Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лікі 31 Лікі 31 раздзел

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «Помстай адпомсьці за сыноў Ізраіля Мадыянцам, а потым будзеш далучаны да народу свайго».
3 І прамовіў Майсей да народу, кажучы: «Узбройце спаміж сябе мужчынаў на вайну, і няхай яны выйдуць супраць Мадыянцаў, і выканаюць помсту ГОСПАДА над Мадыянцамі.
4 [Выбярыце] па тысячы з пакаленьня, з кожнага пакаленьня Ізраіля і пашліце на вайну».
5 І выдзелена было па тысячы з кожнага пакаленьня Ізраіля, дванаццаць тысячаў узброеных да бою.
6 І паслаў іх Майсей па тысячы з пакаленьня, і Пінхас, сын Элеазара сьвятара, на вайну. І посуд сьвяты, і трубы [былі] ў руцэ ягонай.
7 І ваявалі яны супраць Мадыянцаў, як загадаў ГОСПАД Майсею, і выбілі ўсіх мужчынаў,
8 і валадароў Мадыяну пазабвалі, акрамя тых, якія загінулі ў бітве: Эвія, Рэкема, Цура, Хура, Рэву, пяць валадароў Мадыяну; і Білеама, сына Бэора, забілі мячом.
9 І ўзялі ў палон сыны Ізраіля жанчынаў Мадыянскіх і дзяцей іхніх. І ўсю жывёлу іхнюю, і ўсе статкі іхнія, і ўсю маёмасьць іхнюю забралі,
10 а ўсе гарады іхнія, усе паселішчы іхнія і ўсе мястэчкі іхнія спалілі агнём.
11 І забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу.
12 І прывялі яны палонных, і здабычу, і нарабаванае да Майсея і Элеазара сьвятара, і да ўсёй грамады сыноў Ізраіля ў табар на раўнінах Мааву над Ярданам насупраць Ерыхону.
13 І выйшлі Майсей і Элеазар сьвятар, і ўсе князі грамады на сустрэчу ім па-за табар.
14 І загневаўся Майсей на начальнікаў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, якія вярталіся з вайны.
15 І сказаў ім Майсей: «Чаму вы пакінулі пры жыцьці ўсіх жанчынаў?
16 Ці ж не яны за намовай Білеама сыноў Ізраіля зрабілі нявернымі перад ГОСПАДАМ праз Пэора, і была пляга сярод грамады ГОСПАДА?
17 І цяпер забіце ўсіх дзяцей мужчынскага роду і ўсіх жанчынаў, якія пазналі мужчынаў.
18 А ўсіх дзяўчат, якія не пазналі мужчынаў, пакіньце пры жыцьці.
19 І вы будзеце па-за табарам сем дзён. Усе, хто забіў [душу] або дакрануўся да забітага, мусіць ачысьціцца ў трэці і ў сёмы дзень, вы і палонныя вашыя.
20 І ўсё адзеньне, і ўсе вырабы са скуры, і ўсё, што зроблена з воўны казінай, і ўсе драўляныя рэчы будуць ачышчаны».
21 І сказаў Элеазар сьвятар ваярам, якія былі на вайне: «Гэта пастанова закону, якую загадаў ГОСПАД Майсею.
22 Золата, срэбра, медзь, жалеза, цына, волава
23 і ўсе рэчы, якія могуць прайсьці праз агонь, няхай пройдуць праз агонь і будуць чыстымі. Тое, што ня можа прайсьці праз агонь, няхай пройдзе праз ваду, і будзе ачышчана нячыстасьць.
24 І ў сёмы дзень вы памыеце адзеньне вашае, і будзеце ачышчаныя, і ўвойдзеце ў табар».
25 І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:
26 «Палічыце здабычу, якая здабытая, ад чалавека да жывёлы, ты і Элеазар сьвятар, і галовы дамоў грамады.
27 І падзеліш здабычу паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж усёй грамадой.
28 І выдзеліш частку ГОСПАДУ ад ваяроў, якія былі на вайне — адну душу на пяцьсот, як з людзей, так і з валоў, аслоў і авечак.
29 І з гэтай паловы возьмеш і дасі Элеазару сьвятару як ахвярны дар ГОСПАДУ.
30 А з паловы сыноў Ізраіля вазьмі адну частку з пяцідзесяці: з людзей, валоў, аслоў і авечак, з усяго быдла, і дасі гэта лявітам, якія служаць пры Сялібе ГОСПАДА».
31 І зрабілі Майсей і Элеазар сьвятар, як загадаў ГОСПАД Майсею.
32 І была здабыча, якую народ здабыў на вайне, — шэсьцьсот семдзясят пяць тысячаў авечак,
33 семдзясят дзьве тысячы валоў,
34 шэсьцьдзясят адна тысяча аслоў,
35 а душаў людзкіх, жанчынаў, якія не пазналі мужчынаў, было разам трыццаць дзьве тысячы.
36 І была палова дадзена тым, якія былі на вайне: трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авечак.
37 І была частка ГОСПАДУ з авечак — шэсьцьсот семдзясят пяць авечак.
38 [І было] валоў трыццаць шэсьць тысячаў, а частка ГОСПАДУ [была] семдзясят два [валы].
39 [І было] трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў, а частка ГОСПАДУ [была] шэсьцьдзясят адзін [асёл].
40 [І было] шаснаццаць тысячаў душаў людзкіх, а частка ГОСПАДУ [была] трыццаць дзьве душы.
41 І аддаў Майсей Элеазару сьвятару частку гэтую як дар ахвярны ГОСПАДУ, як загадаў ГОСПАД Майсею.
42 А палова для сыноў Ізраіля, якую ўзяў Майсей у ваяроў, [была]:
43 трыста трыццаць сем тысячаў пяцьсот авечак,
44 трыццаць шэсьць тысячаў валоў,
45 трыццаць тысячаў пяцьсот аслоў
46 і шаснаццаць тысячаў душаў людзкіх.
47 І ўзяў Майсей з паловы сыноў Ізраіля адну пяцідзясятую частку з людзей і жывёлы, і аддаў яе лявітам, якія служаць пры Сялібе ГОСПАДА, як загадаў ГОСПАД Майсею.
48 І прыйшлі да Майсея правадыры, начальнікі дружынаў войска, тысячнікі і сотнікі,
49 і сказалі Майсею: «Мы, слугі твае, палічылі ваяроў, якія пад рукой нашай, і не загінуў ніводзін з іх.
50 І прынесьлі мы як дар ахвярны ГОСПАДУ знойдзеныя вырабы з золата: ланцужкі, бранзалеты, пярсьцёнкі, завушніцы і нашыйнікі, каб перапрасіць за душы нашыя перад абліччам ГОСПАДА».
51 І ўзялі Майсей і Элеазар сьвятар золата і ўсе вырабы з яго.
52 І было золата, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру ГОСПАДУ, шаснаццаць тысячаў семсот пяцьдзясят сыкляў.
53 А кожны з ваяроў меў яшчэ сваю здабычу.
54 І ўзялі Майсей і Элеазар сьвятар золата ад тысячнікаў і сотнікаў, і занесьлі ў Намёт Спатканьня як памятны дар сыноў Ізраіля перад абліччам ГОСПАДА.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лікі, 31 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.