Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лікі 28 Лікі 28 раздзел

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
2 «Загадай сынам Ізраіля і скажы ім: “Няхай пільнуюць, каб у свой час складаць дары ахвярныя Мне і хлеб Мой, ахвяру агнявую на мілы пах Мне”.
3 І скажаш ім: “Гэта ахвяра агнявая, якую вы павінны складаць ГОСПАДУ: два аднагадовыя ягняты штодзень у ахвяру цэласпаленьня заўсёды.
4 Адно ягня складзіцё [ў ахвяру] раніцай, а другое складзіцё ўвечары,
5 і дзясятую [частку] эфы пшанічнай мукі, запраўленай чацьвёртай [часткай] гіну найчысьцейшага алею як ахвяру хлебную.
6 Гэта цэласпаленьне заўсёднае, якое склалі вы на гары Сынай на мілы пах, ахвяра агнявая ГОСПАДУ.
7 І як ахвяру вадкую чацьвёртую частку гіну [віна] на кожнае ягня. На сьвятым месцы вылівайце ахвяру вадкую, сікеру для ГОСПАДА.
8 А другое ягня складзіцё [ў ахвяру] ўвечары, і ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую, як раніцаю. Гэта ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ.
9 А ў дзень суботы [ахвяруеце] двух аднагадовых ягнятаў без заганы і дзьве дзясятыя [эфы] мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную, і ахвяру вадкую.
10 Гэта суботняя ахвяра цэласпаленьня на кожную суботу, апрача заўсёднай ахвяры цэласпаленьня і ахвяры вадкай.
11 А ў кожны першы [дзень] вашага месяца складайце ГОСПАДУ ахвяру цэласпаленьня: два бычкі, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы.
12 На кожнага бычка палажыце тры дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную, і на кожнага барана — дзьве дзясятыя [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай алеем, як ахвяру хлебную,
13 і на кожнае ягня як ахвяру хлебную палажыце дзясятую [частку эфы] пшанічнай мукі, запраўленай алеем. Гэта цэласпаленьне, мілы пах, ахвяра агнявая ГОСПАДУ.
14 І ахвяра вадкая: палова гіну віна на бычка, адна трэцяя гіну на барана і адна чацьвёртая гіну на ягня. Гэта цэласпаленьне ў кожны першы дзень месяца на [ўсе] месяцы году.
15 І адзін казёл будзе складзены ГОСПАДУ ў ахвяру за грэх, апрача заўсёднай ахвяры цэласпаленьня і належная ахвяра вадкая.
16 А ў першы месяц, у чатырнаццаты дзень месяца — Пасха ГОСПАДА.
17 У пятнаццаты дзень гэтага месяца будзе сьвята. Сем дзён будзеце есьці [толькі] праснакі.
18 У першы дзень будзе сьвяты сход, ніякай працы, ніякай работы ў той дзень не рабіце.
19 І складзіце ахвяру агнявую, цэласпаленьне ГОСПАДУ: два бычкі, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без заганы;
20 і ахвяру хлебную з пшанічнай мукі, запраўленай алеем: тры дзясятыя [эфы] на бычка, дзьве дзясятыя на барана,
21 і адна дзясятая на кожнага з сямі ягнят,
22 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, каб перапрасіць за вас.
23 Апрача ранішняга цэласпаленьня, якое цэласпаленьне заўсёднае, складайце гэтыя [ахвяры].
24 Такія [ахвяры] будзеце складаць штодзень сем дзён, як спажыву, ахвяру агнявую, мілы пах ГОСПАДУ. Апрача цэласпаленьня заўсёднага і ахвяры вадкай будуць складацца [гэтыя ахвяры].
25 А ў дзень сёмы будзе для вас сьвяты сход, ніякай працы, ніякай работы не рабіце.
26 У дзень пяршынаў, калі складаеце ГОСПАДУ ахвяру з новага збожжа ў [сьвята] Тыдняў, будзе сьвяты сход, і ніякай працы, ніякай работы не рабіце.
27 І складзіце цэласпаленьне на мілы пах ГОСПАДУ: двух бычкоў, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят,
28 і ахвяру хлебную: пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзясятыя [эфы] на аднаго бычка, дзьве дзясятыя на барана
29 і адна дзясятая на кожнага з сямі ягнят.
30 І аднаго казла, каб перапрасіць за вас.
31 Апрача цэласпаленьня заўсёднага, і ахвяры хлебнай, і ахвяры вадкай, складайце [гэта ў ахвяру]; ахвяры маюць быць без заганы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лікі, 28 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.