1 І пачуў Канаанскі кароль Арад, каторы жыў на паўдня, што прышоў Ізраель дарогаю Афарым, і ваяваў із Ізраелям, і ўзяў у яго палоненікаў.
2 І абяцаў Ізраель абятніцу СПАДАРУ, і сказаў: «Калі чыста аддасі люд гэты ў рукі мае, то зьнішчу месты іхныя».
3 І пачуў СПАДАР голас Ізраеляў, і аддаў Канааняніна, і ён зьнішчыў іх а месты іхныя, і назваў імя места таго: Горма.
4 І крануліся ад гары Гор дарогаю Чырвонага мора, каб абмінуць зямлю Едомскую. І душа люду вельмі зьбезахоцілася ў дарозе.
5 І гукаў люд супроці Бога й супроці Масея: «Нашто вывялі вы нас ізь Ягіпту, каб памерці на пустыні? бо няма хлеба ані вады, і душы нашай агідла гэта негадзячая ежа».
6 І паслаў СПАДАР на люд агняныя гады, і яны кусалі люд, і памерла множасьць люду з Ізраеля.
7 І прышоў люд да Масея, і сказалі: «Ізграшылі мы, бо гукалі мы супроці СПАДАРА й супроці цябе; памаліся СПАДАРУ, каб Ён адняў таго гада». І памаліўся Масей за люд.
8 І сказаў СПАДАР Масею: «Зрабі сабе гада й выстанаві яго на сьцяг, і будзе, што кажны ўкушаны, калі гляне на яго, дык будзе жыць».
9 І зрабіў Масей мядзянага гада, і выставіў яго на сьцяг, і было, як гад укусіў чалавека, ён, глянуўшы на мядзянага гада, заставаўся жывы.
10 І крануліся сынове Ізраелявы, і разьлягліся табарам ув Овофе.
11 І крануліся з Овофу, і разьлягліся табарам у Іе-Аварыме, на пустыні, што супроці Моава, на ўсход сонца.
12 Стуль крануліся й разьлягліся табарам на даліне Зарэд.
13 Адгэнуль крануліся й разьлягліся табарам на другім баку Арнона на пустыні, каторы выходзе з граніцы Аморэя; бо Арнон граніца Моава, меж Моава й Аморэя.
14 Затым сказана ў кнізе войнаў СПАДАРОВЫХ праз Вагеба ў Суфе а праз прытокі Арнона
15 А праз плынь гэтых ручаёў каторая сьхінаецца да палажэньня Ар і датыкаецца граніцаў Моаўскіх.
16 І адгэтуль да студні. Гэтая тая студня, праз каторую казаў СПАДАР Масею: «Зьбяры люд, і дам ім вады».
17 Тады пяяў Ізраель гэтую песьню: «Падыймайся, студня, пяіце празь яе.
18 Студню капалі начэльнікі, капалі яе дабрародныя люду з правадаўцам пасахамі сваімі». І з пустыні да Матаны,
19 З Матаны да Нагалелю, з Нагалелю да Вамофу,
20 І з Вамофу да даліны, каторая ў полю Моава, на версе Пісґі, і глядзіць далоў на пустыню.
21 І паслаў Ізраель паслоў да Сыгона, караля Аморэйскага, кажучы:
22 «Перайду перазь зямлю тваю, не адхінуся ў полі а ў вінішчы, ня будзем піць вады із студняў, дарогаю каралеўскаю пойдзем, пакуль не пярэйдзем граніцы твае».
23 І ня даў Сыгон Ізраелю прайсьці сваю граніцу; і зьбер Сыгон увесь люд свой, і вышаў супроці Ізраеля на пустыню, і прышоў да Ягацы, і ваяваў із Ізраелям.
24 І зразіў яго Ізраель лязом мяча, і ўзяў у дзяржаньне зямлю ягоную ад Арнона аж да Явока, аж да граніцаў сыноў Амонавых, бо моцная была граніца сыноў Амонавых.
25 І ўзяў Ізраель усі месты гэтыя, і жыў Ізраель у вусіх местах Аморэйскіх, у Гэшбоне й у вусіх перадмесьцях яго;
26 Бо Гэшбон, места Сыгонава, караля Аморэйскага яно; і ён ваяваў зь пярэднім каралём Моаўскім, і ўзяў усю зямлю ягоную з рукі ягонае аж да Арнона.
27 Затым гукалі прыпавесьнікі: «Прыйдзіце да Гэшбону, і хай збудуюць а ўмацуюць места Сыгонава;
28 Бо цяпло вышла з Гэшбону, поламя зь места Сыгонавага, пажэрла Ар-Моаў а дзяржачых вышыні Арнонавы.
29 Бяда табе, Моаве! загінуў ты, людзе Хамосаў! Разьбегліся сынове ягоныя, а дачкі ягоныя сталі палоненіцамі Аморэйскага караля Сыгона.
30 І мы стралялі ў іх; загінуў Гэшбон аж да Дывона, і мы спустошылі іх аж да Нофы, каторая ля Медэвы».
31 І прабываў Ізраель у зямлі Аморэйскай.
32 І паслаў Масей выглядзець Язэр, і перамаглі перадмесьці яго, і прагналі Аморэяў, каторыя там.
33 І павярнуліся, і пайшлі дарогаю Вашану. І выступіў Оґ, кароль Вашанскі, супроці іх, сам а ўвесь люд ягоны на вайну да Едрэі.
34 І сказаў СПАДАР Масею: «Ня бойся яго, бо ў руку тваю Я аддаў яго а ўвесь люд ягоны а зямлю ягоную, і ўчыніш яму, як учыніў Сыгону, каралю Аморэйскаму, што жыў у Гэшбоне».
35 І паразілі яны яго а сыноў ягоных а ўвесь люд ягоны, так што не засталося астачы, і адзяржалі на спадак зямлю ягоную.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Чацьвертая кніга Масеява: Лікі, 21 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.