Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лікі 20 Лікі 20 раздзел

1 І прыйшлі ў першы месяц сыны Ізраіля, уся грамада, у пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэшы. Там памерла Мірыям, і там была пахаваная.
2 І не было вады для грамады, і зграмадзіліся яны супраць Майсея і Аарона.
3 І спрачаўся народ з Майсеем, і яны казалі: «Лепш, каб мы загінулі, калі загінулі браты нашыя перад абліччам ГОСПАДА!
4 Навошта вывелі вы царкву ГОСПАДА ў пустыню гэтую, каб там загінулі мы і жывёла нашая?
5 Навошта вы нас вывелі з Эгіпту, каб завесьці нас у гэтае месца ліхое, дзе сеяць нельга, дзе дрэва фігавае не расьце, ані вінаград, ані дрэвы гранатовыя, і вады няма для піцьця?»
6 І Майсей і Аарон адыйшлі ад аблічча царквы да ўваходу ў Намёт Спатканьня, і ўпалі на абліччы свае. І зьявілася слава ГОСПАДА над імі.
7 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
8 «Вазьмі кій і зьбярыце грамаду, ты і Аарон, брат твой, і прамоўце да скалы перад вачыма іхнімі, і яна дасьць ваду. І ты выведзеш ваду са скалы, і напоіш грамаду і жывёлу ейную».
9 І ўзяў Майсей кій спрад аблічча ГОСПАДА, як [Госпад] загадаў яму.
10 І Майсей і Аарон сабралі царкву перад скалою, і сказаў [Майсей]: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесьці ваду для вас?»
11 І падняў Майсей руку сваю, і ўдарыў скалу кіем сваім два разы. І выцякла шмат вады, і напілася грамада і жывёла іх.
12 І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «За тое, што вы не паверылі Мне, каб выявіць сьвятасьць Маю перад вачыма сыноў Ізраіля, вы не ўвядзіцё царкву гэтую ў зямлю, якую Я даў ім».
13 Гэта вось вада Мэрывы, дзе спрачаліся сыны Ізраіля супраць ГОСПАДА і дзе Ён выявіў сьвятасьць Сваю перад імі.
14 І паслаў Майсей з Кадэшу паслоў да валадара Эдому, каб яны сказалі: «Я — брат твой, Ізраіль: Ты ведаеш усе беды, якія спаткалі нас.
15 І зыйшлі бацькі нашыя ў Эгіпет, і жылі ў Эгіпце шмат дзён, і Эгіпцяне крыўдзілі нас і бацькоў нашых,
16 і мы клікалі да ГОСПАДА, і Ён выслухаў голас наш, і паслаў анёла, і вывеў нас з Эгіпту. І вось, мы ў горадзе Кадэшы, на мяжы тваёй.
17 Просім, дазволь прайсьці праз зямлю тваю. Ня пойдзем мы праз палі і вінаграднікі і ня будзем піць вады са студняў. Мы пойдзем шляхам валадарскім, не адхіляючыся ані направа, ані налева, пакуль не мінем межаў тваіх».
18 І сказаў ім Эдом: «Ня пройдзеш праз мяне, бо я з мячом выйду насустрач табе».
19 І сказалі яму сыны Ізраіля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду тваю, мы і жывёла наша, заплацім. Нічога не жадаем, толькі прайсьці пехатою».
20 І сказаў [Эдом]: «Ня пройдзеце!» І выйшаў Эдом супраць іх з народам шматлікім і рукою моцнаю.
21 І забараніў Эдом Ізраілю пераходзіць межы свае, і Ізраіль адыйшоў у бок ад яго.
22 І вырушылі з Кадэшу, і прыйшлі сыны Ізраіля, уся грамада, пад гару Гор.
23 І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону каля гары Гор, якая на мяжы зямлі Эдому, кажучы:
24 «Аарон будзе далучаны да народу свайго, бо ён ня ўвойдзе ў зямлю, якую Я дам сынам Ізраіля, таму што вы супрацівіліся [слову] з вуснаў Маіх ля водаў Мэрывы.
25 Вазьмі Аарона і Элеазара, сына ягонага, і завядзі іх на гару Гор.
26 Здымі з Аарона адзеньне ягонае, і апрані ў яго Элеазара, сына ягонага, і Аарон няхай далучыцца [да народу свайго], і памрэ там».
27 І зрабіў Майсей, як загадаў ГОСПАД. І ўзыйшлі яны на гару Гор на вачах усёй грамады.
28 І зьняў Майсей з Аарона адзеньне ягонае, і апрануў у яго Элеазара, сына ягонага. І памёр Аарон там на вяршыні гары, а Майсей і Элеазар зыйшлі з гары.
29 І ўбачыла ўся грамада, што памёр Аарон, і плакаў увесь дом Ізраіля па Аароне трыццаць дзён.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лікі, 20 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.