1 І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
2 «Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: мужчына альбо жонка, калі яны адлучацца робячы абятніцу назарэйства, каб узьдзержыцца перад СПАДАРОМ,
3 Ад віна а хмельнага напітку хай узьдзержыцца, і ані воцту віннога, ані воцту хмельнага хай ня п’ець, і ўсялякі сок ізь вінных ягадаў ня мае піць, і вінных ягадаў сьвежых, сырых ані сушаных хай ня есьць.
4 Усі дні назарэйства свайго з усёга, што вырабляецца з куста віна, ад зярняці да лупіны, хай ня есьць.
5 Усі дні абятніцы назарэйства свайго брытва ня мае прайсьці па галаве ягонай. Пакуль ня споўняцца дні, на каторыя ён узьдзержыцца СПАДАРУ, сьвяты ён; мае запусьціць валасы на галаве сваёй.
6 Усі дні, на каторыя ён узьдзержыцца СПАДАРУ, ня мае ён падыходзіць да мертвага цела.
7 Айцом сваім, маці сваёй, братам сваім, сястрою сваёй хай ня плюгавіцца імі, як яны памруць, бо адлучэньне Богу ягонаму на галаве ягонай.
8 Усі дні назарэйства свайго сьвяты ён СПАДАРУ.
9 Калі ж памрэць пры ім хто-колечы разам, неўспадзеўкі, і ён сплюгаве тым галаву назарэйства свайго, то ён мае астрыгчы галаву сваю ў дзень ачышчэньня свайго, на сёмы дзень ён мае пагаліць яе.
10 І на восьмы дзень мае прынесьці два туркі альбо двое галубянят да сьвятара да ўходу будану збору.
11 І прыгатуе сьвятар адно на аброк за грэх, і адно на ўсепаленьне, і адзяржыць ласкіўчыненьне яму ад тога, што ён ізграшыў тэй душою, і пасьвяце галаву ягоную таго дня.
12 І мае ён нанава пачаць адлучэньне СПАДАРУ, дні назарэйства свайго, і прынясець аднагодняга баранчыка на аброк віны; а першыя дні адпалі, бо назарэйства ягонае сплюгаўлена.
13 І во права назарэяў: дня, як споўняцца дні назарэйства ягонага, маюць прывесьці яго да ўходу будану збору;
14 І ён абрачэць на аброк СПАДАРУ адно аднагодняе ягнё, баранчыка дасканальнага аднаго на ўсепаленьне, і адно аднагодняе ягнё, авечачку дасканальную, на аброк за грэх, і аднаго барана дасканальнага на аброк супакойны,
15 І сутнік праснакоў зь ценькае мукі, пірагоў, рашчыненых на аліве, і прэсных сачнёў, памазаных аліваю, і хлебныя аброкі іх і ўзьліваньне;
16 І абрачэць сьвятар перад СПАДАРОМ, і прыгатуе аброк ягоны за грэх і ўсепаленьне;
17 І барана прыгатуе на аброк супакойны СПАДАРУ із сутнікам праснакоў, і прыгатуе сьвятар хлебны аброк яго а ўзьліваньне яго.
18 І астрыжэць назарэй ля ўходу будану збору галаву назарэйства свайго, і возьме валасы галавы назарэйства свайго, і паложа на цяпло, што пад супакойным аброкам.
19 І возьме сьвятар звараную лапатку барана, і адзін прэсны пірог із сутніка, і адзін прэсны сачэнь, і паложа на далоні назарэю, просьле тога як астрыжэць ён галаву назарэйства свайго.
20 І будзе сьвятар нахінаць гэта туды-сюды на аброк нахінаньня перад СПАДАРОМ; гэта сьвятасьць сьвятару, звыш грудзіны нахінаньня й звыш лапаткі ўзьнесеньня. Просьле гэтага назарэй можа піць віно.
21 Гэта права назарэя, каторы чыне абятніцу дару СПАДАРУ за адлучэньне свае, апрача тога, што дастане рука ягоная; подле абятніцы, каторую аброк, гэтак ён мае рабіць, подле права адлучэньня свайго».
22 І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
23 «Скажы Аарону а сыном ягоным, кажучы: гэтак дабраслаўце сыноў Ізраелявых, кажучы ім:
24 "Хай падабраславе цябе СПАДАР і няхай сьцеражэць цябе!
25 Хай зьзяе СПАДАР відам Сваім на цябе і ласку ўчыне табе.
26 Няхай падыйме СПАДАР від Свой на цябе і дасьць табе спакой".
27 І няхай узложаць імя Мае на сыноў Ізраелявых, і Я дабраслаўлю іх».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Чацьвертая кніга Масеява: Лікі, 6 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.