Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Лікі 18 Лікі 18 раздзел

1 І сказаў Гасподзь Аарону: ты і сыны твае і дом бацькі твайго з табою панесяце на сабе грэх за нядбальства ў сьвятыні; і ты і сыны твае з табою панесяце на сабе грэх за няўпраўнасьць у сьвятарстве вашым.
2 Гэтак сама і братоў тваіх, племя Лявіінага, род бацькі твайго, вазьмі сабе: няхай яны будуць пры табе і служаць табе, а ты і сыны твае з табою будзеце пры скініі адкрыцьця;
3 няхай яны правяць службу табе і службу ва ўсёй скініі; толькі каб не падыходзілі да рэчаў сьвятыні і да ахвярніка, каб не памерці і ім і вам.
4 Няхай яны будуць пры табе і правяць службу ў скініі сходу, усю працу ў скініі; а староньні не павінен набліжацца да вас.
5 Так чынеце службу ў сьвяцілішчы і каля ахвярніка, каб ня было больш гневу на сыноў Ізраілевых;
6 бо братоў вашых, лявітаў, Я ўзяў з сыноў Ізраілевых і даў іх вам, у дарунак Госпаду, дзеля ўчыненьня службы пры скініі сходу;
7 і ты і сыны твае з табою захоўвайце сьвятарства вашае ва ўсім, што належыць ахвярніку, і што ўсярэдзіне за заслонаю, і служэце; Я даю вам у дарунак службу сьвятарства, а староньні, які возьмецца, аддадзены будзе сьмерці.
8 І сказаў Гасподзь Аарону: вось, Я даручаю табе сачыць за паднашэньнямі Мне; з усяго, што пасьвячаецца сынамі Ізраілевымі, Я дам табе і сынам тваім, дзеля сьвятарства вашага, статутам вечным;
9 вось, што належыць табе са сьвятыняў вялікіх, з таго, што паліцца: любое прынашэньне іхняе хлебнае, і ўсякая ахвяра іхняя за грэх, і кожная іхняя ахвяра за віну, што яны прынясуць Мне; гэта вялікая сьвятыня табе і сынам тваім.
10 На самым сьвятым месцы ежце гэта; усе мужчынскага полу могуць есьці; гэта сьвятыняю і будзе табе.
11 І вось, што табе з паднесеных дароў іхніх: усе паднашэньні сыноў Ізраілевых Я даў табе і сынам тваім і дочкам тваім з табою, статутам вечным; усякі чысты ў доме тваім можа есьці гэта.
12 Усё найлепшае з алею і ўсё найлепшае зь вінаграду і хлеба, пачаткі іх, якія яны даюць Госпаду, Я аддаў табе;
13 усе першыя ўтворы зямлі іхняй, першыя яны прынясуць Госпаду, хай будуць твае; кожны чысты ў доме тваім можа есьці гэта.
14 Усё заклятае ў зямлі Ізраілевай хай будзе тваё.
15 Усё, што размыкае сьцёгны ў кожнай плоці, якую прыносяць Госпаду, зь людзей і з быдла, хай будзе тваё; толькі першынец зь людзей павінен быць выкуплены, і першароднае з быдла нячыстага павінна быць выкуплена;
16 а выкуп за іх: пачынаючы з аднаго месяца, паводле ацэнкі тваёй, бяры выкуп пяць сікляў срэбра, па сіклі сьвяшчэнным, які ў дваццаць гераў;
17 а за першароднае з валоў і за першароднае з авечак і за першароднае з коз не бяры выкупу: яны сьвятыня; крывёю іх акрапляй ахвярнік і тлушч зь іх палі ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду;
18 а мяса іх табе належыць, гэтаксама як і грудзіна паднашэньня — правая лапатка табе належыць.
19 Усе ахвярныя сьвятыні, якія падносяць сыны Ізраілевыя Госпаду, аддаю табе і сынам тваім і дочкам тваім з табою, статутам вечным; гэта запавет солі вечны перад Госпадам, дадзены табе і нашчадкам тваім з табою.
20 І сказаў Гасподзь Аарону: у зямлі іхняй ня будзеш мець надзелу і долі ня будзе з табою сярод іх; Я доля твая і надзел твой сярод сыноў Ізраілевых;
21 а сынам Лявіі, вось, Я даў у надзел дзесяціну з усяго, што ў Ізраіля, за службу іхнюю, за тое, што яны правяць службы ў скініі сходу;
22 і сыны Ізраілевыя не павінны больш падыходзіць да скініі сходу, каб не панесьці грэху і не памерці:
23 няхай лявіты правяць службы ў скініі сходу і нясуць на сабе грэх іхні. Гэта статут вечны ў роды вашыя; а сярод сыноў Ізраілевых яны не атрымаюць долі;
24 а як што дзесяціну сыноў Ізраілевых, якую яны прыносяць у паднашэньне Госпаду, Я аддаю лявітам у надзел, таму і сказаў Я ім: сярод сыноў Ізраілевых не атрымаюць яны долі.
25 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
26 абвясьці лявітам і скажы ім: калі брацьмеце ў сыноў Ізраілевых дзесяціну, якую Я даў вам у долю, дык падносьце зь яе паднашэньне Госпаду, дзесяціну зь дзесяціны, —
27 і ўскладзена будзе на вас гэта паднашэньне, як хлеб з гумна і як узятае з чавільні;
28 так і вы будзеце падносіць паднашэньне Госпаду з усіх дзесяцін вашых, якія брацьмеце ў сыноў Ізраілевых, і будзеце даваць зь іх паднашэньне Гасподняе Аарону сьвятару;
29 з усяго, што даруецца вам, падносьце паднашэньне Госпаду, з усяго найлепшага, што асьвячаецца.
30 І скажы ім: калі вы прынесяце з гэтага найлепшае, дык гэта ўскладзена будзе на лявітаў, як тое, што атрымліваецца з гумна і што атрымліваецца з чавільні;
31 вы можаце есьці гэта ў любым месцы, вы і сем’і вашыя, бо гэта вам плата за працу вашую ў скініі сходу;
32 і не панесяце за гэта грэху, калі прынесяце найлепшае з гэтага; і таго, што пасьвячаецца сынамі Ізраілевымі, не апаганьце, і не памраце.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Лікі, 18 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.