Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Лікі 35 Лікі 35 раздзел

1 І сказаў Гасподзь Майсею на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана насупраць Ерыхона, кажучы:
2 загадай сынам Ізраілевым, каб яны з надзелаў валоданьня свайго далі лявітам гарады для жыхарства; і палі пры гарадах з усіх бакоў дайце лявітам.
3 Гарады будуць ім для жыхарства, а палі будуць для быдла іхняга і для маёмасьці іхняй і для ўсіх жыцьцёвых патрэбаў іхніх.
4 Палі каля гарадоў, якія вы павінны даць лявітам, ад сьцяны горада павінны прасьцірацца на дзьве тысячы локцяў, ва ўсе бакі.
5 І адмерце за горадам на ўсходні бок дзьве тысячы локцяў, і на паўднёвы бок дзьве тысячы локцяў, а пасярэдзіне горад: такія будуць у іх палі каля гарадоў.
6 З гарадоў, якія вы дасьце лявітам, будуць шэсьць гарадоў пад сховы, у якія вы дазволіце ўцякаць забойцу; і звыш іх дайце сорак два гарады.
7 Усіх гарадоў, якія вы павінны даць лявітам, будзе сорак восем гарадоў, з палямі каля іх.
8 І калі будзеце даваць гарады з валоданьня сыноў Ізраілевых, тады з большага дайце больш, зь меншага менш; кожнае племя, гледзячы па надзеле, які атрымае, павінна даць з гарадоў сваіх лявітам.
9 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
10 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы пяройдзеце празь Ярдан у зямлю Ханаанскую,
11 выберце сабе гарады, якія былі б у вас гарадамі пад сховы, куды мог бы ўцячы забойца, які забіў чалавека ненаўмысна.
12 І будуць у вас гарады гэтыя сховішчам ад помсьніка, каб ня быў забіты забойца, перш чым ён стане перад супольствам на суд.
13 А гарадоў, якія вы павінны даць, гарадоў-сховішчаў, павінна быць у вас шэсьць.
14 Тры гарады дайце па гэты бок Ярдана, і тры гарады дайце ў зямлі Ханаанскай; гарадамі-сховішчамі павінны быць яны.
15 Сынам Ізраілевым і прыхадням і пасяленцам сярод вас будуць гэтыя шэсьць гарадоў сховішчам, каб уцякаць туды кожнаму, хто забіў чалавека ненаўмысна.
16 Калі хто ўдарыць каго жалезнай прыладай, так што той памрэ, — дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.
17 І калі хто ўдарыць каго з рукі каменем, ад якога можна памерці, так што той памрэ, — дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.
18 Альбо, калі драўлянай прыладай, ад якое можна памерці, ударыць з рукі так, што той памрэ, — дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.
19 Помсьнік за кроў сам можа забіць забойцу; як толькі спаткае таго, сам можа ўсьмерціць яго.
20 Калі хто штурхне каго зь нянавісьці, альбо наўмысна кіне на яго што-небудзь, так што той памрэ,
21 альбо з варожасьці ўдарыць яго рукою, так што той памрэ: дык таго, хто ўдарыў, трэба аддаць сьмерці, — ён забойца; помсьнік за кроў можа ўсьмерціць забойцу, як толькі спаткае яго.
22 Калі ж ён штурхне яго незнарок, без варожасьці, альбо кіне на яго што-небудзь без намыслу,
23 альбо які-небудзь камень, ад якога можна памерці, ня бачачы ўпусьціць на яго, так што той памрэ, але ён ня быў ворагам яму і не хацеў яму благога:
24 дык супольства павінна рассудзіць забойцу і помсьніка за кроў паводле гэтых пастановаў;
25 і павінна супольства ўратаваць забойцу ад рукі помсьніка за кроў, і павінна вярнуць яго супольства ў горад сховішча ягонага, куды ён уцёк, каб ён жыў там да сьмерці вялікага сьвятара, які памазаны сьвяшчэнным алеем.
26 Калі ж забойца выйдзе за мяжу горада-сховішча, у які ён уцёк,
27 і знойдзе яго помсьнік за кроў па-за межамі горада схову ягонага, і заб’е забойцу гэтага помсьнік за кроў, дык ня будзе на ім віны праліцьця крыві.
28 Бо той павінен быў жыць у горадзе схову свайго да сьмерці вялікага сьвятара; а пасьля сьмерці вялікага сьвятара павінен быў вярнуцца забойца ў зямлю валоданьня свайго.
29 Хай будзе гэта ў вас устаноўлена законам у роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых.
30 Калі хто заб’е чалавека, дык забойцу трэба забіць па словах сьведак; але аднаго сьведкі недастаткова, каб засудзіць на сьмерць.
31 Не бярэце выкупу за душу ўбойцы, які заслужыў сьмерці, ён сьмерцю памрэ.
32 І не бярэце адкупу за таго, хто ўцёк у горад схову, каб яму дазволіць жыць у зямлі сваёй да сьмерці вялікага сьвятара.
33 Не апаганьвайце зямлі, на якой вы будзеце жыць; бо кроў апаганьвае зямлю, і зямля ня йнакш ачышчаецца ад пралітай на ёй крыві, як крывёю таго, хто праліў яе.
34 Нельга апаганьваць зямлю, на якой вы жывяце, сярод якое жыву Я; бо Я Гасподзь жыву сярод сыноў Ізраілевых.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Лікі, 35 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.