Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Лічбаў 18 Лічбаў 18 раздзел

1 І сказаў Госпад Аарону: «Ты, і сыны твае, і дом бацькі твайго з табой, будзеце адказныя за правіннасць адносна скініі; ты і сыны твае будзеце адказныя таксама за грахі вашага святарства.
2 Але вазьмі сабе таксама братоў сваіх з пакалення Леві, племя бацькі твайго, хай будуць яны пры табе і хай служаць табе; а ты і сыны твае служыце пры палатцы сустрэчы.
3 І хай левіты рупяцца аб загадах тваіх і аб усіх справах скініі, так, каб не набліжацца да прыналежнасцей свяцілішча і да ахвярніка, каб яны не памерлі, і яны, і вы разам з імі таксама.
4 Яны ж хай будуць з табою і хай рупяцца аб ахове палаткі сустрэчы і аб усёй службе ў ёй; ніводзін чужынец не можа набліжацца да вас.
5 Вы рупцеся аб абслугоўванні скініі і аб абслугоўванні ахвярніка, каб не ўзгарэўся зноў гнеў на сыноў Ізраэля.
6 Узяў Я братоў вашых, левітаў, з грамады сыноў Ізраэля і аддаў іх як дар Госпаду, каб спаўнялі службу ў палатцы сустрэчы.
7 А ты і сыны твае захоўвайце святарства ваша і ва ўсім, што тычыцца ўбрання ахвярніка і месца за заслонаю, служыце. Даю Я вам дар службы святарства, а калі хто чужы наблізіцца, пакараны будзе смерцю».
8 І казаў Госпад Аарону: «Вось, Я даручаю табе нагляд за дарамі Маімі. Усё, што пасвячаецца сынамі Ізраэля, Я перадаю табе і сынам тваім за служэнне святарскае як закон вечны.
9 Такім чынам, з дароў найсвяцейшых, за выключэннем таго, што будзе спалена, вазьмі наступнае: кожны дар і ахвяру за грэх і злачынства, што аддаецца Мне, як рэчы найсвяцейшыя, хай будуць яны належаць табе і сынам тваім.
10 У свяцілішчы павінен ты іх есці; толькі мужчыны могуць есці гэта, бо гэта святыня для цябе.
11 Каштаванне дароў, якія сыны Ізраэля склалі дзеля паднашэння, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім як закон вечны; кожны чысты ў доме тваім хай спажывае іх.
12 Табе Я даю ўсё, што лепшае з алею, з віна і са збожжа, усё, што сыны Ізраэля прыносяць Госпаду як першыя плады.
13 Усе пяршыні пладоў, якія родзіць зямля і якія прыносяцца Госпаду, хай пойдуць табе на ўжыванне: кожны, хто чысты ў доме тваім, хай іх спажывае.
14 Усё, што заклятае ў Ізраэлі, хай тваім будзе.
15 Усё жывое, што першым раскрывае ўлонне маці, што прыносіцца ў ахвяру Госпаду, ці з людзей, ці з жывёлы, хай тваім будзе па праве; зрабі так, каб было выкуплена першароднае ад чалавека і ўсякая жывёла, што з’яўляецца нячыстай.
16 Выкуп гэтага хай бярэцца праз адзін месяц па нараджэнні ў пяць сікляў срэбра па вазе святыні; сікль мае дваццаць гераў.
17 А першароднае каровы, або авечкі, або казы не выкупляй, бо яны прысвечаны Госпаду; толькі кроў іх вылі на ахвярнік, а тлушч іх спалі дзеля паху, найпрыемнейшага Госпаду.
18 Мяса ж хай пойдзе табе на ўжыванне, так, хай тваімі будуць грудзінка ўзнятая і правая лапатка.
19 Усе каштаванні святыя, якія ахвяруюць сыны Ізраэля Госпаду, Я даю табе, і сынам, і дочкам тваім як закон вечны: гэта вечны закон солі перад Госпадам для цябе і дзяцей тваіх».
20 І казаў Госпад Аарону: «У зямлі іх не будзеце мець ніякай уласнасці, і не будзеце мець між імі часткі зямлі: Я — частка твая і спадчына твая ў грамадзе сыноў Ізраэля.
21 А сынам Леві даю Я як спадчыну ўсе дзесяціны Ізраэля за служэнне, якое яны выконваюць для Мяне ў палатцы сустрэчы,
22 каб не набліжаліся больш да палаткі сустрэчы і каб не дапусціліся граху аж да смерці.
23 Адны толькі левіты могуць выконваць служэнне ў палатцы сустрэчы і адказваць за грахі народа; гэта хай будзе закон вечны для пакаленняў вашых; хай не будуць яны мець спадчыны ў грамадзе сыноў Ізраэля.
24 Бо Я даў левітам у спадчыну дзесяціны, якія сыны Ізраэля ахвяроўваюць Госпаду». Акрамя таго, сказаў Я ім: «У грамадзе сыноў Ізраэля не будзеце вы мець уласнасці».
25 І гаварыў Госпад Майсею, кажучы:
26 «Аб’яві левітам і скажы ім: “Калі вы атрымаеце дзесяціны ад сыноў Ізраэля, якія Я даў вам у спадчыну, то вы павінны ўзняць каштаванне іх для Госпада, гэта значыць дзесятую частку ад дзесяці,
27 каб было вам залічана за каштаванне як тое, што з палёў, так і тое, што з давільняў.
28 Так з усяго, з чаго вы атрымліваеце пяршыні ад сыноў Ізраэля, вы павінны ўзносіць Госпаду: павінны даць Аарону святару.
29 Усё, што атрымліваеце з дзесяцін, выдзеліце ў дар Госпаду; хай будзе ён найлепшы і адборны”.
30 І скажы ім: “Калі вы зложыце ў ахвяру з дзесяцінаў усё адборнае і найлепшае, то будзе вам залічана, як быццам вы аддалі плады з тока і давільні;
31 і можаце гэта есці на кожным вашым месцы, як вы, так і сем’і вашы, бо гэта плата за вашу службу ў палатцы сустрэчы.
32 І не грашыце ў гэтым, зберагаючы для сябе адборнае і тлустае, каб не апаганіць ахвяры сыноў Ізраэля і не памерці”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лічбаў, 18 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.