1 І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
2 «Раскажы сыном Ізраелявым і скажы ім: як увыйдзеце ў зямлю Канаанскую, дык во зямля, каторая дастанецца вам на спадак, зямля Канаанская подле граніцаў яе:
3 І будзе ў вас паўднявая старана ад пустыні Цын, ля Едому, і будзе ў вас паўднявая граніца ад берагу Салонага мора на ўсход,
4 І заверне вам з паўдня граніца да ўзгор’я Акравіму, і пярэйдзе аж да Цын, і будзе канец яе ад паўдня аж да Кадэш-Барні, і выйдзе да Гацар-Аддару, і пярэйдзе аж да Ацмону.
5 І ськіруецца граніца ад Ацмону да ракі Ягіпецкае, і будзе канец яе супроці мора.
6 І граніцаю заходняй будзе ў вас вялікае мора. І граніца гэта будзе вам граніцаю заходняй.
7 І гэта будзе вам граніца паўночная: ад вялікага мора азначча да гары Гор;
8 Ад гары Гор азначча да Гамафу, і будуць канцы граніцы ля Цэдад;
9 І выйдзе граніца да Цыфрону, і будуць канцы яе ля Гацар-Енану. Гэта будзе ў вас граніца паўночная.
10 І азначча сабе граніцу ўсходнюю ад Гацар-Енану на Шэфам;
11 І зыйдзе граніца ад Шэфаму аж да Рыбля, з усходняга боку Аіна, потым зыйдзе граніца й даткнецца да боку мора Кінэрэф із усходняе стараны.
12 І зыйдзе граніца аж да Ёрдану, і будзе канец яе ля Салонага мора. Гэта будзе вам зямля па граніцах яе наўкола.
13 І расказаў Масей сыном Ізраелявым, кажучы: «Во зямля, каторую вы адзяржыце на спадак жэрабям, каторую расказаў СПАДАР даць дзевяцём плямёнам і палавіцы плямені;
14 Бо плямя сыноў Рувінавых па дамох айцоў сваіх, і плямя сыноў Ґадовых па дамох айцоў сваіх, і палавіца плямені Манасавага ўзялі спадкі свае.
15 Два плямені а палавіца плямені ўзялі спадкі свае за Ёрданом супроці Ерыхону на ўсход, на ўсход сонца».
16 І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
17 «Во ймёны мужоў, каторыя будуць даваць на спадак вам зямлю: Елеазар сьвятар а Ігошуа Нунянок;
18 І па адным князю ад плямені вазьміце на дзяльню зямлі.
19 І во ймёны гэтых мужоў: з плямені Юдзінага Калеў Ефунёнак;
20 І з плямені сыноў Сымонавых Самуйла Амігудзёнак;
21 І з плямені Веняміновага Елідад Кіслонёнак;
22 І з плямені сыноў Дановых князь Бук Ёґлянок;
23 І із сыноў Язэпавых: з плямені сыноў Манасавых князь Ганель Ефодзёнак;
24 І з плямені сыноў Яхрэмавых князь Кемуель Шыфтанёнак;
25 Із плямені сыноў Завулонавых князь Еліцафан Парнашонак;
26 І з плямені сыноў Іссасхаровых князь Палтыель Азанёнак;
27 І з плямені сыноў Ашэровых князь Агігуд Шэламёнак;
28 І з плямені сыноў Неффалімовых князь Педагэль Амігудзёнак».
29 Гэта тыя, каторым расказаў СПАДАР падзяліць сыном Ізраелявым у зямлі Канаанскай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Чацьвертая кніга Масеява: Лікі, 34 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.