Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лікі 35 Лікі 35 раздзел

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея на раўнінах Мааву каля Ярдану насупраць Ерыхону, кажучы:
2 «Загадай сынам Ізраіля, каб далі лявітам са спадчыны сваёй гарады, у якіх яны б жылі, і пашы кругом гарадоў дайце лявітам.
3 У гарадах яны будуць жыць, а пашы будуць для быдла іхняга, для статку іхняга і для ўсёй жывёлы іхняй.
4 І будуць пашы гарадоў, якія дасьцё лявітам, ад муроў гарадзкіх на тысячу локцяў наўкола.
5 Адмерайце за горадам дзьве тысячы локцяў з боку ўсходняга, дзьве тысячы локцяў з боку паўднёвага, дзьве тысячы локцяў з боку заходняга і дзьве тысячы локцяў з боку паўночнага, каб сам горад быў пасярэдзіне; гэта будуць пашы вакол тых гарадоў.
6 Гарады, якія дасьцё лявітам, [будуць] шэсьць гарадоў прыбежышча, каб забойца мог у іх схавацца, і апрача іх [яшчэ] сорак два гарады.
7 Усіх гарадоў, якія разам з пашамі дасьцё лявітам, будзе сорак восем.
8 Адносна гарадоў, якія дасьцё са спадчыны сыноў Ізраіля: ад шматлікага [пакаленьня] — большую [лічбу], ад малалікага — меншую. Кожнае [пакаленьне] паводле вялікасьці атрыманай спадчыны дасьць гарады свае лявітам».
9 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
10 «Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі пяройдзеце праз Ярдан у зямлю Ханаан,
11 выбярыце сабе гарады, якія будуць для вас прыбежышчам, уцячэ туды забойца, які выпадкова забіў душу.
12 І яны будуць вам гарадамі прыбежышча ад мсьціўцы [за кроў], і забойца не памрэ, пакуль ня стане перад грамадою на суд.
13 А гарадоў, якія дасьцё як гарады прыбежышча, будзе шэсьць.
14 Тры гарады дайце за Ярданам, а тры гарады — у зямлі Ханаан як гарады прыбежышча.
15 Для сыноў Ізраіля і для прыхадняў, і для тых, хто пасяліўся сярод вас, будуць тыя шэсьць гарадоў прыбежышча, каб [мог] у іх уцячы той, хто ненаўмысна забіў душу.
16 Калі чалавек ударыць іншага жалезам, і той памрэ, той, [хто ўдарыў], — забойца; забойца сьмерцю памрэ.
17 Калі чалавек ударыў камянём, якім можна забіць, і забіў, ён — забойца; забойца сьмерцю памрэ.
18 Калі чалавек паленам, якім можна забіць, так ударыў чалавека, што той памёр, ён — забойца, забойца сьмерцю памрэ.
19 Мсьціўца за кроў заб’е забойцу; дзе сустрэне яго, заб’е яго.
20 Калі хто з нянавісьці напаў на чалавека, або кінуў у яго штосьці з намерам забіць, і той памёр,
21 або калі хто ў злосьці ўдарыў рукою сваёй, і той памёр, той, хто ўдарыў, сьмерцю памрэ, бо ён — забойца; і мсьціўца за кроў заб’е яго, калі сустрэне.
22 А калі нехта выпадкова і бяз злосьці ўдарыў чалавека або кінуў у яго нечым ненаўмысна,
23 або, ня бачачы яго, пусьціў у яго камень, які можа забіць, і той памёр, але ён ня быў яго ворагам і ён не хацеў яму зла,
24 тады грамада павінна судзіць паміж тым, які ўдарыў, і мсьціўцам за кроў паводле судоў гэтых.
25 І выратуе грамада забойцу ад рукі мсьціўца за кроў і верне яго грамада ў горад прыбежышча, куды ён уцёк, і ён будзе там жыць да сьмерці сьвятара вялікага, які памазаны сьвятым алеем.
26 Калі ж забойца выйдзе за межы гораду прыбежышча, у які схаваўся,
27 і калі мсьціўца за кроў сустрэне яго па-за межамі гораду прыбежышча, і заб’е мсьціўца за кроў забойцу, ён ня мае [віны] за кроў.
28 Бо да сьмерці сьвятара вялікага павінен забойца быць у горадзе прыбежышча свайго. Пасьля сьмерці сьвятара вялікага можа ён вярнуцца ў зямлю спадчыны сваёй.
29 І будзе гэта для вас пастановай у-ва ўсе пакаленьні вашыя і ў-ва ўсіх месцах пражываньня вашага.
30 Кожны, хто забіў душу, на падставе [словаў] з вуснаў сьведкаў будзе забіты як забойца. Але адзін сьведка ня будзе асуджаць душу на сьмерць.
31 Не бярыце выкупу за душу забойцы, які варты сьмерці; ён сьмерцю памрэ.
32 Не бярыце выкупу за ўцёкшага ў горад прыбежышча, каб яму дазволіць жыць у зямлі сваёй перад сьмерцю першасьвятара.
33 Не паганьце зямлі пражываньня вашага, бо кроў паганіць зямлю, і ніяк ня можа быць перапрошана за кроў, пралітую на зямлю, як толькі праз кроў таго, хто праліў яе.
34 Не рабіце нячыстай зямлю, на якой будзеце жыць, бо Я буду жыць пасярод вас. Бо Я — ГОСПАД, Які жыву пасярод сыноў Ізраіля”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Лікі, 35 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.