1 І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
2 «Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: як вы ўвыйдзеце ў зямлю вашага асяленьня, каторую Я даю вам,
3 І прыгатуеце аброк агняны СПАДАРУ, усепаленьне, альбо аброк, каб аддзяліць на абятніцу, альбо самахвотны, альбо ў вашы прызначаныя поры, каб зрабіць прыемны пах СПАДАРУ з буйнога альбо драбнога статку;
4 Дык абрачэць тый, што абракае аброк свой СПАДАРУ, на хлебны аброк ценькае мукі дзясятую часьць, рашчыненае на чэцьверці гіна алівы.
5 І віна на ўзьліваньне чэцьверць гіна прыгатуеш на ўсепаленьне альбо на аброк аднаго баранчыка.
6 А калі на барана, прыгатуеш на аброк хлебны ценькае мукі дзьве дзясятыя часьці, рашчыненае на аліве трайціны гіна.
7 І віна на ўзьліваньне трайціну гіна абракай на прыемны пах СПАДАРУ.
8 Калі прыгатуеш цялё на ўсепаленьне альбо на аброк, каб аддзялідь на абятніцу, альбо на супакойны аброк СПАДАРУ;
9 Тады абракай разам ізь цялём аброк хлебны, ценькае мукі тры дзясятыя, рашчыненае на аліве палавіцы гіна.
10 І віна абракай на ўзьліваньне паў гіна на аброк, прыемны пах СПАДАРУ.
11 Гэтак зрабі валу аднаму або барану аднаму а баранчыку з авец альбо козаў.
12 Подле ліку, што зробіце, так і рабіце пры кажным, подле ліку іх.
13 Кажны тубылец зробіць гэтак іх, каб абракаць аброк на прыемны пах СПАДАРУ.
14 А калі будзе жыць меж вас чужаземец, або тый, што пасярод вас у роды вашы, і прыгатуе аброк на прыемны пах СПАДАРУ, то так ён мае рабіць, як вы робіце.
15 Грамада, устава адна вам і чужаземцу, аселаму ў вас, устава вечная ў роды вашы: як вы, так і чужаземец будзе перад відам СПАДАРА.
16 Права адно й устава адна хай будуць вам і чужаземцу, што жывець у вас».
17 І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
18 «Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: як вы ўвыйдзеце ў зямлю, у каторую Я вяду вас туды,
19 І як будзеце есьці хлеб тае зямлі, то ўзьнясіце ўзьнесеньне СПАДАРУ.
20 Пачатак цестаў вашых, закрашаную букатку ўзнасіце на ўзьнесеньне; як узьнесеньне з току, так узьнясіце яе.
21 З пачаткаў цестаў вашых дасьце СПАДАРУ ўзьнесеньне ў роды вашы.
22 А калі б вы абмыліліся, і ня споўнілі ўсіх гэтых расказаньняў, каторыя казаў СПАДАР Масеям,
23 Усяго, што расказаў вам СПАДАР Масеям, ад тога дня, каторага СПАДАР расказаў вам, і далей у роды вашы;
24 Дык, калі зь недагляду збор зрабіў абмылу, то няхай уся грамада прыгатуе адно цялё-бычка на ўсепаленьне, на прыемны пах СПАДАРУ, з хлебным аброкам а ўзьліваньням яго, подле ўставы, і адно казянё на аброк за грэх.
25 І дастане ласкіўчыненьне сьвятар усяму збору сыноў Ізраелявых, і будзе даравана ім; бо гэта была абмыла, і яны прынесьлі дар свой на аброк агняны СПАДАРУ, і аброк за грэх свой перад СПАДАРОМ, за сваю абмылу.
26 І будзе даравана ўсяму збору сыноў Ізраелявых і чужаземцу, што жывець пасярод іх, бо ўвесь люд учышў гэта нясьведама.
27 І калі душа якая ізгрэша абмыльна, то няхай абрачэць казу аднагоднюю на аброк за грэх.
28 І адзяржыць ласкіўчыненьне сьвятар душы, што зрабіла нясьведама грэх перад СПАДАРОМ, і будзе мець ласкіўчыненьне ёй, і даравана будзе ёй.
29 Тубылцу із сыноў Ізраелявых і чужаземцу, што жывець пасярод вас, адно права будзе вам, хто зробе што нясьведама.
30 А каторая душа з тубылцаў або з чужаземцаў згане СПАДАРА, учыніўшы гэта сьведама, дык выгубіцца душа тая з пасярод люду свайго;
31 Бо словам СПАДАРОВЫМ ён пагрэбаваў і расказаньне Ягонае ўзрушыў: чыста выгубіцца душа тая; бяспраўе ейнае на ёй».
32 І былі сынове Ізраелявы на пустыні, і знайшлі чалавека, што зьбіраў дровы ў дзень сыботні.
33 І тыя, што засьпелі яго зьбіраючага дровы, дабліжылі яго да Масея а Аарона а да ўсёга збору.
34 І пасадзілі яго пад старожу, бо ня было яшчэ зьясьнена, што маюць ізь ім зрабіць.
35 І сказаў СПАДАР Масею, кажучы: «Хай сьмерцю памрэць гэты, хай укамянуе яго ўвесь збор вонках табару».
36 І вывеў яго ўвесь збор вонкі з табару, і ўкаменавалі яго, і ён памер, як расказаў СПАДАР Масею.
37 І сказаў СПАДАР Масею, кажучы:
38 «Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім, каб яны рабілі сабе кутасы на краёх адзецьцяў сваіх у роды свае, і ў канцы кутасоў хай ушываюць сінюю нітку.
39 І будуць яны вам да кутасоў, і абачыце іх, і прыпомніце сабе ўсі расказаньні СПАДАРОВЫ, і будзеце паўніць іх, і ня будзеце сачыць за сэрцамі вашымі а за ачыма вашымі, што вы бязулствуеце за імі,
40 Каб вы помнелі й паўнілі ўсі расказаньні Мае й былі сьвятыя Богу свайму».
41 Я СПАДАР, Бог ваш, каторы вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае, каб быць вашым Богам: Я СПАДАР, Бог ваш.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Чацьвертая кніга Масеява: Лікі, 15 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.