1 І прамовіў зноў Госпад да Майсея:
2 «Загадай сынам Ізраэля выдаліць з лагера ўсіх пракажаных, хворых на выцёкі і апаганеных ад нябожчыка.
3 Як мужчыну, так і жанчыну выдаліце з лагера, каб не паганілі лагера, дзе Я жыву паміж вамі».
4 Так і зрабілі сыны Ізраэля і выдалілі іх па-за лагер, як загадаў Госпад Майсею.
5 Далей загадаў Госпад Майсею, кажучы:
6 «Скажы сынам Ізраэля: “Калі мужчына або жанчына зграшыць як-небудзь, як здараецца сярод людзей, і парушыць загад Госпадаў, то будзе той чалавек вінаваты;
7 і няхай прызнаюць грэх свой і аддадуць сам капітал і пятую частку таму, перад кім зграшылі.
8 А калі ў яго няма нашчадка, хай аддасць Госпаду асвяціць гэта, хай будзе гэта святару, апрача барана, што ахвяруецца на ўміласціўленне, каб быць ачышчальнай ахвярай.
9 Таксама ўсякае каштаванне святых рэчаў, якія прыносяць сыны Ізраэля, належыць святару;
10 і ўсё, што ахвяруецца ў свяцілішча ад кожнага чалавека і перадаецца ў рукі святара, будзе яго”».
11 І сказаў Госпад Майсею, кажучы:
12 «Пагавары з сынамі Ізраэля і скажы ім: “Муж, жонка якога распуснічала і, ашукваючы мужа,
13 спала з чужым мужчынам, і муж яе пра гэта не ведае, а яна дапусцілася нячыстасці, і сведкаў на гэта няма, бо не заспелі яе ў час распусты,
14 калі дух падазрэння ахапіў мужа супраць яго жонкі, якая або сапраўды спракудзілася, або пераследуецца памылковым падазрэннем,
15 хай прывядзе ён яе да святара і складзе ў ахвяру за яе дзесятую частку эфы мукі ячменнай. Хай не вылье на яе алею, ані пакладзе кадзіла, бо гэта ахвяра падазрэння, ахвяра, што мае выявіць віну.
16 Такім чынам хай прывядзе яе святар і паставіць перад Госпадам;
17 і хай возьме ён святой вады ў гліняным посудзе і трошкі зямлі з падлогі скініі і ўкладзе ў ваду.
18 І калі паставіць святар жанчыну перад Госпадам, ён мае агаліць галаву яе і пакласці на яе рукі ахвяру выяўлення, або падазрэння; ваду ж найгарчэйшую, у якой ён злучыў праклён з закляццем, святар будзе трымаць у руцэ.
19 Тады закляне жанчыну і скажа ёй: “Калі чужы мужчына не ляжаў з табой, і калі не адхілілася ты ад свайго мужа і не апаганілася на пустым ложку мужа, тады вада найгарчэйшая, у якой я злучыў праклёны, не прынясе табе шкоды,
20 калі, аднак, адхілілася ты ад свайго мужа, і апаганілася, і лягла з іншым мужчынам, а не твой муж ляжаў з табой, —
21 тады святар пракляне жанчыну прысягай праклёну: “Хай аддасць цябе Госпад праклёну і клятве ў народзе тваім; ды хай чэзне ўлонне тваё і апухне жывот твой.
22 Хай вада праклёну пранікне ў нутро тваё, каб апух жывот твой ды апала ўлонне тваё”. І жанчына адкажа: “Амін, амін”.
23 І хай напіша святар на скрутку гэтыя праклёны, а пасля змые іх вадою найгарчэйшаю,
24 і дасць выпіць жанчыне горкую ваду, у якую ён сабраў праклёны, і хай пранікне ў яе вада праклёну, што спрычыніць горкі боль;
25 хай возьме святар з рук жанчыны ахвяру падазрэння, і ўзніме яе перад Госпадам, і складзе яе на ахвярнік;
26 хай возьме з яе поўную жменю ахвяры, што прыносіцца на памяць, і хай спаліць яе на ахвярніку; а затым хай дасць жанчыне выпіць вады найгарчэйшай.
27 Калі вып’е жанчына яе, то калі абвінавачваная ў чужаложстве, яна сапраўды сябе абняславіла, занядбаўшы мужа свайго, хай вада праклёну пранікне ў яе, выклікаючы горкі боль. Улонне яе ападзе, і жывот апухне, і хай будзе тая жанчына праклятаю ва ўсім народзе сваім.
28 Калі тая жанчына не абняславіла сябе, але была чыстай, то хай застанецца непашкоджанай і хай нараджае дзяцей”».
29 Гэта закон адносна падазрэння, калі жонка адхіліцца ад свайго мужа і абняславіць сябе
30 і калі муж яе, пабуджаны духам рэўнасці, прывядзе яе да аблічча Госпада, а святар споўніць для яе ўсё, што прадпісана;
31 хай муж яе будзе без віны, а тая жонка хай адкажа за грэх свой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 5 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.