1 Гэта пакаленні Аарона і Майсея ў дзень, калі прамаўляў Госпад да Майсея на гары Сінай.
2 І гэта імёны сыноў Аарона: першародны яго Надаб, потым Абігу, і Элеязэр, і Ітамар:
3 гэта імёны сыноў Аарона, святароў, каб спаўняць святарскую службу.
4 Але Надаб і Абігу памерлі перад абліччам Госпада ў пустыні Сінай, прынеслі чужы агонь, і памерлі яны бяздзетныя; і выконвалі святарскую службу перад бацькам сваім, Ааронам, Элеязэр і Ітамар.
5 І прамовіў Госпад да Майсея, кажучы:
6 «Прывядзі пакаленне Леві і пастаў яго перад Ааронам святаром, каб яны паслугавалі яму
7 і рупіліся аб усім, што тычыцца яго і ўсёй грамады ля палаткі сустрэчы, каб выконваць службу пры скініі,
8 і каб захоўвалі прыналежнасці палаткі сустрэчы, спаўняючы абавязкі сыноў Ізраэля, выконваючы службу пры скініі.
9 І аддай левітаў як дарунак Аарону і сынам яго, каму яны будуць дадзены ад сыноў Ізраэля;
10 а Аарона і сыноў яго пастаў наглядчыкамі над службаю святарскай. Калі хто чужы прыступіць да службы, той хай будзе пакараны смерцю».
11 І казаў Госпад Майсею, кажучы:
12 «Вось, Я вылучыў левітаў з сыноў ізраэльскіх замест усіх першародных, якія адкрываюць улонне маці сярод сыноў Ізраэля, таму левіты будуць Маімі.
13 Бо Мой кожны першародны з часу, калі ў зямлі Егіпецкай ударыў Я ўсіх пешародных, пасвяціў Я Сабе ўсё, што нараджаецца першародным у Ізраэлі, ад чалавека аж да жывёлы, яны Мае! Я — Госпад!»
14 І казаў Госпад Майсею ў пустыні Сінай, кажучы:
15 «Палічы сыноў Леві па сем’ях бацькоў іх і плямёнах, усіх мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй».
16 Палічыў іх Майсей, як загадаў Госпад, і былі названы сыны Леві па імёнах іх;
17 а вось імёны сыноў Леві: Гэрсон, Кагат і Мэрары.
18 А вось імёны сыноў Гэрсона па родах іх: Лобні і Сямэй;
19 сыны Кагата па родах іх: Амрам і Ісаар, Геброн і Азіэль;
20 сыны Мэрары па родах іх: Махалі і Мусі. Вось жа гэтыя роды Леві па сем’ях бацькоў іх.
21 Ад Гэрсона паходзяць сям’я Лобні і сям’я Сямэя,
22 усіх людзей мужчынскага полу, якіх ад аднаго месяца і вышэй было налічана сем тысяч пяцьсот.
23 Яны размяшчаюцца лагерам за скініяй на захадзе
24 пад кіраўніцтвам Эліясафа, сына Лаэля;
25 яны ахоўваюць у палатцы сустрэчы саму скінію, палатку, яе пакрыццё, а таксама пакрывала, што нацягваецца пры ўваходзе ў палатку сустрэчы
26 і пакрывала панадворка, а таксама пакрывала, што нацягваецца пры ўваходзе ў панадворак, які акружае скінію і ахвярнік, і вяроўкі, патрэбныя для ўсякай службы.
27 Кагат мае сем’і: Амрама і Ісаара, Геброна і Азіэля; гэта сем’і Кагатавы.
28 Усе мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй — восем тысяч шэсцьсот — апекавалі скінію.
29 Сем’і сыноў Кагата размясціліся лагерам на паўднёвым баку скініі,
30 і кіраўніком іх быў Элісафан, сын Азіэля.
31 І рупіліся яны пра каўчэг, і стол, і падсвечнік, пра ахвярнік і прылады свяцілішча, прызначаныя на службу Божую, і пра пакрывала, і ўсе прыналежнасці ўсякага роду.
32 А кіраўніком над кіраўнікамі сем’яў левітаў быў Элеязэр, сын Аарона святара, ён наглядаў за тымі, што ахоўвалі свяцілішча.
33 А вось ад Мэрары паходзілі сем’і Махалі і Мусі; гэта сем’і Мэраравы.
34 Усіх мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй — шэсць тысяч дзвесце;
35 кіраўніком сем’яў Мэрары быў Сурыэль, сын Абігаіля. Яны размясцілі лагер на паўночным баку скініі.
36 Пад аховаю іх былі: дошкі скініі, і жэрдкі, і слупы, і падножжы іх, і ўсе прыналежнасці яе, і ўсё, што мае дачыненне да ўсякага роду службы,
37 і слупы панадворка з усіх бакоў з падножжамі іх, і калкі з вяроўкамі.
38 А з пярэдняга боку скініі, перад палаткай сустрэчы, на ўсход ставілі палаткі Майсей, і Аарон, і сыны яго, якім даручана святыня ад імя сыноў Ізраэля. Калі б хто наблізіўся чужы, мае быць пакараны смерцю.
39 Усіх левітаў, якіх палічыў Майсей па загадзе Госпада, мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй было дваццаць дзве тысячы.
40 І сказаў Госпад Майсею: «Палічы ўсіх першародных мужчынскага полу з сыноў Ізраэлевых у гадах ад аднаго месяца і вышэй, палічы іх агульную колькасць;
41 і вазьмі левітаў для Мяне як замену ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых, Я — Госпад; і іх жывёлу на замену ўсёй першароднай жывёле сыноў Ізраэлевых».
42 Палічыў Майсей, як загадаў Госпад, усіх першародных з сыноў Ізраэлевых,
43 і было ўсіх першародных мужчынскага полу па імёнах іх, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзве тысячы дзвесце семдзесят тры.
44 І зноў сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
45 «Вазьмі левітаў на месца ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых разам з жывёлай левітаў на замену іх жывёле; і левіты будуць Маімі. Я — Госпад.
46 А як выкуп за гэтых дзвесце семдзесят трох з першародных сыноў Ізраэлевых, што перавышаюць лік левітаў,
47 вазьмі па пяць сікляў ад галавы, па вазе сікля святыні; сікль мае дваццаць гераў.
48 І дай грошы Аарону і яго сынам як выкуп за тых, што засталіся».
49 Дык узяў Майсей выкуп ад тых, што перавышалі лік выкупленых левітамі;
50 ад першародных сыноў Ізраэлевых узяў грошай тысячу трыста шэсцьдзесят пяць па вазе сікля святыні.
51 І аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам, згодна загаду, як сказаў яму Госпад.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 3 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.