуль прыйшлі ў Хеўрон, дзе жылі Ахіман, Шэшай і Тальмай, нашчадкі Анака. А Хеўрон пабудаваны на сем гадоў раней, чым Цаан у Эгіпце.
23 І дайшлі яны аж да даліны Эшколь, там зрэзалі галінку з адной гронкай вінаграду, якую несьлі на жэрдцы два [чалавекі], ўзялі яблыкаў гранатовых і фігаў.
24 І назвалі месца тое далінай Эшколь, таму што адтуль сыны Ізраіля несьлі гронку [вінаграду].
25 І вярнуліся выведчыкі зямлі праз сорак дзён.
26 І ішлі, і прыйшлі да Майсея і Аарона, і да ўсёй грамады сыноў Ізраіля ў пустыню Паран, у Кадэш. І зьвярнулі словы да іх і да ўсёй грамады, і паказалі ім плады той зямлі.
27 І расказвалі ім, і сказалі: «Мы прыйшлі ў зямлю, у якую ты паслаў нас, якая сапраўды ацякае малаком і мёдам, і такія плады ейныя.
28 Але народ, які жыве на ёй, дужы, і гарады вельмі вялікія і ўмацаваныя. Бачылі мы там таксама нашчадкаў Анака.
29 Амалекцы жывуць у зямлі Нэгеў; Хеты, Евусэі і Амарэйцы жывуць у гарах, а Хананейцы жывуць каля мора і на беразе Ярдану».
30 І Халеў супакойваў [абурэньне] народу супраць Майсея, і казаў: «Пойдзем і здабудзем зямлю, бо мы [можам]авалодаць ёю».
31 А іншыя, якія хадзілі з ім, казалі: «Ня зможам мы ваяваць з тым народам, бо ён дужэйшы за нас».
32 І гаварылі ліхія весткі пра зямлю, якую аглядалі, паміж сыноў Ізраіля, кажучы: «Зямля, якую мы прайшлі, каб выведаць яе, пажырае жыхароў сваіх, а ўвесь народ, які мы бачылі ў ёй, — высокага росту.
33 Бачылі мы там нэфілімаў, сыноў Анака, з роду нэфілімаў, і ў вачах нашых мы былі як саранча, і такімі ж мы былі ў вачах іхніх».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лікі, 13 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.