Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 20 Лічбаў 20 раздзел

1 У першы месяц сыны Ізраэля і ўся супольнасць прыбылі ў пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэсе. І там памерла Мірыям, і была яна пахавана ў тым самым месцы.
2 І, калі ў народа не было вады для піцця, выступілі яны супраць Майсея і Аарона,
3 і, усхваляваўшыся, яны казалі: «Лепш бы мы загінулі разам з братамі нашымі перад Госпадам!
4 Навошта вывелі вы супольнасць Госпадаву ў пустыню, каб мы разам з нашай жывёлай загінулі?
5 Навошта вы прымусілі нас выйсці з Егіпта і завялі нас у гэтае месца найгоршае, дзе сеяць нельга, дзе фігавае дрэва не расце, ані вінаград, ані дрэвы гранатавыя, і нават вады няма для піцця?»
6 Майсей і Аарон, адышоўшы ад натоўпу, прыйшлі да ўваходу ў палатку сустрэчы і ўпалі ніц на зямлю, і з’явілася слава Госпадава над імі.
7 І сказаў Госпад Майсею, кажучы:
8 «Вазьмі кій, і ты, і Аарон, брат твой, збярыце народ і скажыце скале, што перад вамі, а яна дасць вады. І калі пацячэ з яе вада, прывядзі грамаду і яе жывёлу».
9 Дык Майсей па загадзе Госпада ўзяў кій, што быў перад абліччам Госпада, як Ён загадаў яму.
10 Майсей і Аарон сабралі народ перад скалою і сказалі яму: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесці ваду для вас?»
11 І калі ўзняў Майсей руку, ударыўшы кіем два разы ў скалу, выйшлі воды найбагацейшыя, так што напіўся і народ, і жывёла.
12 І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «За тое, што не паверылі вы Мне, каб выявіць Маю святасць перад сынамі Ізраэля, не ўвядзеце гэтых людзей у зямлю, якую Я даў ім».
13 Гэта вада Мэрыбы, дзе ўзбунтаваліся сыны Ізраэля супраць Госпада і дзе Ён выявіў Сваю святасць перад імі.
14 З Кадэса паслаў Майсей паслоў да цара Эдома, каб яны сказалі: «Так кажа брат твой, Ізраэль: “Ты ведаеш усе беды, якія ахапілі нас,
15 калі перабраліся бацькі нашы ў Егіпет і мы пражылі там шмат часу, і як егіпцяне вынішчалі нас і бацькоў нашых,
16 і як мы клікалі Госпада, і як выслухаў Ён нас, і паслаў Анёла, Які вывеў нас з Егіпта. І вось мы ў горадзе Кадэсе, што знаходзіцца пры межах тваіх, размясціліся
17 і просім, каб нам дазволена было прайсці праз зямлю тваю: не пойдзем мы праз палі і вінаграднікі, і не будзем піць ваду са студняў тваіх; але пойдзем дарогай царскай, не адхіляючыся ані ў правы, ані ў левы бок, пакуль не мінём межаў тваіх”».
18 Адказаў ім Эдом: «Не ідзі праз мяне, бо перайму цябе са зброяй».
19 І сказалі сыны Ізраэля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду, мы і жывёла наша, заплацім, што належыць: не будзе ніякай цяжкасці з платай; мы толькі хутка пройдзем».
20 Але Эдом адказаў: «Не пройдзеце!» І адразу выйшаў Эдом супраць іх з безліччу войска і добра ўзброены,
21 і забараніў Эдом Ізраэлю, каб ён пераходзіў межы яго; дык Ізраэль накіраваўся ў іншы бок ад яго.
22 І калі яны зняліся з лагера з Кадэса, яны прыбылі пад гару Гор, дзе
23 сказаў Госпад Майсею і Аарону, — там, на гары Гор, што знаходзіцца на мяжы зямлі Эдома:
24 «Хай Аарон, — сказаў Ён, — будзе далучаны да народа свайго, бо ён не ўвойдзе ў зямлю, якую Я даў сынам Ізраэля, таму што вы бунтавалі супраць волі Маёй ля водаў Мэрыбы.
25 Вазьмі Аарона і сына яго Элеязэра і завядзі іх на гару Гор.
26 І калі здымеш з бацькі адзенне яго, апрані ў яго Элеязэра, сына яго: Аарон хай адыдзе і там памрэ».
27 Майсей зрабіў, як Госпад загадаў; узышлі яны на гару Гор у прысутнасці ўсёй супольнасці.
28 І калі Аарон скінуў шаты свае, ён апрануў у іх Элеязэра, сына яго. Калі памёр Аарон на вяршыні гары, Майсей з Элеязэрам сышлі ўніз.
29 А калі ўся супольнасць Ізраэля ўбачыла, што памёр Аарон, плакаў аб ім увесь дом Ізраэля трыццаць дзён.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 20 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.