Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лікі 36 Лікі 36 раздзел

1 І прыйшлі галовы бацькоў сем’яў сыноў Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, з роду сыноў Язэпа, і расказалі Майсею, і князям, і галовам бацькоў сыноў Ізраіля,
2 і сказалі: «Гаспадару нашаму загадаў ГОСПАД жэрабям падзяліць зямлю паміж сынамі Ізраіля, і гаспадар наш атрымаў загад ГОСПАДА даць спадчыну Цэлафхада, брата нашага, дочкам ягоным.
3 Але калі яны будуць жонкамі аднаго з сыноў іншага калена сыноў Ізраіля, спадчына іхняя адымецца ад спадчыны бацькоў нашых і далучыцца да таго пакаленьня, у якім яны будуць жыць, і наша частка, атрыманая жэрабям, змалее.
4 І калі для сыноў Ізраіля прыйдзе год юбілейны, тады іх спадчына будзе назаўсёды належаць да пакаленьня, да якога яны ўвайшлі, а спадчына пакаленьня бацькоў нашых паменшыцца на спадчыну іхнюю».
5 І загадаў Майсей сынам Ізраіля паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, кажучы: «Справядлівае слова пакаленьня сыноў Язэпа.
6 Вось слова, якое загадаў ГОСПАД дочкам Цэлафхада, кажучы: "Яны могуць ісьці замуж за таго, хто добры ў вачах іхніх, але за мужчынаў пакаленьня бацькі свайго могуць ісьці замуж.
7 Няхай не пераходзіць спадчына сыноў Ізраіля з аднаго пакаленьня ў другое пакаленьне. Няхай сыны Ізраіля трымаюцца спадчыны пакаленьня бацькоў сваіх.
8 Кожная дзяўчына, якая атрымае спадчыну ў пакаленьні сыноў Ізраіля, стане жонкаю аднаго з мужчынаў пакаленьня бацькоў сваіх, каб сыны Ізраіля захавалі спадчыну бацькоў сваіх,
9 і каб спадчына не пераходзіла з аднаго пакаленьня ў другое пакаленьне. Пакаленьні сыноў Ізраіля павінны трымацца спадчыны сваёй"».
10 Як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі дочкі Цэлафхада,
11 і выйшлі замуж Махля, Тырца, Хогля, Мілька і Ноа, дочкі Цэлафхада, за сыноў дзядзькоў сваіх.
12 Пайшлі яны замуж за [людзей] з сям’і сыноў Манасы, сына Язэпа, і так спадчына іхняя засталася пры пакаленьні сям’і бацькі іхняга.
13 Гэта прыказаньні і прысуды, якія загадаў ГОСПАД праз Майсея сынам Ізраіля на раўнінах Мааву каля Ярдану насупраць Ерыхону.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лікі, 36 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.