Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лікі 34 Лікі 34 раздзел

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «Загадай сынам Ізраіля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, вось зямля, якая будзе вам у спадчыну, зямля Ханаан у межах ейных.
3 Паўднёвая мяжа будзе ад пустыні Сін да ваколіц Эдому, і будзе паўднёвая мяжа з усходу ад краю Мора Салёнага.
4 І зьверне мяжа вашая на поўдзень да ўзвышша Акраббім, і пойдзе праз Сін на поўдзень да Кадэш-Барнэа, і пойдзе да Хацар-Адару, і дойдзе да Ацмону.
5 Ад Ацмону паверне [мяжа] да ручаю Эгіпецкага і спыніцца на беразе мора.
6 Вашай мяжой заходняй будзе для вас Мора Вялікае, гэта будзе ваша мяжа заходняя.
7 На поўначы будзе ў вас мяжа ад Мора Вялікага пачынаючы і аж да гары Гор,
8 і ад гары Гор павядзіце [мяжу] да ўваходу ў Хамат і далей, да мяжы Цэдаду.
9 І пойдзе мяжа да Зіфрону, і дойдзе да Гацар-Энану. Гэта будзе для вас мяжа паўночная.
10 Усходнюю мяжу правядзіце ад Гацар-Энану да Шэфамы,
11 і ад Шэфамы пойдзе мяжа да Рыўлі на ўсход да Аіну, і зыйдзе мяжа далей, і пройдзе праз горы на ўсход ад мора Кінэрэт,
12 і зыйдзе мяжа ўздоўж Ярдану, і спыніцца пры Моры Салёным. Гэта будзе зямля вашая з межамі сваімі наўкола”».
13 І загадаў Майсей сынам Ізраіля, кажучы: «Вось зямля, якую маеце падзяліць жэрабям і якую загадаў ГОСПАД даць дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня.
14 Бо пакаленьне сыноў Рубэна паводле дамоў бацькоў сваіх, і пакаленьне сыноў Гада паводле дамоў бацькоў сваіх, і палова пакаленьня Манасы атрымалі спадчыну сваю.
15 Гэтыя два пакаленьні і палова пакаленьня ўзялі спадчыну сваю з таго боку Ярдану насупраць Ерыхону на ўсход».
16 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
17 «Гэта імёны людзей, якія падзеляць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Егошуа, сын Нуна.
18 І возьмеце па адным князі з кожнага пакаленьня, каб падзяліць зямлю на ўласнасьць.
19 Вось імёны тых людзей: з пакаленьня Юды — Халеў, сын Ефунны,
20 з пакаленьня сыноў Сымона — Шэмюэль, сын Амігуда,
21 з пакаленьня Бэн’яміна — Элідад, сын Кісьлёна,
22 з пакаленьня сыноў Дана — Букі, сын Ёглі,
23 з сыноў Язэпа, з пакаленьня сыноў Манасы — Ханіэль, сын Эфода,
24 з пакаленьня сыноў Эфраіма — Кэмуэль, сын Шыфтана,
25 з пакаленьня сыноў Завулёна — Эліцафан, сын Парнаха,
26 з пакаленьня сыноў Ісахара — Пальтыэль, сын Азана,
27 з пакаленьня сыноў Асэра — Эхігуд, сын Шэломіі,
28 з пакаленьня сыноў Нэфталі — Пэдагель, сын Амігуда».
29 Гэта тыя, якім загадаў ГОСПАД падзяліць зямлю Ханаан між сыноў Ізраіля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лікі, 34 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.