1 І як гэты люд быў як наракальнікі, дык гэта было ліха ў вушшу СПАДАРОВЫМ; і СПАДАР пачуў, і ўзгарэўся гнеў Ягоны, і загарэлася памеж іх цяпло СПАДАРОВА, і пачало жэрці ў канцу табару.
2 І загаласіў люд да Масея, і памаліўся Масей СПАДАРУ, і згаела цяпло.
3 І назваў імя месца таго: Тавера, бо загарэлася ў іх цяпло СПАДАРОВА.
4 І зборышча мешанае, каторае было сярод іх, угалілася галеньням, і селі й плакалі; таксама сынове Ізраелявы, і казалі: «Хто дасьць нам есьці мяса?
5 Мы памятуем рыбу, каторую ў Ягіпце мы елі дарма, гуркі а дыні а пор, цыбулю а часнок.
6 А цяпер душа наша высьмягла; нічога няма, апрача тога, што на манну вочы нашы».
7 А манна падобная да корыяндравага насеньня, выглядам, як выгляд бдолаха.
8 Люд разыходзіўся і зьбіраў яе, і малоў у жорнах альбо тоўк у ступе, і варыў у казане, і пёк ізь яе перапечкі; і быў смак яе, як смак сьвежае алівы.
9 І як раса зыходзіла на табар ночы, тады зыходзіла на яго й манна.
10 І чуў Масей, што люд плакаў па радзімах сваіх, кажны ля ўходу будану свайго; і надта ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ, і гэта было ліха ў ваччу Масея.
11 І сказаў Масей СПАДАРУ: «Чаму Ты ліха чыніш слузе Свайму? І чаму я ня прыдбаў ласкі ў ваччу Тваім, што Ты ўзлажыў цяжар усяго люду гэтага на мяне?
12 Ціж я зачаў увесь гэты люд? і ціж я нарадзіў яго, што Ты імне кажаш: "Насі яго на ўлоньню сваім, як нянька носе сысуна, да зямлі, каторую Ты прысягаў бацьком ягоным?"
13 Скуль імне мяса, каб даць усяму люду гэтаму? Бо яны плачуць перад імною, кажучы: "Дай нам мяса есьці".
14 Не магу я адзін адзінюсенькі несьці ўсяго люду гэтага, бо ён лішне цяжкі імне.
15 І як гэтак Ты робіш імне, то валей забіць, забі мяне, калі я прыдбаў ласку ў ваччу Тваім, і каб імне ня бачыць гароты свае».
16 І сказаў СПАДАР Масею: «Зьбяры Імне семдзясят мужоў із старцоў Ізраелявых, каторых ты знаеш, што яны старцы люду а нагляднікі яго, і вазьмі іх да вітальні збору, і хай стануць там із табою.
17 Я зыйду, і буду гутарыць там із табою, і вазьму з Духа, каторы на табе, і ўзлажу на іх, і будуць насіць із табою цяжар люду, і ня будзеш насіць ты адзінюсенькі.
18 А люду скажы: "Пасьвяціцеся назаўтрае й будзеце есьці мяса. Бо вы плакалі ў вушы СПАДАРОВЫ, кажучы: ’Хто дасьць нам пад’есьці мяса? добра было нам у Ягіпце’, то й дасьць вам СПАДАР мяса, і будзеце есьці.
19 Не адзін дзень будзеце есьці, і ня два, і ня пяць дзён, і ня дзесяць дзён, і ня дваццаць дзён;
20 Да месяца дзён, пакуль ня пойдзе яно з ноздраў вашых і ня станецца вам агідным, за тое, што вы ўлегцы замелі СПАДАРА, Каторы сярод вас, і плакалі перад Ім, кажучы: ’Нашто было нам выходзіць ізь Ягіпту?’"»
21 І сказаў Масей: «Шасьцьсот тысячаў пешых люд гэты, што я сярод яго, а Ты кажаш: "Я дам ім мяса, і будуць есьці цэлы месяц дзён".
22 Няго ж драбны й буйны статак зарэзаць ім, і знойдзеш ім? Або ўся рыба морская зьбярэцца ім, і знойдзеш ім?»
23 І сказаў СПАДАР Масею: «Ціж рука СПАДАРОВА скарацілася? Цяпер ты абачыш, ці станецца подле слова Майго, ці не?»
24 І вышаў Масей, і гукаў люду словы СПАДАРОВЫ, і зьбер семдзясят мужоў із старцоў люду, і пастанавіў іх наўкола будану.
25 І зышоў СПАДАР у булаку, і гутарыў ізь ім, і ўзяў із Духа, каторы на ім, і даў на семдзясят мужоў старцоў. І было, як супачыў на іх Дух, то праракалі яны і не перасталі.
26 І заставаліся два мужы ў табару: аднаго імя Елдад, а другога імя Мейдад, і яны з упісаных, і ня выходзілі да будану, і яны праракалі ў табару.
27 І прыбег тый маладзён, і азнайміў Масею, і сказаў: «Елдад а Мейдад праракаюць у табару».
28 І адказаў Ігошуа Нунянок, служэц Масеяў, адзін із абраных ягоных, і сказаў: «Спадару мой Масею, забарані ім».
29 І сказаў яму Масей: «Ці не завідуеш ты за мяне? О, калі б хто даў, што ўвесь люд СПАДАРОЎ былі прарокамі, калі б СПАДАР даў Духа Свайго на іх».
30 І ўзноў пайшоў Масей да табару, ён а старцы Ізраелявы.
31 І ўзьняўся вецер ад СПАДАРА, і прынёс ад мора перапёлкі, і рассыпаў іх каля табару, на дзень дарогі гэтта і на дзень дарогі гэнам, навокал табару, траха на два локці над відам зямлі.
32 І ўстаў люд, і ўвесь тый дзень, і ўсю ноч, і ўвесь заўтрашні дзень зьбіралі перапёлкі; і хто мала зьбіраў, тый зьбер дзесяць гомераў; і разлажылі іх разлажэньням наўкола табару.
33 Мяса яшчэ было меж зубоў іхных перад разжаваньням, як гнеў СПАДАРОЎ узгарэўся на люд, і выцяў СПАДАР люд вельмі вялікаю караю.
34 І ён назваў імя месца таго Кіброт-Гаттаава (Грабы Прагавітасьці), бо там пахавалі прагавіты люд.
35 Ад Кіброт-Гаттаавы крануўся люд да Гасэрофу, і былі ў Гасэрофе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Чацьвертая кніга Масеява: Лікі, 11 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.