Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 28 Лічбаў 28 раздзел

1 Сказаў далей Госпад Майсею:
2 «Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: хай у свой час складаюць ахвяру Мне і хлеб Мой, ахвяру цэласпалення, дзеля найпрыемнейшага паху.
3 Гэта агнявая ахвяра, якую вы павінны скласці: двух гадавых ягнят без плям штодзень у вечную ахвяру цэласпалення;
4 адно ягня складзіце раніцай, а другое — увечары;
5 і, як ахвяру з ежы, дайце дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай чацвёртай часткай гіна найчысцейшага алею.
6 Гэта цэласпаленне нязменнае, якое склалі вы на гары Сінай дзеля найпрыемнейшага паху як агнявую ахвяру Госпаду;
7 і ахвяруйце віно — чацвёртую частку гіна на кожнае ягня; у свяцілішчы ўчыняйце ўзліванне п’янлівага пітва Госпаду.
8 І такім жа чынам другое ягня ахвяруй увечары адпаведна парадку ранішняга ахвяравання: гэта ахвяра агнявая дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду.
9 У дзень жа суботы ахвяруйце двух аднагадовых ягнят без плям і дзве дзесятыя эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, і ўзліванне да яе.
10 Гэта суботняя ахвяра цэласпалення на кожную суботу, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення і ўзлівання да яе.
11 У кожны першы дзень месяца ўскладайце Госпаду ахвяру цэласпалення: двух быкоў са статка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без плям,
12 і ў ахвяру з ежы на кожнага быка дайце тры дзесятыя эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, і на кожнага барана — дзве дзесятыя эфы мукі, запраўленай алеем,
13 і на кожнае ягня ў ахвяру з ежы дайце дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем: усё гэта як цэласпаленне дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду.
14 А ўзліванні да іх хай будуць такія: палова гіна віна на кожнага бычка, адна трэцяя гіна — на барана і адна чацвёртая гіна — на ягня. Гэта цэласпаленне хай будзе ў кожны першы дзень месяца ва ўсе месяцы года.
15 Таксама казёл хай будзе складзены Госпаду ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення з яе ўзліваннямі.
16 А ў першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, хай будзе Пасха Госпадава,
17 а ў пятнаццаты дзень таго месяца хай будзе свята. Сем дзён будзеце есці толькі праснакі,
18 а ў першы дзень будзе святы сход; нельга ў той дзень працаваць.
19 І ўскладайце ахвяру агнявую, цэласпаленне Госпаду: два бычкі са статка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без плям;
20 да іх ахвяру з ежы, з пшанічнай мукі, запраўленай алеем: тры дзесятыя [эфы] на кожнага бычка, дзве дзесятыя — на аднаго барана
21 і адна дзесятая — на кожнага з сямі ягнят;
22 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, для ачышчэння вашага,
23 апрача ранішняга цэлапалення, якое ўчыняць вы павінны заўсёды.
24 Такія ахвяры ўскладайце штодзень сем дзён: як цэласпаленне, як найпрыемнейшы пах Госпаду. Апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы, павінны быць складаныя гэтыя ахвяры.
25 Дзень сёмы хай будзе для вас святым сходам; ніякай працы ў той дзень не выконвайце.
26 У дзень пяршыняў, калі складаеце Госпаду ахвяру з новага збожжа ў свята тыдняў, таксама збярыце святы сход, і ніякай работы не рабіце ў той дзень.
27 І складзіце тады цэласпаленне на найпрыемнейшы пах Госпаду: быка, двух бараноў са статка і сем аднагадовых ягнят без плям,
28 і ў ахвяру з ежы да іх — пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзесятыя [эфы] на аднаго быка,
29 дзве дзесятыя — на барана і па адной дзесятай на кожнае з сямі ягнят;
30 а таксама казла [у ахвяру за грэх] для ачышчэння вашага,
31 апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы да яе. Ахвяруйце ўсё беззаганнае разам з узліваннямі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 28 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.