Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 23 Лічбаў 23 раздзел

1 Тады сказаў Балаам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй мне столькі ж быкоў і такую ж колькасць бараноў».
2 І калі Балак зрабіў так, як яму сказаў Балаам, паклалі яны па быку і баране на кожны ахвярнік.
3 І сказаў Балаам Балаку: «Пастой каля цэласпалення свайго, а я пайду, можа, мяне спаткае Госпад; і што мне загадае, скажу табе». І, калі ён узышоў на лысы ўзгорак,
4 спаткаў яго Бог. І сказаў Яму Балаам: «Паставіў я сем ахвярнікаў і на кожны ахвярнік узнёс быка і барана».
5 Тады Госпад уклаў словы ў вусны яго і сказаў: «Вярніся да Балака і гэта скажы».
6 Вярнуўшыся, Балаам знайшоў Балака, што стаяў каля цэласпалення свайго, і ўсіх князёў маабскіх;
7 і сказаў ён сваё прароцтва, кажучы: «З Арама прывёў мяне Балак, з гор усходніх, цар Мааба. “Прыйдзі, — кажа, — і пракляні мне Якуба! Паспяшай і навядзі няшчасце на Ізраэль!”
8 Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як жа магу хацець каму зла, калі Бог не хоча?
9 Я бачу яго з вяршыняў скал, і з узгоркаў гляджу на яго: вось народ, што жыве асобна і сярод народаў не лічыцца.
10 І хто можа злічыць пыл Якуба, і хто палічыць пясок Ізраэля? Хай памрэ душа мая смерцю справядлівых і хай будзе мой канец падобны да іх».
11 Сказаў тады Балак Балааму: «Што гэта, што ты робіш? Я цябе паклікаў, каб праклясці ворагаў маіх, а ты, наадварот, дабраслаўляеш іх!»
12 І адказаў яму Балаам: «Ці магу я што іншае казаць, акрамя таго, што загадаў мне Госпад?»
13 Тады сказаў Балак: «Пойдзем са мной на другое месца, адтуль толькі частку Ізраэля ўбачыш, а ўсяго не зможаш убачыць; адтуль будзеш яго праклінаць».
14 І калі завёў ён яго на Поле Вартаўнікоў, на вяршыню гары Пісгі, паставіў ён там сем ахвярнікаў і паклаў на кожны па быку і баране.
15 Тады сказаў Балаам Балаку: «Пастой тут каля свайго цэласпалення, а я пайду насустрач Госпаду».
16 Калі яго спаткаў Госпад і ўклаў словы ў вусны яго, Ён сказаў: «Вяртайся да Балака і гэта скажаш яму».
17 Вярнуўшыся, знайшоў Балака, што стаяў ля цэласпалення свайго, і князёў Мааба з ім. І звярнуўся да яго Балак: «Што гаварыў табе Госпад?»
18 А ён аб’явіў сваё прароцтва, кажучы: «Устань, Балак, і настаў вуха, слухай, сыне Сэфора!
19 Бог — гэта не чалавек, каб падманваць, і не як сын чалавечы, каб памыляцца. Ці ж Ён скажа і не здзейсніць?
20 Дабраславіць прывёў Ён мяне, і я не магу забараніць дабраславенне.
21 Не відаць няшчасця ў Якуба і не відаць гора ў Ізраэля. Госпад, Бог яго, з ім, і трубны царскі гук у ім.
22 Бог вывеў яго з Егіпта. Ён для іх — як рогі буйвала.
23 Няма варажбы ў Якуба, ані прадказанняў у Ізраэля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраэлю, што зрабіў Бог.
24 Вось, народ, як ільвіца, падымаецца, і, як леў, устае; ён не ляжа, пакуль не з’есць здабычу і пакуль не нап’ецца крыві забітых».
25 І сказаў Балак Балааму: «Ані праклінай яго, ані дабраслаўляй!»
26 А Балаам кажа: «Ці ж я табе не казаў: што мне Госпад загадае, тое мушу рабіць».
27 І кажа Балак яму: «Пойдзем, я завяду цябе на іншае месца, можа, спадабаецца Богу, што адтуль праклянеш яго?»
28 І, калі ён завёў яго на вяршыню гары Пэгор, што звернута ў бок пустыні,
29 сказаў яму Балаам: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй столькі ж быкоў і такую ж колькасць бараноў».
30 І зрабіў Балак, як яму сказаў Балаам, паклаў быкоў і бараноў на кожны асобны ахвярнік.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 23 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.