Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 21 Лічбаў 21 раздзел

1 Калі цар Арада, хананей, які пражываў у Нагэбе, даведаўся, што ізраэльцы падыходзяць дарогай ад Атарыма, напаў ён на Ізраэль, і ўзяў палонных з яго.
2 Тады Ізраэль, звязваючы сябе абяцаннем Госпаду, сказаў: «Калі Ты выдасі народ гэты ў нашы рукі, то мы разбурым гарады яго».
3 І выслухаў Госпад малітву Ізраэля, і даў ім хананеяў, якіх яны забілі, разбурыўшы гарады іх, і назвалі месца тое Хорма.
4 І з гары Гор ішлі яны ў напрамку Чырвонага мора, каб абысці зямлю Эдом. І ў дарозе народ страціў цярплівасць.
5 І пачалі яны наракаць на Бога і Майсея, і казалі: «Навошта вы вывелі нас з Егіпта, каб мы памерлі ў пустыні? Няма хлеба, няма вады; душа наша ўжо гадзіцца гэтай нягоднаю ежаю».
6 Таму паслаў Госпад на народ пякучых змеяў, якія кусалі народ, і памерла шмат народа з Ізраэля.
7 І прыйшоў народ да Майсея, і скардзіўся: «Зграшылі мы, бо плявузгалі супраць Госпада і супраць цябе; маліся Госпаду, каб забраў Ён ад нас гэтых змеяў». І маліўся Майсей за народ.
8 І сказаў Госпад яму: «Зрабі сабе змея і падымі яго замест знака; хто, укушаны, гляне на яго, будзе жыць».
9 Дык зрабіў Майсей меднага змея і змясціў яго замест знака; і калі хто, укушаны змеямі, глядзеў на меднага змея, ён аздараўляўся.
10 І выйшлі сыны Ізраэля, і расклаліся лагерам у Абоце,
11 выйшаўшы адтуль, яны паставілі палаткі ў Еабарыме, у пустыні, што глядзіць на Мааб, на ўсходні бок.
12 І адтуль пайшлі далей да ручая Зарэд;
13 пакінуўшы яго, расклаліся лагерам за ручаём Арнон, што цячэ ў пустыні, пачынаючыся з зямлі амарэяў. Бо Арнон утварае мяжу між маабцамі і амарэямі.
14 Таму сказана ў Кнізе войнаў Госпада: «Вагэб каля Суфа і ручаёў Арнона.
15 Уцёсы ручаёў ідуць да мясцовасці Ар і прылягаюць да межаў Мааба».
16 Адгэтуль рушылі ў Бээр. Гэта тая студня, аб якой сказаў Госпад Майсею: «Збяры народ, і Я дам ім вады».
17 Тады заспявалі ізраэльцы гэтую песню: «Напаўняйся, студня, спявайце аб ёй!
18 Студня, якую выкапалі князі і падрыхтавалі кіраўнікі народа скіпетрамі і жэзламі сваімі». З пустыні яны вырушылі ў Матану;
19 з Матаны ў Нагаліэль, з Нагаліэля ў Бамот;
20 з Бамота ў даліну, што ў зямлі Мааб, каля вяршыні гары Пісга, што ўзвышаецца над пустыняй.
21 І паслаў Ізраэль паслоў да Сэгона, цара амарэяў, каб яму сказаць:
22 «Прашу, дазволь мне прайсці праз зямлю тваю, і не збочым мы на палі і на вінаграднікі, не будзем піць вады са студняў. Пойдзем простаю дарогай, пакуль не пройдзем твае межы».
23 Але Сэгон не дазволіў Ізраэлю прайсці праз свае межы; і нават, сабраўшы народ, пераняў іх у пустыні, і прыйшоў у Ясу, і напаў на Ізраэль.
24 Аднак ён быў удараны ім з дапамогаю меча, і заняў Ізраэль зямлю яго ад Арнона да Ябока сыноў Амона; бо вартаю ахоўваліся межы аманіцян.
25 І авалодаў Ізраэль усімі тымі гарадамі, і абжыўся ў гарадах амарэяў, гэта значыць у Хесебоне і ваколіцах яго.
26 Бо Хесебон быў горадам Сэгона, цара амарэяў, які ваяваў з папярэднім царом Мааба і заваяваў у яго ўсю зямлю аж да Арнона.
27 Таму гаворыцца ў прымаўцы: «Ідзіце ў Хесебон! Няхай будзе адбудаваны і ўмацаваны горад Сэгона!
28 Агонь выйшаў з Хесебона, полымя з горада Сэгона, і спаліў Ар-Мааб і праглынуў узгоркі Арнона.
29 Гора табе, Мааб; прапаў ты, народ Хамоса! Прымусіў ён сыноў тваіх да ўцёкаў, а дачок тваіх — у палон Сэгону, цару амарэяў.
30 Пусцілі мы стрэлы ў іх, загінуў Хесебон да Дыбона. Знішчылі мы ўсё да Нофы і да Мэдабы».
31 Так абжыўся Ізраэль у зямлі амарэя.
32 Пасля паслаў Майсей лазутчыкаў, каб агледзелі Язэр, і яны захапілі яго ваколіцы, а амарэяў, што былі там, выгналі.
33 Далей павярнуліся і пайшлі ў бок Басана, і сустрэўся з імі Ог, цар Басана, з усім сваім народам, каб ваяваць з імі ў Эдраі.
34 І Госпад сказаў Майсею: «Не бойся яго, бо аддаў Я яго ў рукі твае з усім народам яго, і зямлю яго, і зробіш ты яму тое, што зрабіў Сэгону, цару амарэяў, жыхароў Хесебона».
35 Такім чынам, ударылі яны яго, і сыноў яго, і ўвесь народ яго аж да поўнага знішчэння, і завалодалі зямлёй яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 21 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.